Сама меней тром беларусам, абвінавачаным у крымінальных справах за пратэсты, пагражае экстрадыцыя з Расеі, паведаміў кіраўнік прававых праграмаў Маскоўскай Хэльсынскай групы Раман Кісялёў 21 чэрвеня падчас онлайн-сустрэчы «Перасьлед беларусаў у Расеі», перадае БелаПАН.
Усяго ад пачатку сьнежня ў Расеі затрымалі сем фігурантаў крымінальных спраў за пратэсты ў Беларусі, паведамляюць праваабаронцы.
Пад вартай застаюцца шэсьць чалавек:
- Вадзім Дубойскі затрыманы ў красавіку, абвінавачаны ў супраціве сілавіку (арт. 363 КК),
- Андрэй Казіміраў затрыманы ў студзені, абвінавачаны ў масавых беспарадках (арт. 293 КК) за ўдзел 10 жніўня ў Берасьці ў акцыях пратэсту,
- Аляксей Кудзін затрыманы ў сьнежні, арт. 363 КК, чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу,
- Сяргей Непагода затрыманы ў сакавіку, арт. 363 КК,
- Андрэй Прылуцкі затрыманы ў сьнежні, абвінавачаны за гвалт супраць сілавіка (арт. 364 КК),
- Яўген Шаблюк затрыманы ў лютым, арт. 363 КК.
Казімірава, Кудзіна і Прылцукага Генпракуратура РФ пастанавіла выдаць Беларусі. Праваабаронцы абскардзілі гэтыя рашэньні.
Чатырох зь іх утрымліваюць у Маскве, двух — у Санкт-Пецярбургу.
Мікалая Давідчыка, затрыманага ў сакавіку, Генпракуратура Расеі адмовілася экстрадаваць у Беларусь. У канцы красавіка ён выйшаў на волю. У Беларусі яго абвінавацілі ў арганізацыі або актыўным удзеле ў беспарадках (арт. 342 КК) за тое, што быў адміністратарам лідзкага тэлеграм-чату. Мікалай Давідчык даўно жыве ў Расеі і мае там сям’ю.
Усяго ў 2021-м СК Беларусі паслаў у Расею запыты на экстрадыцыю ня менш як 39 чалавек.