«Спрабаваў будаваць барыкаду, пасунуўшы сьметнік». Андрэй Казіміраў ў СІЗА «Мядзведзь»
21-гадовага Андрэя Казімірава затрымалі ў Берасьці 13 жніўня. За тры дні да гэтага, 10 жніўня, маладога чалавека паранілі на мірнай акцыі пратэсту: сілавікі стрэлілі яму ў нагу гумавай куляй. Мама Андрэя ўспамінае, як абзвоньвала пастарункі, пакуль шукала сына: «Што вы, мамаша, кнопкі цісьнеце, можа, ён тут пад лепшым наглядам, чым пад вашым?» — адказалі ў міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскім Белгарадзе суд вырашыў выслаць на радзіму беларуса, які ўдзельнічаў у пратэстахУ райаддзеле Андрэй правёў двое сутак. Вярнуўся пабіты: «Усё было сіняе».
«Ён выпадкова трапіў у гэтую гісторыю. Міліцыя стала страляць гумовымі кулямі ў натоўп, гэта яго падштурхнула пасунуць сьмецьцевую падстаўку ў бок барыкады, у гэты момант трапіў на камэру», — расказвае адвакат Казімірава Іларыён Васільеў з калегіі «Малік і Партнэры».
У Ленінскі РУУС Андрэя прывезьлі з крамы, дзе яго затрымалі людзі ў цывільным. У гаражы аддзяленьня міліцыі, дзе ўжо было каля 20 чалавек, паставілі на падлогу на локці і калені, усіх АМАП біў дубінкамі па сьпіне. З гаража выводзілі ў «прыёмнае аддзяленьне», зноў білі, на некалькі гадзін ставілі на калені. Пасьля гэтага — ІЧУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Расеі дазволіў экстрадыцыю ў Беларусь актывіста насуперак забароне Эўрапейскага суду ў правах чалавекаУ камэры ў Андрэя разышлася рана ад гумавай кулі, але дапамогу яму не аказвалі. Сілавікі патрабавалі ад Андрэя назваць тых, хто яму пераводзіў грошы за ўдзел у пратэсьце, і не маглі паверыць, што ніхто ня плаціць.
Перад вызваленьнем у пасінелага ад біцьця Казімірава ўзялі пісьмовае тлумачэньне, што ён ня мае ніякіх прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі.
«Мяне тут трэсла ўсю. Наогул сказаць ня можна. У яго ж ірваная рана разышлася, пачаўся сэпсіс. Нага распухла. Мы потым лячылі гэтую нагу. Ніводная мазь ня дапамагала, была занесена інфэкцыя, і я ўжо іншага баялася, што нагу могуць адрэзаць маладому хлопцу. Абышлося, загаілі», — дзеліцца мама Андрэя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква выдасьць Менску яшчэ аднаго беларуса, які шукаў там прытулкуУ верасьні 2020 году Казіміраў выехаў зь Беларусі ў Расею: «Спалохаўся, вырашыў выйграць час і перачакаць у сяброў, каб усё супакоілася», — тлумачыць ягоны адвакат. А 5 лістапада 2020 году беларускія сьледчыя органы вынесьлі пастанову аб прыцягненьні Андрэя ў якасьці абвінавачанага паводле артыкулу аб масавых беспарадках (частка 2 артыкулу 293 КК) і абвясьцілі яго ў вышук.
Андрэй Казіміраў жыў з маці, займаўся спортам: спачатку шмат гадоў хакеем на траве, потым — пляжным рэгбі. Захапіўся барацьбой — займаў прызавыя месцы ў панкратыёне. Паралельна Андрэй скончыў тэхнічны каледж, у мінулым годзе паступіў у польскі ўнівэрсытэт на факультэт «Арганізацыя турызму і адпачынку».
