Рашэньне аб зьмене ўмоваў адбыцьця пакараньня днямі ўхваліў суд Чыгуначнага раёну Гомля. На якой падставе суд прыняў такое рашэньне, пакуль невядома, бо суд быў закрытым, ён праходзіў 24 верасьня ў жаночай папраўчай калёніі ў Гомлі, дзе адбывала пакараньне Натальля Хершэ.
Сваякам у калёніі па тэлефоне інфармацыю пра рашэньне суду не далі. Пры гэтым сакратарка суду паведаміла, што «прадстаўленьне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволенае».
Брат палітзьняволенай Генадзь Касьян пісьмова зьвярнуўся да начальніка калёніі, каб высьветліць гэтае пытаньне. Паводле самой Натальлі Хершэ, яе пераводзяць у магілёўскую турму.
«Так, самая галоўная навіна. Мяне пераводзяць у магілёўскую турму. Я вельмі ўзрадавалася, калі яе мне абвясьцілі. Радая новаму месцу і новым людзям, а таксама новым парадкаў. Ня думаю, а дакладней не спадзяюся, што адміністрацыя турмы будзе паводзіць сябе больш ляяльна, але з усіх месцаў майго знаходжаньня ПК-4 – гэта самае горшае»,— піша Хершэ ў лісьце брату.
Натальля Хершэ ў гомельскай калёніі адмовілася шыць форму для сілавікоў, за што трапляла ў штрафны ізалятар і памяшканьне камэрнага тыпу. Яна абскарджвала ўмовы ўтрыманьня, таксама тройчы адмовілася пісаць заяву аб памілаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Гомлі прыняў рашэньне аб пераводзе грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ ў турмуКаго з палітвязьняў ссылалі ў магілёўскую «крытку»
У Магілёве знаходзіцца «крытая» турма №4, вядомая сярод іншага і тым, што там адбывалі зьняволеньне беларускія палітвязьні
У крытую магілёўскую турму і раней накіроўвалі вядомых палітычных вязьняў, сярод іншага за адмову пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. На турэмны рэжым вязьні трапляюць па выраку суду на тэрмін да трох гадоў.
У магілёўскай «крытцы» адбываў тэрмін былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, асуджаны ў 2011 годзе на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. У турму палітыка пераводзілі па рашэньні суду як злоснага парушальніка рэжыму са Шклоўскай ПК № 17.
У магілёўскай турме адбываў два з паловай гады свайго тэрміну (у 2012–2015 гадах) актывіст анархісцкага руху, палітвязень Мікалай Дзядок. Сюды яго перавялі як «злоснага парушальніка» са шклоўскай ПК-17. Малады чалавек быў асуджаны за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі на 4,5 года зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся біць мяне са словамі „Старасьць ня радасьць“». Мікалай Дзядок расказаў суду, як білі ў ГУБАЗіКуУ магілёўскую «крытку» зьмяшчалі і ўдзельніка «Плошчы-2010» Яўгена Васьковіча, які атрымаў 7 гадоў зьняволеньня за напад на будынак КДБ у Бабруйску. Палітвязьня перавялі ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму з магілёўскай калёніі № 15.
Якія ўмовы ў «крытай турме»
Яўген Васьковіч расказаў Свабодзе, што ў крытай турме ўмовы больш жорсткія.
«Цягам тыдня пасьля прыезду вязьня ставяць на строгі рэжым. Гэта значыць, дазволена толькі адна бандэроль (да 2 кіляграмаў) і адно кароткае спатканьне (2 гадзіны) на год. Атаварка таксама абмежаваная, пару базавых. Памятаю, што палову з гэтых грошай трэба было траціць на мыла, паперу для прыбіральні, станкі, крэмы для і пасьля галеньня. Другую частку можна было патраціць на што пажадаеш. Але звычайна не хапае тых ці іншых хадавых тавараў: гарбаты, цыгарэтаў, кіпяцільніка», — удакладняе ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вернемся, калі...» Гісторыі актывістаў, якія зьехалі зь Беларусі празь перасьледУ турме Яўген Васьковіч быў на прафіляктычным уліку як «схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў». Гэта значыць, што па-за межамі камэры павінен быў перасоўвацца толькі ў кайданках. А ў зоне (прынамсі, у 15-й калёніі) з такім прафулікам давалі чырвоную бірку.
