Рэпартаж Свабоды са Смольгава, дзе два стагодзьдзі таму нарадзіўся выбітны паэт і краязнаўца Ўладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), а цяпер зьнікаюць апошнія памяткі пра знакамітую асобу.
З прычыны недастатковай колькасьці дзяцей сёлета закрылі базавую школу зь беларускай мовай навучаньня ў вёсцы Смольгава. А разам спыніў існаваньне і адзіны ў краіне музэй «лірніка вясковага», як паэт-краязнавец назваў сябе сам.
Адзіны аб’ект у Беларусі, які меў у назьве прозьвішча Ўладзіслава Сыракомлі, зьнік. Прынамсі на паперы. Няма доступу і на тэрыторыю школы, дзе знаходзіцца памятны камень, усталяваны на 180-годзьдзе славутага земляка.
Кадравы «некамплект»: прысуд гістарычнай спадчыне
Беларуская школа ў Смольгаве (колішні фальварак Смольгаў) на Любаншчыне апошнім часам суіснавала разам зь дзіцячым садком і мела досыць грувасткую назву: «Дзяржаўны вучэбна-пэдагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа імя Ўладзіслава Сыракомлі».
Кіраўніцтва да апошняга спрабавала адтэрмінаваць пагрозу ліквідацыі, якая рэальна навісла яшчэ некалькі гадоў таму пасьля замены статусу сярэдняй школы на базавую. Але «нерэнтабэльную» установу з трыма дзясяткамі выхаванцаў усё ж закрылі. Цяпер старэйшых дзяцей адвозяць у суседнюю Забалаць, а малых распусьцілі па хатах ці бацькі мусяць іх уладкоўваць у іншых вёсках.
У выніку фактычна беспрытульнай стала і адзіная на ўсю Беларусь экспазыцыя ў гонар паэта, перакладчыка, крытыка, краязнаўца, археоляга, сябра Віленскай археаграфічнай камісіі Ўладзіслава Сыракомлі. Для клапатліва сабраных артэфактаў трэба шукаць новы прытулак.
І гэта напярэдадні знакавай даты — у 2023-м прыхільнікі таленту неардынарнага чалавека будуць адзначаць ягоны 200-гадовы юбілей. Як кажа першы дырэктар Смольгаўскай школы Васіль Рудзько, які ў пачатку 1990-х і выступіў з ідэяй музэефікацыі славутага суайчыньніка, справай гонару было б адсьвяткаваць такую дату менавіта там, дзе «лірнік вясковы» зьявіўся на сьвет. Але недатрывалі.
«Так, закрылі, бо некамплект, — пацьвярджае суразмоўца. — А мне нават не паведамілі, хоць не апошні, здаецца, чалавек: сам будаваў, 30 гадоў таму ўзначаліў, арганізоўваў з выкладчыцай Надзеяй Скрыпнік экспазыцыю. Са словаў жонкі, якая да апошняга там працавала, музэй Сыракомлі нібыта пераедзе ў школу № 3 Любані. І тое збольшага таму, што дырэктарка Ірына Нямальцава калісьці ў мяне працавала завучам, дык ёй ня ўсё роўна. А што яшчэ з двума, этнаграфічным і роднага краю, дык і не абазнаны. Шкада, бо ўсё самі стваралі, зьбіралі па вёсках, адкуль дзеці хадзілі. І вось такі фінал...».
Ад 1 верасьня цагляны будынак у Смольгаве перадалі на балянс Забалацкай школы, куды перавялі дзяцей і кіраўніцтва якой абавязалі сачыць за захаваньнем пустой маёмасьці.
Днямі Васіль Рудзько атрымаў тэлефанаваньне ад тамтэйшага калегі, які паведаміў, што на паўтары стаўкі наняў двух вартаўнікоў. А гэта азначае, што вольны доступ на агароджаны аб’ект цалкам спыняецца. Адпаведна, і да памятнага каменя, усталяванага перад школай на 180-годзьдзе Ўладзіслава Сыракомлі. Аддаць пашану выбітнай асобе, пакласьці кветкі становіцца амаль нерэальна.
Цяпер да нязвыклага ў прывязцы да школы папярэджаньня на ганку «Курение запрещено» неўзабаве рызыкуе дадацца ня меней грознае «На территорию не входить». А што дакладна, дык гэта факт зьнікненьня адзінага матэрыяльнага аб’екту ў Беларусі, які меў у назьве прозьвішча Ўладзіслава Сыракомлі.
