Як паведамляе «Вясна», блогера абвінавачваюць адразу паводле чатырох дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзыдэнта), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (паклёп).
Абразы і паклёпы нібыта зьмяшчаліся ў аўтарскіх відэароліках Руслана Ліньніка на ягоным YouTube-канале, які мае 80 тысяч чалавек падпісантаў. Палітвязьню пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
Справу супраць блогера разглядае судзьдзя Юры Машкетаў, пракурорам у судзе выступае Яўген Серакоў. Паводле сьледзтва, Руслан Ліньнік ад 17 траўня да 9 сьнежня 2020 году распаўсюджваў у сетцы інтэрнэт «заведама лжывую інфармацыю, публічна абразіў прэзыдэнта і высокапастаўленых прадстаўнікоў улады».
У пераліку «абражаных» фігуруюць ужо экс-старшыня КДБ Валеры Вакульчык, былы міністар унутраных спраў Юры Караеў і ягоны намесьнік Генадзь Казакевіч, міністар абароны Віктар Хрэнін.
«Беларусьсю кіруе злачынная супольнасьць, і старшыня КДБ Вакульчык зьяўляецца незаконным саўдзельнікам захопу і ўтрыманьня ўлады», — спасылаецца абвінавачваньне на відэаролік, прысьвечаны былому кіраўніку КДБ Валеру Вакульчыку. Інкрымінуецца блогеру і больш грубае выказваньне ў адносінах да Лукашэнкі ў відэа пад назвай «Саша едет по стране, а мы по-прежнему в ***».
«Лукашэнка з ганарлівым тварам спрабуе даказаць, што ён малайчына, аднак усю сваю кар’еру трэпле языком, вывяргаючы слоўны ***».
На судзе Руслан Ліньнік не прызнаў віны па ўсіх агучаных артыкулах і адмовіўся даваць паказаньні.