Першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што высечка лясоў у краіне сапраўды вырасла. Але яна, па яго словах, «заплянаваная і абгрунтаваная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта лес мой і маіх дзяцей». Вяскоўцы спрабуюць абараніць лес ад высечкі«Секчы мы пачалі больш таму, што пачалі сьпець лясы. Сёньня ў Беларусі 18% сасьпелых лясоў. Адпаведна, лясгасы прыбіраюць „ураджай“. Гэта звычайны працэс», — цытуе чыноўніка БелТА.
Пры гэтым ён паскардзіўся, што журналісты і блогеры, якія ўздымалі праблему высечкі лясоў, праігнаравалі прэс-туры, якія арганізоўваў у тым ліку і ён асабіста. Ён запэўніў, што нічога ў Беларусі «бязьлітасна» ня высякаецца, усе працэсы плянавыя і ўзгодненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для кітайскага парку выкарчуюць векавы лесПры гэтым яшчэ ўвесну Міністэрства лясной гаспадаркі абвяргала інфармацыю пра нібыта «бязьлітасную высечку лясоў у краіне».
«Інтэрнэт абляцела відэа ад аднаго з польскіх тэлеканалаў аб тым, што пад Барысавам да такой ступені высякаюць і распрадаюць усё, што страшна глядзець. Нам жа стала страшна ад няграматнасьці аўтара роліка, які нават не падумаў праверыць інфармацыю. Для тых, хто штампуе прымітыўныя фэйкі, тлумачым: гаворка пра перастойную драўніну. Дзеля гэтага „геніяльны лес“, як яго назваў „журналіст“, уласна кажучы, і вырошчваецца», — адказала крытыкам галіновае ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады праігнаравалі меркаваньне 6500 чалавек, якія змагаюцца за лес і жукоў у Браўлянах