14 студзеня Казімірава затрымалі ў Маскве паліцыянты на запатрабаваньне беларускіх уладаў. На наступны дзень Пятроўскі раённы суд выбраў яму меру стрыманьня — арышт у СІЗА-4 «Мядзведзь». 29 красавіка 2021 году Генэральная пракуратура РФ ухваліла экстрадыцыю Андрэя Казімірава.
Скаргу на экстрадыцыю абарона прайграла — расейскія касацыйная і апэляцыйная інстанцыі вырашылі, што Казіміраў можа быць выдадзены Беларусі. «За дзень да гэтага ЭСПЧ прыняў рашэньне аб ужываньні правіла 39 — забароны на выдачу, бо на тэрыторыі Беларусі яму пагражаюць катаваньні. Расейскія ўлады і перадусім Генэральная пракуратура, якая цяпер прадстаўнік у ЭСПЧ, ведаюць пра наяўнасьць гэтага правіла», — кажа адвакат Казімірава Іларыён Васільеў.
Паралельна з гэтым яшчэ ў лютым Андрэй разам з абаронцам падалі заяву аб наданьні яму часовага прытулку на тэрыторыі Расеі. «Фармальна Казіміраў знаходзіцца цяпер пад абаронай Канвэнцыі ААН аб уцекачах: асоба, якая шукае прытулку, ня можа быць выдадзеная. Мы маем намер давесьці справу з прытулкам да канца. Наколькі гэта спыніць Генпракуратуру і наколькі яны будуць уважліва ставіцца да рашэньня ЭСПЧ, ня ведаю».
Андрэй Казіміраў усё яшчэ ў маскоўскім СІЗА.
Экстрадыцыя, дэпартацыя, выцісканьне з краіны: як Расея выдае беларусаў
У Расеі абаронай грамадзян Беларусі, якіх беларускія сілавікі просяць выдаць, сумесна займаюцца Маскоўская Хэльсынская група (МХГ) і камітэт «Грамадзянскае садзейнічаньне». Цяпер у праваабаронцаў у працы восем такіх спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія праваабаронцы патрабуюць увесьці мараторый на экстрадыцыю «палітычных» беларусаўДзіна Мусіна, кіраўнік праекту дапамогі беларускім уцекачам камітэту «Грамадзянскае садзейнічаньне», мяркуе, што тых, хто выехалі ад перасьледу зь Беларусі ў Расею, могуць быць сотні. Праваабаронцы падтрымліваюць шчыльны кантакт зь беларускімі калегамі і дыяспарай, ад якіх у тым ліку даведваюцца аб затрыманых. Але не выключаюць, што далёка ня ўсе беларусы празь іх праходзяць, і тыя, хто не праходзіць, становяцца «ананімнымі ахвярамі». Яшчэ ёсьць людзі, якія «залеглі на дно» і хаваюцца, і іх пакуль не затрымалі.
«Гэты фэномэн складаецца зь некалькіх частак, — кіраўнік прававых праграм МХГ Раман Кісялёў тлумачыць, якімі спосабамі беларусаў прымусова перамяшчаюць з Расеі назад. — Гэта экстрадыцыйныя працэсы; гэта фармальныя дэпартацыі і выправаджэньне празь міграцыйныя мэханізмы; выцісканьне з краіны — дапусьцім, шляхам забароны на ўезд актывістам. І апошні — гэта непасрэднае выкраданьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экстрадыцыя з Расеі пагражае сама меней тром беларускім пратэстоўцамКалі на чалавека ў Беларусі ёсьць крымінальная справа, краіна можа абвясьціць яго ў міждзяржаўны вышук — ён дзейнічае на тэрыторыі СНД і рэгулюецца міжнароднай дамовай, падпісанай краінамі садружнасьці.