«Лірнік вясковы»: сымбаль беларускай шчырасьці
Жыцьцёвы шлях Уладзіслава Сыракомлі пачаўся 29 верасьня 1823 году ў фальварку Смольгаў на поўдні Менскай губэрні — цяпер гэта вёска Смольгава за паўтара дзясятка кілямэтраў ад райцэнтру Любані.
Пры нараджэньні ў касьцельных дакумэнтах значыўся як Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч — поўнае імя, адпаведнае шляхетнаму статусу. А паколькі старажытны род карыстаўся гербам «Сыракомля», у будучым геральдычны сымбаль і стаў пазнавальным псэўданімам.
Смольгаў будучы літаратар разам з бацькамі пакінуў зусім малым. Паводле біёграфаў, дзяцінства Людвіка прайшло «на колах» паміж фальваркамі, таму на ўсё сваё кароткае 39-гадовае жыцьцё ён застаўся адданым падарожнікам, запрашаючы ў вандроўкі і сваіх чытачоў. Так і набыў славу «лірніка вясковага» пад творчым абліччам Уладзіслава Сыракомлі.
Навучацца пачаў у гувэрнэраў, затым у павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясьвіжы. Калі расейскія ўлады, напалоханыя паўстаньнем 1830-1931 гадоў і пасеяным вальналюбствам, неўзабаве яе закрылі, давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку. У 17-гадовым узросьце стаў служыць у канцылярыі кіраўніцтва маёнткамі Радзівілаў. Зрэшты, да сваволі магнатаў ставіўся крытычна, пра што адкрыта напісаў у вершы «Труны Радзівілаў».
У 1844 годзе ў нясьвіскім касьцёле Божага Цела малады шляхціч пабраўся шлюбам з Паўлінай Мітрашэўскай, пасьля чаго сям’я пераехала ў фальварак Залуча на Стаўпеччыне. Менавіта тут пачаў творчыя экспэрымэнты, гучна дэбютаваўшы вершам «Паштар» (пасьля перакладу на расейскую драматычны аповед стаў народнай песьняй «Ямщик»).
Але здарылася жахлівая трагедыя: цягам тыдня ад хваробы памерлі тры маленькія дачкі. Успаміны не давалі заставацца далей, сужэнцы з адзіным ацалелым сынам Уладзікам пачалі плянаваць пераезд. Пад канец залучанскага пэрыяду паэт напісаў ідылію «Лірнік вясковы», якая стала праграмным творам. Аўтар атаясамліваў сябе з рамантычным вандроўным носьбітам народнай песьні, які натхнёна служыць сваёй старонцы. Так словы «Сыракомля» і «лірнік» сталі сынонімамі.
І ўсім, хто прыйдзе ў госьці,
Пакажуць крыж на пагосьце
Ды курганок са жвіру.
Скажуць гордыя словы:
«Tут наш лірнік вясковы!
Памёр, пеючы на ліры»...
Наступнай лякацыяй стала Вільня. Але, ня надта камфортна адчуваючы сябе ў вялікім горадзе, асірацелая сям’я атабарылася ў недалёкім фальварку Барэйкаўшчына, які за сымбалічныя грошы здаў граф Тышкевіч.
Тут адбываецца станаўленьне Ўладзіслава Сыракомлі як глыбокага і шматграннага аўтара. Абсяг ягоных інтарэсаў шырокі: лірычныя вершы і паэмы, народныя гутаркі і песьні, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гістарычна-літаратурныя дасьледаваньні і публіцыстычныя артыкулы, апавяданьні і фальклярысцкія працы. Апроч таго, перакладаў з лацінскай, францускай, нямецкай, ангельскай, гішпанскай, расейскай, украінскай моваў.
Многая з напісанага сёньня набывае асаблівую каштоўнасьць найперш адметнасьцю апісаньня свайго часу: «Кароткае дасьледаваньне мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі», паэма-гутарка «Дабрародны пан Дэмбарог», краязнаўчая кніга «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», лірычная мініятура «Ужо птушкі пяюць усюды», нарысы «Менск: беглы агляд сучаснага стану», «Нёман ад вытокаў да вусьця» ды іншыя.
У 1856 годзе літаратар упершыню выправіўся ў Варшаву, каб паказаць творы для сцэны — «Хатка ў лесе», «Граф на Ванторах», «Каспар Карлінскі», «Магнаты і сірата, або Соф’я, князёўна Слуцкая». Яго ўжо ведалі, прапаноўвалі працу ў вялікіх выданьнях Віblioteki Warszawskiej і Gazety Codziennej. Усім адмовіў: «Сум па радзіме, па сваіх забіў бы».
