Разьбіраемся, як гэта адбіваецца на беларускай эканоміцы.
Ці паўплывае міграцыйны крызіс на гандаль?
ЭЗ, нягледзячы на крызіс у стасунках зь Беларусьсю, усё яшчэ застаецца адным з асноўных гандлёвых партнэраў. Напрыклад, са студзеня па чэрвень гэтага году Беларусь экспартавала тавараў:
- У Нідэрлянды — больш як на мільярд даляраў
- У Польшчу — на 936 мільёнаў даляраў
- У Літву — на 657 мільёнаў даляраў
- У Латвію — на 255 мільёнаў даляраў
- У Нарвэгію — на 82 мільёны даляраў
- У Эстонію — на 70 мільёнаў даляраў
Беларусь набыла тавараў у ЭЗ са студзеня па чэрвень:
- У Польшчы — на 570 мільёнаў даляраў
- У Францыі — на 177 мільёнаў даляраў
- У Нідэрляндах — на 155 мільёнаў даляраў
- У Швайцарыі — на 152 мільёны даляраў
- У Літве — на 122 мільёны даляраў
Апроч тавараў, Беларусь гандлюе з ЭЗ паслугамі. Так, за студзень-чэрвень Беларусь прадала сваіх паслуг:
- У Нямеччыну — на 263 мільёны даляраў
- У Літву — на 177 мільёнаў даляраў
- У Польшчу — на 149 мільёнаў даляраў
Беларусь набыла паслуг:
- У Літве — на 239 мільёнаў даляраў
- У Польшчы — на 109 мільёнаў даляраў
- У Нямеччыне — на 81 мільён даляраў
Наўпрост міграцыйны крызіс, на думку экспэртаў, не ўплывае на гандаль. Аднак яго так ці інакш могуць закрануць санкцыі.
«Эканамічны эфэкт праз санкцыі»
Мігранцкі крызіс пакуль не адбіўся на макраэканамічным узроўні, пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Могуць быць мікраэфэкты, бо мігранты жывуць у гасьцініцах, якія мелі праблемы яшчэ з пачатку пандэміі. На нейкім узроўні гэта спрыяе выручцы, — кажа Вадзім Іосуб. — Сумарны эфэкт ад гэтага ні на чым не адбіваецца ў пляне макраэканамічных паказчыкаў. Але цяпер ідзе падрыхтоўка да пятага пакету санкцый ЭЗ, які ўвязваюць зь мігранцкім крызісам. Ацаніць маштаб гэтых санкцый пакуль цяжка».
«Наступствы могуць каштаваць дорага»
На думку старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, уплыў на беларускую эканоміку можа быць сур’ёзны, бо тут закранаюцца «эўрапейскія інтарэсы».
«Будучыя наступствы могуць каштаваць нам даволі дорага. Мы бачым, што самыя сур’ёзныя санкцыі накладаюцца на Беларусь менавіта тады, калі дзеяньні ўлады пачынаюць датычыць непасрэдна эўрапейскіх партнэраў (згадаем кейс „боінга“ Ryanair). Таму, хоць мы пакуль ня можам нічога ведаць наперад, ёсьць небясьпека, што гэты крызіс стане прычынай увядзеньня дадатковых санкцый у дачыненьні да Беларусі», — мяркуе Леў Львоўскі.
2 верасьня стала вядома, што ЭЗ пачынае падрыхтоўку пятага пакету санкцый у дачыненьні да Беларусі. Адна з асноўных прычын увядзеньня новых санкцый — міграцыйны крызіс на межах ЭЗ, у якім вінавацяць беларускія ўлады.