Кісялёў тлумачыць, што не пры любым крымінальным злачынстве Расея абавязаная выдаваць чалавека:
«Калі Расея не прызнае тое ці іншае дзеяньне злачынствам, яна не абавязаная выдаваць. Ці калі зусім невялікай цяжкасьці злачынства — таксама не абавязана выдаваць. Акрамя таго, на Расеі ляжаць міжнародныя абавязаньні ў абароне бежанцаў і правоў чалавека. Калі ў краіне існуе сьмяротнае пакараньне, то, згодна з палажэньнямі Эўрапейскай канвэнцыі, Расея ня можа адправіць чалавека ў гэтую краіну. У нашым выпадку [па гэтых артыкулах] сьмяротнай кары няма, але ёсьць іншыя зьявы — катаваньні, палітычны перасьлед, дысфункцыя прававых інстытутаў, судоў, адвакатуры, праваахоўных органаў», — пералічвае праваабаронца.
Раман Кісялёў расказвае, як юрысты на практыцы спрабуюць не дапусьціць экстрадыцыі: «Калі мы даведаемся дату судовага пасяджэньня па другой інстанцыі, наша задача — хутка накіраваць зварот у ЭСПЧ, ... які можа часова або на няпэўны час накласьці забарону на выдачу або дэпартацыю».
Як экстрадуюць, выціскаюць і выкрадаюць: гісторыі выдадзеных
Андрэй Прылуцкі са страйкаму «Беларуськалію»
Справа Андрэя Прылуцкага стала самай першай справай аб экстрадыцыі з Расеі. Яго затрымалі ў канцы сьнежня 2020 году ў аэрапорце «Пулкава» у Санкт-Пецярбургу. Прылуцкаму інкрымінуецца артыкул 364 КК РБ (Гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі), па якім яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Андрэй падаў хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача ў Расеі, цяпер яно разглядаецца адначасова з пытаньнем аб яго экстрадыцыі ў Беларусь. 24 чэрвеня стала вядома аб вызваленьні Прылуцкага зь СІЗА пад абавязаньне аб яўцы ў суд.
Баец ММА Аляксей Кудзін
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Размаўлялі па тэлефоне праз шкло». Як прайшло першае спатканьне ў турме чэмпіёна Аляксея Кудзіна з жонкайЗатрыманага 3 студзеня 2021 году байца ММА Аляксея Кудзіна ўжо выдалі Беларусі і засудзілі на два з паловай гады калёніі агульнага рэжыму. «У справе Кудзіна суд вырашыў накіраваць ліст у МЗС, папрасіў яго паведаміць пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі: як там наогул будуць выконвацца правы Кудзіна ў выпадку яго выдачы. І мы атрымалі адказ ад МЗС проста фантастычны: сапраўды, ёсьць інфармацыя аб катаваньнях, палітычны перасьлед і ўсё такое. „Але наогул, як вядома, міжнародныя арганізацыі часта выкарыстоўваюцца для таго, каб шкодзіць Расеі. Таму няма падставаў ім давяраць“. Фантастычная лёгіка», — пераказвае адказ расейскага міністэрства Раман Кісялёў з МХГ.
Спартовец Яўген Шабалюк
У лютым 2021 году зьявілася яшчэ адна справа — беларускага спартоўца Яўгена Шабалюка. Улетку 2020 году яго затрымалі сілавікі ў Берасьці, пабілі і адпусьцілі без пратаколу. Пасьля гэтага спартовец зьехаў у Расею. Беларусь просіць экстрадаваць Шабалюка ў рамках справы аб супраціве міліцыянту (артыкул 363 КК РБ) — да пяці гадоў калёніі.
«Цяпер для нас справа Шабалюка значная. 29 ліпеня яго выпусьцілі зь СІЗА-4, таму што максымальны тэрмін арышту ў яго скончыўся. У гэты ж дзень яго павезьлі ў АУС, пакінулі на ноч у пастарунку, адваката не пусьцілі. 30 ліпеня яму паставілі ў віну парушэньне грамадзкага парадку, спалучанае з непадпарадкаваньнем патрабаваньню прадстаўніка ўлады (частка 3 артыкул 21 КаАП). Нібыта ён ня слухаўся паліцыянтаў і лаяўся матам. І, вядома, гэта абсалютна надуманыя абвінавачваньні. Ён віны не прызнаў. Раённы суд прызначыў штраф 2500 рублёў. Праблема ў тым, што па законе дзьве адміністрацыйкі — і чалавек ужо зьяжджае з Расеі. І ўжо ня будзе важна, што мы будзем аспрэчваць экстрадыцыйную працэдуру», — кажа Дзіна Мусіна з «Грамадзянскага садзейнічаньня».
