У Менску агучылі прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Адвакаты палітвязьняў ужо заявілі пра тое, што будуць абскарджваць прысуды. Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Працэс заняў 17 паседжаньняў. 2 верасьня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Марыя Калесьнікава пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твора пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісьце салідарныя беларусы. Таксама яна выказала думку, што працэс над ёй і Максімам Знакам гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працытавала па-беларуску Альгерда Бахарэвіча. Пра што гаварыла Марыя Калесьнікава ў апошнім словеПерад абвяшчэньнем прысуду каля суду на менскай вуліцы Маякоўскага ўтварылася доўгая чарга людзей. Кожнага намагаліся зьняць на відэа людзі ў цывільным. Бацьку Марыі Калесьнікавай прапусьцілі ў залю, замежных дыпляматаў — не.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Калесьнікавай і Знаку — кампэнсацыя за траўмы Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёньня абвесьцяць прысуд Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку. Што трэба ведаць пра іх працэс ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат: «Максім Знак у судзе падрабязна камэнтуе матэрыялы справы, дзе няма ніякіх доказаў яго віны»