Усьлед за акторкай Геленай Маеўскай, зь якой здарыўся кароткі, але бурны раман, наведаў Познань у складзе Прускага каралеўства, наладзіў сувязі зь дзеячамі нацыянальна-вызвольнага руху. А па вяртаньні расейскія ўлады прызначылі за ім нагляд. І калі ў красавіку 1861-га выступіў з паэтычнай прамовай на маніфэстацыі ў Коўне і зноў выехаў за мяжу, яго арыштавалі і зьняволілі ў віленскай вязьніцы за «шкодны кірунак вершаў».
За кратамі абвастрыліся сухоты. Да заканчэньня сьледзтва яму дазволілі жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а затым лячыцца ў Вільні. 15 верасьня 1862-га «лірнік вясковы» памёр на творчым узьлёце, крыху не дажыўшы да 40-годзьдзя. На разьвітаньне прыйшлі каля 10 тысяч чалавек — сяброў, аднадумцаў, прыхільнікаў. Цырымонія ператварылася ў антыўрадавую маніфэстацыю — да паўстаньня 1863 году заставалася зусім няшмат.
Пахавалі Ўладзіслава Сыракомлю на віленскіх могілках Росы. Ягоны літаратурны ўнёсак шмат пазьней ацаніў іншы паэт-клясык Янка Купала.
Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за вякамі, —
Не забудуцца дум тваіх словы.
Як і слоў беларускіх, жывучы паміж намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы...
Вясковая школа: эпіцэнтар адметнасьці краю
Адным зь першых забіў трывогу пра лёс спадчыны Ўладзіслава Сыракомлі гісторык, культуроляг Аляксандар Белы. Пры гэтым нагадаў, што колішні фальварак Смольгаў мае каштоўнасьць ня толькі ў асабовым, а і ў літаратурным кантэксьце.
«Па-першае, безумоўна, радзіма „лірніка вясковага“ Ўладзіслава Сыракомлі, або Людвіка Кандратовіча. Па-другое, тая самая „новая зямля“, якую ў аднайменнай паэме набывае Міхал (Міцкевіч) — літаратурны герой і рэальны чалавек, бацька Якуба Коласа. Ня ўвесь маёнтак, вядома, частку фальварку. Таму гаворка пра тры ў адным: і былы Смольгаў, і Сыракомля, і „Новая зямля“... А што ўрэшце маем? Школа імя Сыракомлі закрылася, а зь ёй і невялікая экспазыцыя. Ужо адключылі ваду, а хутка адрэжуць і электрычнасьць. Мабыць, і памятны валун хутка зарасьце травой. Вось вам і музэй, і памяць, і стаўленьне да спадчыны», — наракае ён.
Яшчэ ў пачатку 1970-х літаратар і мовазнаўца Кастусь Цьвірка ў нарысе пад назвай «Дарога ў сто год», прысьвечаным мясьцінам Уладзіслава Сыракомлі, згадваў пра былы фальварак якраз у прывязцы да рэальнай падзеі: увосень 1901-га Міхал і Антось Міцкевічы едуць у Смольгаў на Случчыне купляць зямлю, каб нарэшце стаць вольнымі гаспадарамі.
«На гэтую зямлю, якую з такой цяжкасьцю ўдалося купіць у Хвядоса Хадыкі („ядзяць іх мухі з камарамі!“), так і не перабралася сям’я Міхала, хоць Антось і прыяжджаў яе засяваць. Яна назаўсёды засталася ў паэме як сымбаль неажыцьцявімай пры панскім ладзе мары хлебароба аб вольным жыцьці. Па сутнасьці, у паэме гаворка пра зямлю, якую ў першай чвэрці ХІХ стагодзьдзя арандаваў Аляксандар Кандратовіч i на якой нарадзіўся ягоны сын Людвік. Таму, ходзячы па вуліцах і сьцежках Смольгава, з падвоенай увагай глядзеў на магутныя дрэвы прысадаў, на шырокія хвалі жытнёвага мора, на асфальтаваныя дарогі, па якіх няспынна снавалі машыны. Цяпер сапраўды гэта — новая зямля».
У 2003-м побач са школай, якой за 10 гадоў да таго надалі імя Ўладзіслава Сыракомлі, у ягоны гонар паставілі мэмарыяльны знак. А сьледам да 140-годзьдзя дэбютнага верша «Паштар» адкрылі экспазыцыю «Лірнік вясковы».
