Законапаслухмянасьць і пакора
Пастановай Міністэрства адукацыі № 183 зацьверджана праграма факультатыву для 5-6 клясаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Праграма разьлічана на 35 вучэбных гадзін. Мяркуецца, заняткі будуць раз на тыдзень.
Заяўленая ў дакумэнце мэта факультатыву — «фармаваньне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму навучэнцаў на аснове патэнцыялу хрысьціянскіх традыцый i каштоўнасьцяў беларускага народу».
У праграме ёсць філязофскія тэмы:
- «Духоўнае разуменьне сэнсу жыцьця. Айчына як сьвятое паняцьце. Непадзельнасьць любові да Бога, людзей, Радзімы».
- «Біблія — крыніца духоўных і маральных законаў, жыцьцёвы дапаможнік і дарадца».
- «Духоўнае разуменьне мэты і сэнсу адукацыі. Традыцыі кніжнасьці і адукацыі ў Беларусі. Добрыя якасьці навучэнцаў».
Шмат гадзін аддадзена вывучэньню хрысьціянскіх сьвятаў, да якіх дадалі тэмы «лагоднасьці», «законапаслухмянасьці», «пакоры».
- «Нараджэньне і ўвядзеньне ў храм Дзевы Марыі. Прасьвятая Багародзіца як апякунка зямлі беларускай. Багародзіца — прыклад сілы і пакоры. Любоў беларусаў да сьвятой Багародзіцы».
- «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля. Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы. Сумленнасьць і лагоднасьць як хрысьціянскія якасьці».
- «Раство Хрыстова як найвялікшая сусьветная падзея. Духоўная значнасьць Раства».
- «Хрышчэньне Гасподняе. Маральныя ўрокі сьвята. Шанаваньне законаў, законапаслухмянасьць як хрысьціянская добрая якасьць».
«Весьці факультатыў аб духоўна-маральнай культуры і патрыятызьме будуць настаўнікі — сьвятароў у школе няма»
«Гэтая праграма ў нечым перасякаецца з праграмай факультатыву „Асновы праваслаўнай культуры“, які раней зьявіўся ў праграмах. Так што ў некаторых настаўнікаў ужо ёсьць напрацоўкі», — запэўніла супрацоўніца аднаго з раённых аддзелаў адукацыі Менскай вобласьці, якая не пажадала называць сваё імя.
«А весьці яго будуць, вядома ж, настаўнікі, клясныя кіраўнікі — бацюшак жа няма ў школах. Можна залучаць настаўнікаў гісторыі геаграфіі, музыкі, выяўленчага мастацтва — гледзячы якія тэмы будуць вывучацца», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сын зьдзівіўся, што настаўніца не крычыць». Як дзеці беларусаў-уцекачоў вучацца за мяжойНа пытаньне, чаму не выкладаюцца асновы іншых рэлігій і канфэсій, чаму ўхіл робіцца на праваслаўе, чыноўніца аддзелу адукацыі адказала, што «школа — установа сьвецкая».
«Настаўнікі стараюцца прытрымлівацца такой пазыцыі — гавораць і пра іншыя рэлігіі. Але нават аб праваслаўі апавядаюць паводле расейскіх дапаможнікаў, якія рэкамэндуе Сынадальны аддзел рэлігійнай адукацыі Беларускай праваслаўнай царквы.
А хто распрацоўваў асновы каталіцкай культуры? Трэба, каб праграма была ўхваленая Міністэрствам адукацыі.
Аднак на гэтыя два факультатывы — „Асновы праваслаўнай культуры“ і „Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму“ — выказала жаданьне хадзіць невялікая колькасьць вучняў — прыкладна па 400 чалавек, нядаўна мы рабілі справаздачу. А ўсяго ў раёне 20 тысяч вучняў, вось і лічыце, якая доля ахвотных», — дадала чыноўніца. І запэўніла, што наведваньне факультатыву — справа добраахвотная, заганяць туды дзяцей ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе вучыцца школьніку за мяжой, каб не губляць сувязі зь Беларусьсю. Сабралі некалькі магчымасьцяў«Бацькі ставяцца прагматычна: для сваіх дзяцей выбіраюць мовы, матэматыку, праграмаваньне»
Пэдагог зь вялікім стажам спадарыня Вольга тлумачыць, што асноўным нарматыўным актам, якім кіруецца школа, зьяўляецца «Тыпавы вучэбны плян».
Для кожнай клясы ў дакумэнце прапісана абавязковая нагрузка і максымальна дапушчальная нагрузка на аднаго вучня (а сюды ўключаны ня толькі факультатывы, але і падтрымальныя і стымулюючыя заняткі).
«Можна зацьвердзіць шмат розных факультатываў самай рознай накіраванасьці, але рэальна бацькі падыходзяць да выбару прагматычна — для сваіх дзяцей часьцей выбіраюць мовы, матэматыку, праграмаваньне. Фактычна гэты факультатыў, «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», як і многія іншыя, застанецца незапатрабаваным (факультатывы не зьяўляюцца абавязковымі для вывучэньня)», — перакананая спадарыня Вольга.
Пэдагог зьвярнула ўвагу, што для 3–4 і для 5–6 клясаў у ліпені 2021 году зацьверджаны і факультатывы аб правах чалавека «Будучыня пачынаецца сёньня».
Пра новы факультатыў, дзе рэлігійнасьць пераплятаецца з патрыятызмам, настаўніца Вольга выказала такую думку:
«Што да зьместу і мэтаў, факультатывам любой рэлігійна-канфэсійнай прыналежнасьці ня месца ў школе, акрамя тых, дзе реалізаваны культуралягічныя і рэлігіязнаўчыя падыходы», — перакананая пэдагог.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі