Як беларусы ставяцца да міграцыйнага крызісу, штучна створанага беларускімі ўладамі? Чаго хоча Лукашэнка ад новай Канстытуцыі і хто яму перашкаджае? Які сэнс памілаваньня 13 палітвязьняў?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць заснавальнік і ўласьнік рэсурсу «Сильные новости» Пётар Кузьняцоў і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Карбалевіч
- Лукашэнка да канца ня вызначыўся, што ж рабіць з Канстытуцыяй.
- Кажучы пра неабходнасьць новай Канстытуцыі, ён увесь час паўтарае — мы ж абяцалі.
- Каму абяцалі? Выглядае, што толькі Расеі.
- Я прытрымліваюся вэрсіі, што падчас апошняга візыту Лукашэнкі ў Маскву пытаньне пра Канстытуцыю Беларусі абмяркоўвалася.
- У Расеі падчас сёлетніх выбараў ніякіх нечаканасьцяў ня здарылася, і ня ведаю, хто іх чакаў.
- Там усю палітычную прастору зачысьцілі ад прыхільнікаў Навальнага.
- Для афіцыйнай прапаганды тэма памілаваньня 13 палітвязьняў была ня надта актуальная, яна гэтую тэму ня надта пэдалявала.
- Захад гэтым крокам таксама ня ўразіўся. Надта мала было вызвалена людзей, з улікам таго, што колькасьць палітвязьняў набліжаецца да 700 і штодзень зьяўляюцца новыя.
- Ва ўладаў была магчымасьць пачаць гутарку з Захадам, калі б вызвалілі хаця б чалавек 100.
- Гэта магло б прадухіліць пяты пакет санкцыяў ЭЗ, асабліва калі б спынілі міграцыйны шантаж.
- Намэнклятура глядзіць БТ, слухае ўсе аргумэнты наконт мігранцкага крызісу.
- Але рэальныя эканамічныя санкцыі ўзьніклі толькі летам гэтага году, пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.
- Пяты пакет санкцыяў ЭЗ рыхтуецца відавочна ў адказ на міграцыйны крызіс.
- Лукашэнка сам правакуе эканамічныя санкцыі.
Кузьняцоў
- У Лукашэнкі і ва ўладзе наагул няма пэўнасьці, што рабіць з гэтым рэфэрэндумам і з гэтай Канстытуцыяй.
- Разьлік Лукашэнкі адпачатку быў на тое, каб выйграць час.
- Апошнія пару тыдняў размовы Лукашэнкі пра Канстытуцыю спыніліся з прычыны думскіх выбараў у Расеі.
- Менавіта напярэдадні гэтых выбараў Крэмль загаварыў з Лукашэнкам пра інтэграцыю, хоць летась гаварылі толькі пра Канстытуцыю.
- Памілаваньне атрымалася ў фармаце «ні два, ні паўтара» таму, што такое ж становішча ў беларускага рэжыму.
- Няма разьліку, што вызваленьне 13 чалавек можа паўплываць на пазыцыю Захаду.
- Але для ўладаў важна сканструяваць нейкі парадак дня для дыялёгу з Захадам.
- Для іх небясьпечная сытуацыя, калі яны сам-насам з Масквой.
- Больш шырокі жэст — вызваліць 50 ці 100 чалавек — улады сёньня проста ня могуць сабе дазволіць.
- Грамадзтва можа ўспрыняць гэта як прыкмету слабасьці і актывізавацца.
- А сілавікі могуць пакрыўдзіцца, маўляў, мы працуем, ловім і саджаем, а ён іх выпускае, а заўтра нас здасьць.
- Просты люд на фокусы зь мігрантамі круціць пальцам ля скроні.
- Ужо даўно такое стаўленьне да рэзкіх дзеяньняў беларускіх уладаў.
- Гэтак жа ставіліся да інцыдэнту з самалётам — што лухта гэта нейкая, што так ня робіцца палітыка.
- Але прызвычаіліся да такога эксцэнтрызму беларускага рэжыму і яго кіраўніка.
- «Што ён яшчэ выкіне?» — такую фразу я даволі часта чую.
- Я не назіраю з боку людзей, якія не жывуць у Фэйсбуку, вялікіх перасьцярогаў наконт санкцыяў.
- Людзі разважаюць так: «Я на заводзе атрымліваю 400 рублёў. Дык хто ў мяне іх адбярэ? Іх немагчыма адабраць, бо гэта і так мінімум».
- Гэтак жа ніхто не забярэ гарод і рыбалку.
- Для іх санкцыі — гэта тое, што закране бізнэсоўцаў, алігархаў і чыноўнікаў.
- Беларусы мігрантаў зусім не шкадуюць. Беларусам саміх сябе ня надта шкада.
- Мігранты для беларусаў — чужынцы.
- Узьнікла грамадзянская супольнасьць, дзе прысутнічае гуманізм, асэнсаваньне правоў чалавека.
- А маса звычайных беларусаў ставіцца да чужынцаў ня надта прыхільна.
- Да мігрантаў ставяцца не да як да пацярпелых, не як да ахвяраў, а як да халяўшчыкаў.
Што было раней
- Пасяджэньне Канстытуцыйнай камісіі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 28 верасьня. Пра гэта ён сам сказаў падчас нарады з кіраўніцтвам Савету міністраў.
- Паводле праўладнага тэлеграм-каналу «Пул первого», Лукашэнка незадаволены, што ягоныя падначаленыя «дачасна супакоіліся».
- «Заглухла пытаньне! Зрабілі некалькі крокаў — і супакоіліся! Перадача паўнамоцтваў прэзыдэнта, каб, не парушаючы Канстытуцыю, гэта зрабіць; перадача паўнамоцтваў ураду, мясцовым органам улады і гэтак далей», — пералічыў ён.
- Напярэдадні новага сьвята — Дня народнага адзінства — Лукашэнка памілаваў 13 палітвязьняў.
- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда з трыбуны ААН заклікаў вызваліць палітычных вязьняў у Беларусі і заявіў, што Польшча не саступіць у міграцыйным крызісе.