Тацяна Хоміч паказала дэлегатам фота Марыі: «Паглядзіце на яе адкрыты, сумленны позірк і ўбачце тысячы палітвязьняў, якія сядзяць у турмах Беларусі толькі за тое, што выказалі сваю думку», — заклікала яна. Тацяна Хоміч расказала, што сотні вязьняў сядзяць у Беларусі за кратамі ў жахлівых умовах па сфабрыкаваных палітычных абвінавачаньнях, атрымліваюць вялікія турэмныя тэрміны за «неляяльнасьць да дзяржавы».
Яна нагадала, што на карту пастаўленая будучыня ўсёй нацыі, заклікала набрацца цярпеньня і ісьці да канца.
«Калі вы ня хочаце, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ, неабходна падтрымаць беларускі народ сёньня і цяпер», — сказала Тацяна Хоміч.
- Прэстыжная прэмія, названая ў гонар былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, была заснаваная ў 2013 годзе.
- Рада Эўропы прысуджае гэтую ўзнагароду за выдатную дзейнасьць у галіне абароны правоў чалавека актывістам грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе і па-за яе межамі.
- Яе самым першым ляўрэатам стаў стваральнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Ён за кратамі ад ліпеня 2021 за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), і «ўхіленьне ад выплаты падаткаў» (арт. 243 КК).
- Памер прэміі — 60 тысяч эўра.