«Рэжым такі, што хочаш ці не, але вучысься дамаўляцца з супрацоўнікамі: трэба зрабіць так, каб і атрымаць, што жадаеш, і ня даць таго, што хочуць яны. За парушэньні можна трапіць на „кічу“ (штрафны ізалятар), — кажа Яўген. — Там штрафны ізалятар знаходзіцца ў сутарэньні. Пры мне замест вакна стаялі тры „цаглінкі“ армаванага шкла, і замест чацьвёртага была доўгая труба. Сядзіш безь нічога: толькі вафэльны ручнічок, паста, шчотка, плястыкавы кубачак і мыла. На табе мусіць быць толькі танюткая кашуля, танюткія штаны і гумавыя сланцы. Кормяць тры разы на дзень, як паўсюль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарафеева пра магілёўскую турму: «Харчаваньне як у рэстаране»Паводле Яўгена Васьковіча, агулам на «кічах» у зоне і на крытай (большая частка на крытай) ён правёў 360 сутак. Але калі адвакатка запрошвала паперу пра колькасьць сутак, ёй зрабілі непраўдзівую выпіску, дзе было на 50 дзён менш, чым Яўген сапраўды адседзеў.
«Таму дакладна можна сказаць: калі хочаш, каб цябе не турбавалі міліцыянты і не зьневажалі, трэба быць гатовым „кіпішнуць“ і атрымаць за гэта пабоі ды чарговыя суткі „кічы“», — кажа Яўген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакараньне турмой... у турме, ці Аб праве вязьня на ўласную душу і целаНа «крытцы» Яўген Васьковіч быў увесь вызначаны для яго тэрмін — тры гады. Паводле суразмоўцы, адміністрацыя калёніі глядзіць, наколькі для яе небясьпечны той ці іншы вязень.
«Больш небясьпечных стараюцца доўга не трымаць у зоне і хутчэй пазбаўляюцца ад чалавека, сплаўляюць на крытую. Вывезьлі мяне за пастаяннае парушэньне раскладу: я адмаўляўся працаваць і адмаўляўся выконваць прыбіраньне, якое на мяне вешалі як пакараньне. Была стандартная працэдура: пазбавілі ўсяго да мінімуму (перадачы, атаварка, спатканьні), потым чатыры разы ў „кічы“, потым месяц памяшканьня камэрнага тыпу, суд — і на крытую», — падсумоўвае ён.
Чым адрозьніваецца турма ад калёніі
Жанчыны ў Беларусі «маюць перавагу» над мужчынамі толькі ў тым, што не падлягаюць вышэйшай меры — расстрэлу, і пажыцьцёваму зьняволеньню. У астатнім яны адбываць пакаранае ў такіх жа ўмовах, як і мужчыны. У тым ліку жанчынам могуць пагоршыць рэжым і перавесьці з калёніі, дзе можна больш-менш вольна хадзіць па тэрыторыі, у турму. Там жанчына будзе ўвесь час у памяшканьні — камэры.
Калёнія — гэта самае распаўсюджанае ў краіне месца адбыцьця пакараньня. У Беларусі цяпер 15 папраўчых калёній, зь іх толькі дзьве жаночыя: у Гомлі, дзе цяпер знаходзіцца Натальля Хершэ, і ў Рэчыцы. У іх вязьні ходзяць у сталовую, на працу, могуць выходзіць на закрытую тэрыторыю калёніі, а не знаходзяцца ўвесь час у камэры, як у турме.
У Беларусі тры турмы — у Гародні, Магілёве і Жодзіне. У турме, як і ў сьледчых ізалятарах, камэрная сыстэма. Гэта значыць, што вязьняў трымаюць у закрытых памяшканьнях цягам усяго дня, зь невялікім (гадзінным) выхадам на прагулку ў турэмны дворык. Калі ў сьледчым ізалятары трымаюць падазраваных, у дачыненьні да якіх ідуць сьледзтва ці суд, дык у турме сядзяць тыя вязьні, каго ўжо пакаралі судом да зьняволеньня, але вырашылі даць яшчэ і закрыты турэмны рэжым за парушэньні падчас адбываньня пакараньня.
Хто такая Натальля Хершэ:
7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».
На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.
Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.
На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.
У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.
За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.
Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.
Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.
Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.
51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.