Але як цяпер пакласьці кветкі да каменя? Брама зачыненая на замок, а спроба сігануць праз плот наўрад ці спадабаецца вартаўніку. Мэмарыялізацыя, якая ператвараецца ў прафанацыю, канстатуе Аляксандар Белы. У гэтым зьвязку прапануе перамясьціць валун туды, дзе ён будзе прынамсі навідавоку. А заадно паставіць інфармацыйны стэнд са згадкай пра герояў «Новай зямлі».
Дакумэнтальных зьвестак пра лякацыю фальварку Кандратовічаў няма, а вяскоўцы «блытаюцца ў паказаньнях». На самае папулярнае ў Смольгаве пытаньне мужчыны немаладога веку дружна паказалі ў бок калгаснага мэханізаванага двара. І пагадзіліся, што там каменю самае месца: маўляў, на выезьдзе ў бок папулярных крэйдавых кар’ераў, дзе паглядзець на прыгажосьць а-ля Мальдывы зьбіраюцца аматары адпачынку. Але бальшыня проста ў няведаньні паціскаюць плячыма.
Уявіць вонкавы выгляд радавога гнязда Кандратовічаў можна дзякуючы нястомнаму хранікёру ўзораў гістарычнага дойлідзтва Напалеону Орду. Але і ягоны рысунак не дадае пэўнасьці, што сядзіба стаяла менавіта там, дзе цяпер паркуюцца трактары ды камбайны.
А вось былы дырэктар школы і краязнаўца Васіль Рудзько праз аповеды старажылаў схільны лічыць, што сапраўдная лякацыя ўсё ж іншая. Але перанос валуна ўхваляе ў любым выпадку — за глухім плотам закрытай школы яму наканавана забыцьцё. Незразумела, які лёс чакае зьліквідаваную школу, ці будзе гатовы новы гаспадар рабіць тэрыторыю адкрытай для наведнікаў.
«З размоваў склалася ўражаньне, што гэта паміж старой крамай і домам ужо нябожчыка Міколы Абмёткі. У пачатку нулявых, калі меў за 90 гадоў, дзед памятаў і маёнтак, і ўласьнікаў. Казаў, што да Першай сусьветнай жыў там пан Мажэйка, а пасьля ўсё перайшло на сына-п’яніцу і прапала. У апошнюю вайну будынкі згарэлі, зямлю забраў калгас. На частцы вуліцы і агародах знаходзяць кавалкі керамікі, а на месцы фальварку вырас сад. Калі кіравацца такой вэрсіяй, лягічна паставіць камень там, дзе нарадзіўся Людвік Кандратовіч. Бо калі школу выкупіць прадпрымальнік, абсталюе цэх або склад, будзе не да помнікаў. Ці як кампрамісны варыянт — каля сельсавету. Пры дарозе, зручна падступіцца, пакласьці кветкі».
Пры гэтым колішні дырэктар лічыць, што не было крытычнай неабходнасьці закрываць Смольгаўскую школу. А калі і «ўшчыльняць» непэрспэктыўныя навучальныя ўстановы, то хаця б не такім чынам. Тым больш калі гаворка пра немалаважную гістарычную нагрузку.
«Можна было і не закрываць, разумеючы наступствы з музэем, помнікам, — кажа Васіль Рудзько. — Скажам, падвозіць дзяцей з Дарасіно не ва Ўрэчча, а сюды. У аграгарадку і так вучняў хапае. А дадаць паўсотні ў Смольгава — і школа ажыла б! Ды і што такое 30 гадоў для капітальнага будынка? Яшчэ паўстагодзьдзя дакладна праслужыў бы! А так хто ў Забалаць, хто ў Любань. Спадзяваўся, што раённае кіраўніцтва ўсё ж датрывае, каб адзначыць 200-годзьдзе Сыракомлі. Прынамсі было б сымбалічна. Ды не, памыліўся. Ну і, зноў жа, адукацыя ў нас па-беларуску, я выкладаў гісторыю. Трэба захоўваць такія астраўкі. Бо як пазакрываем, што застанецца ад мовы?»
Няма школы — ня будзе і вёскі, падсумоўвае настаўнік Васіль Рудзько. У лепшым выпадку Смольгава ператворыцца ў «дачны прыдатак Любані ці Салігорску», сумна іранізуе ён.
А такіх сэзонных жыхароў, не абцяжараных гісторыяй краю, наўрад ці будзе хваляваць, што адбывалася ў Смольгаве 200 гадоў таму і чым заслужыў пашаны самы знакаміты тутэйшы ўраджэнец — Людвік Кандратовіч, які праславіў у сьвеце сваю радзіму як рамантычны «лірнік» Уладзіслаў Сыракомля.