Вызваленьне зь СІЗА не зрабіла Яўгена Шабалюка вольным чалавекам: паводле хадайніцтва пракуратуры суд забараніў яму выходзіць з кватэры з 23:00 да 8:00, карыстацца поштай або тэлеграфам, знаходзіцца ў месцах масавых мерапрыемстваў, карыстацца грамадзкім транспартам. 11 жніўня ў спартоўца прайшоў суд першай інстанцыі па абскарджаньні рашэньня Генпракуратуры аб выдачы Беларусі. Скаргу адхілілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі беларускага кікбаксэра, якога раней арыштоўвалі на запыт МенскуРуслан Хазін і Лана Савановіч: адміністрацыйныя меры
Акрамя экстрадыцыі праваабаронцам вядома каля дзевяці гісторый, калі людзям зь беларускім грамадзянствам, якія шмат гадоў жылі ў Расеі, даводзілася зьехаць з краіны з прычыны адміністрацыйных мер. Дзіна Мусіна прыводзіць у прыклад Руслана Хазіна, былога члена беларускай дыяспары ў Санкт-Пецярбургу, і былую кіраўніцу дыяспары ў Маскве Лану Савановіч:
«У Ланы муж і непаўналетняя дачка — расейскія грамадзяне. Яна мае поўнае права жыць тут, яе нельга разьядноўваць зь сям’ёй. Яна падала дакумэнты на від на жыхарства ў Расеі (ВНЖ). У яе было апавяшчэньне пра тое, што ВНЖ гатовы. Але ёй сказалі: „Вам адмоўлена па лініі ФСБ“. І яна была вымушана зьехаць. Цяпер яна за межамі Расеі і Беларусі».
Руслан Хазін таксама падаў дакумэнты на ВНЖ, празь нейкі час да яго на працу прыйшлі сілавікі і сказалі, што «трэба сваю рэвалюцыю рабіць у іншых месцах». Хазіну паведамілі, што ў яго ёсьць два тыдні на тое, каб выехаць. Цяпер ён у Польшчы.
Выкраданьне Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча
Пакуль праваабаронцам вядомая толькі адна гісторыя выкраданьня — гэта затрыманьне супрацоўнікамі КДБ Беларусі ў Маскве беларускага палітоляга Аляксандра Фядуты і беларускага юрыста з ЗША Юрася Зянковіча ў красавіку 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста прыехаць і забраць»: як супрацоўнікі КДБ Беларусі па дамоўленасьці з ФСБ затрымліваюць у Расеі беларусаўВызваленьне Мікалая Давідчыка
Адной з галоўных перамог праваабаронцаў стала справа 36-гадовага беларускага апазыцыянэра і блогера Мікалая Давідчыка, які жыў у Маскве амаль 20 гадоў. Ягоныя жонка і маленькі сын — грамадзяне Расеі. Давідчык ня быў у Беларусі падчас пратэстаў, але адміністраваў телеграм-чат свайго роднага гораду Ліда, дзе валянтэры і актывісты дапамагалі затрыманым падчас акцыяў, зьбіралі грошы на дапамогу іх семʼям, пісалі пра мірныя пікеты і маршы. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён зьехаў у Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі пратэстоўца зь Беларусі«Рамантычны падарожнік» у СІЗА Белгараду Вадзім Дубойскі
31-гадовага Вадзіма Дубойскага затрымалі ў Берасьці 11 жніўня 2020 году: на адзін мітынг супраць вынікаў выбараў ён схадзіў без наступстваў, а з другога не вярнуўся.
