Трэцяя запар адміністрацыйная справа на блогера Vadimati
На блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) пачалі яшчэ адну адміністрацыйную справу за «прадукцыю, якая заклікае да экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 19.11 КаАП Беларусі).
Ён цяпер адбывае адміністрацыйны арышт. Першыя 25 сутак яму далі нібыта за «заклік на несанкцыянаванае спартовае мерапрыемства» (артыкул 24.23 КаАП). А напрыканцы тэрміну дадалі 15 сутак за «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму», калі ён тэлефанаваў па нумары 115.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы сумленны горадзенскі блогер». Хто такі Vadimati, якога асудзілі па «народным артыкуле»Вадзім Ермашук гандлюе адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе: рамонт асфальту, усталяваньне пандусаў, змагаўся з забруджваньнем вады.
Акрамя таго, наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Instagram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата»
Палітвязьня абвінавацілі ў спыненьні руху 107 маршрутаў
Больш за 45 тысяч рублёў мусіць выплаціць 25-гадовы палітвязень Дзьмітры Кубараў «Менсктрансу» за «блякаваньне дарог» 11 жніўня 2020 году.
Два тыдні судзьдзя Фрунзэнскага раёну Інэса Курко разглядала грамадзянскі пазоў транспартнага прадпрыемства да Дзьмітрыя Кубарава. Згодна з пазовам, 45 181 рублёў «Менсктранс» страціў за 6 гадзін і 40 хвілін ад злачынства, учыненага маладым чалавекам летась каля станцый мэтро «Малінаўка» і «Пятроўшчына».
Адвакат заўважыў, што ў матэрыялах справы маецца дакумэнт, згодна зь якім Дзьмітрыю Кубараву «прыпісалі» 57 лішніх маршрутаў адносна акту, падрыхтаванага падчас разгляду крымінальнай справы. Пасьля спрэчак высьветлілася, што той дакумэнт «быў не дакладны».
Па новых дадзеных палітзьняволены, на думку «Менсктранса», спыніў рух на 107 маршрутах.
Аўтара праекту «Адвек» затрымалі за фота ў дзень выбараў
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у леташніх пратэстах стаў Яўген Крачкоўскі, аўтар праекту «АДВЕКУ». Мужчына займаўся пошукам продкаў у Беларусі, генеалягічнымі дасьледаваньнямі, складаньнем радаводу, пошукам у архівах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Ліньніка судзяць за «абразу» Вакульчыка, Караева, Лукашэнкі і ХрэнінаЯўгена Крачкоўскага затрымалі 8 верасьня пасьля ператрусу ў яго доме. Прычынай стаў фотаздымак ад 9 жніўня мінулага году, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу ў цэнтры Менска знаходзіцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сыгнал сьвятлафору.
Пакуль што Яўгена Крачкоўскага затрымалі на 10 сутак і цяпер утрымліваюць у ІЧУ на Акрэсьціна.
Аршанскаму актывісту накінулі яшчэ 12 дзён арышту
Затрыманага за ўшанаваньне памяці ваяроў бітвы пад Воршай 1514 году актывіста Юрася Копціка перазатрымалі яшчэ на 12 дзён адміністрацыйнага арышту.
Паводле якога канкрэтна артыкула ён зноў асуджаны, праваабаронцам пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатара фэстывалю «Аршанская бітва» Юрку Копціка асудзілі на 10 сутакРаней Юрася Копціка асудзілі на 10 сутак за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 4 верасьня. Тады грамадзкія актывісты сабраліся пад Воршай, каб адзначыць чарговую гадавіну славутай бітвы з Маскоўскім княствам.
Буйны штраф адлічанаму студэнту за сарваны сьцяг
Менскі раённы суд разгледзеў крымінальную справу супраць 19-гадовага Антона Мінкевіча, абвінавачанага ў хуліганстве паводле арт. 339 Крымінальнага кодэксу, паведамляюць валянтэры «Вясны».
З матэрыялаў сьледзтва вядома, што Антон Мінкевіч 18 чэрвеня сарваў афіцыйны сьцяг над пад’ездам у сваім інтэрнаце, чым выказаў «грэблівае стаўленьне да дзяржаўнай сымболікі».
Яго затрымалі ў той жа дзень на 72 гадзіны, а 20 ліпеня прыйшлі паўторна з абвінавачваньнем. Сьледам Антона Міцкевіча адлічылі з БНТУ, дзе на той момант ён скончыў 2 курс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць былога актывіста БРСМ, які сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку ГУБАЗіКа. Што ён кажаСуд спаслаўся на сьведак: мужчыну з прозьвішчам Цітавец, які нібыта зрабіў заўвагу маладзёну, бо «патрыёт», а таксама жанчыну Лук’яненку, якая падняла сарваны сьцяг. Абое на суд не зьявіліся.
Судзьдзя Марына Казлова, нягледзячы на раскаяньне Антона Міцкевіча, пакарала яго штрафам у памеры 150 базавых велічынь — 4350 рублёў.
За пратэсты ў Салігорску затрымалі футбольных фанатаў
Прэс-служба МУС паведаміла, што апэратыўнікі ГУБАЗіК вызначылі асобы двух футбольных «праварадыкалаў» 18 і 19 гадоў. Адзін вучыцца ў сталічнай ВНУ, другі працуе зваршчыкам у Салігорску.
Паводле ведамства, у жніўні 2020 году ў салігорскім парку «Чатырох стыхій» маладыя людзі «кідалі камяні, бутэлькі і крэслы ў міліцыянтаў». Акрамя таго, «актыўна карысталіся дэструктыўнымі інфармацыйнымі тэлеграм-рэсурсамі». Пры ператрусе ў іх знайшлі «пратэставую сымболіку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС паведаміла пра затрыманьне футбольных фанатаў, якія ўдзельнічалі ў леташніх пратэстахСьледчыя прызналі маладзёнаў падазраванымі ў крымінальнай справе «за арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», а таксама «за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі».
Ператрус у каардынатара кампаніі «Гавары праўду»
14 верасьня ў аднаго з каардынатараў кампаніі «Гавары праўду» па Гомельскай вобласьці Алега Шабетніка ў Рэчыцы сілавікі правялі ператрус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева адпусьцілі на свабодуЯк піша «Гомельская Вясна», афіцыйная вэрсія — у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы аб расфарбоўваньні прыпынку грамадзкага транспарту ў ягоным раёне.
Супраць берасьцейскага актывіста завялі яшчэ некалькі спраў
У панядзелак у Берасьці супрацоўнікі КДБ прыходзілі зь ператрусамі да сваякоў Андрэя Шарэнды, які ўцёк зь Беларусі. Сілавікі цікавіліся, дзе ён. Высьветлілася, што на яго распачатыя крымінальныя справы паводле некалькіх артыкулаў. Пра гэта паведамляе выданьне reform.by.
Падчас ператрусу ў кватэры была цешча Андрэя: у дакумэнце, які ёй паказалі, цэлы шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу — каля дзясятка.
Паводле Андрэя Шарэнды, цешча запомніла два артыкулы, па якіх ён праходзіць падазраваным: ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 289 (акт тэрарызму).
Раней на яго завялі крымінальныя справы паводле арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы) і арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта).
Ягоная жонка Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі ад 3 студзеня. Яе асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы ва ўжываньні гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў і ў іх абразе, а таксама ў абразе Лукашэнкі.