«Гэта быў дзень, калі людзі перакінулася з цэнтру на ўсход, тады яшчэ Генадзя Шутава забілі, у той вечар. [Вадзім] сказаў маме, што будзе дзесьці ў цэнтры, у дварах, зь сябрамі. Потым я даведалася інфармацыю праз радыё «Рацыя», што ў цэнтры ўсе двары ў гэтых «чорных чалавечках», — успамінае сястра Вадзіма.
Брата не было некалькі сутак. «Мы яго ўвесь гэты час шукалі. Потым, калі інтэрнэт зьявіўся, убачылі кадры, калі ў спартзале мужчыны сядзелі — і крывішча па ўсёй падлозе. Гэта, вядома, быў шок».
Па словах сястры, Дубойскі вярнуўся страшна прыгнечаным: «Увесь у гематомах, у стрэсе». Баяўся ісьці здымаць пабоі. «У яго ўзьнік унутраны страх перад людзьмі ў форме, ён проста сышоў у сябе. Хаваўся ў нейкіх падвалах і гаражах. Я праз агульных знаёмых даведвалася пра гэта. Тэлефанаваў мне, я яму казала, маўляў, ідзі ў шпіталь. Ён кажа: „Малая, я зараз пайду ў лякарню, а яны ж за мной сочаць. Яны мяне запакуюць“. Ён нават баяўся ў краму ісьці. Вось такой ступені ў яго быў стрэс», — дзеліцца сястра.
Па расказах Дубойскага, разам зь ім у гаражах каля так званага Дома правасудзьдзя ў Берасьці было яшчэ сем чалавек. Усіх білі трое сутак, а пасьля прымусілі падпісаць дакумэнт, што яны ня маюць прэтэнзій: абяцалі, што калі не падпіша, «застанецца тут яшчэ надоўга».
У сярэдзіне восені Вадзім зьехаў у Маскву. Ён хацеў падаць дакумэнты на экстрадыцыю, але зімой у Расеі пачаліся затрыманьні беларусаў і Дубойскі вырашыў не сьвяціцца, а паспрабаваць шчасьця ў іншым месцы — перайсьці мяжу з Украінай. 11 красавіка сястры Вадзіма патэлефанаваў капітан паліцыі прыгранічнага пасёлка Чырвоная Яруга і паведаміў, што яе брата затрымалі памежнікі за спробу незаконнага перасячэньня мяжы.
Абвешчаны на радзіме ў вышук яшчэ ў сакавіку 2021 году ў справе аб удзеле ў масавых беспарадках (сілавікі выклікалі на допыты яго маці і прасілі апазнаць сына на відэа), Вадзім Дубойскі неўзабаве апынуўся ў СІЗА-3 Белгараду. Сястра Вадзіма зьвязалася з МХГ, арганізацыя знайшла для яе брата адваката.
Сястра згадвае, што Вадзім ня бачыў сваёй будучыні ў Беларусі. «Ніколі не паддаваўся загадам кіраўнікоў», калі бачыў несправядлівасьць, то ня мог гэтага трываць. Мама Вадзіма апісвае яго як «рамантычнага вандроўніка, музыканта». Дубойскі зьяжджаў на нейкі час у Польшчу, працаваў там кіроўцам. Вазіў грузы ў Амстэрдам і Парыж, «кайфаваў», працаваў, падарожнічаў, дасылаў родным фатаграфіі з Паўночнага мора. Цяпер ён піша сястры, што чакае, калі зможа сесьці з гітарай і прасьпяваць песьні, якія напісаў у СІЗА. Улетку 2020 году, яшчэ да пачатку выбараў, Вадзім прыехаў у Берасьце, каб вырашыць пытаньні з дакумэнтамі, пасьля гэтага ён плянаваў вярнуцца за мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі 7 беларусаў, якія шукалі там прытулку. ВІДЭА