6 верасьня а 12-й у Менску агучаць прысуд па справе Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Свабода згадвае, што папярэднічала гэтаму гучнаму працэсу.
Удзел у выбарчай кампаніі
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.
Затрыманьне
Марыю Калесьнікаву затрымалі невядомыя 7 верасьня побач з будынкам Нацыянальнага мастацкага музэю. Пра гэта стала вядома ад выпадковых сьведак. Прыкладна суткі лёс Калесьнікавай заставаўся невядомы, пакуль былыя ўдзельнікі штабу Бабарыкі Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве не расказалі пра парваны Марыяй беларускі пашпарт і яе вяртаньне на тэрыторыю Беларусі.
Максіма Знака супрацоўнікі спэцслужбаў затрымалі ў памяшканьні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на вуліцы Харужай, які на пачатку верасьня ператварыўся ў штаб-кватэру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады.
Неўзабаве пасьля затрыманьня Калесьнікаву і Знака абвінавацілі спачатку ў змове, учыненай з мэтай захопу ўлады. Пасьля да гэтага дадаліся яшчэ артыкулы за публічныя заклікі да захопу ўлады і за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня.
Абое абвінавачаныя да прысуду знаходзіліся пад вартай. Марыя Калесьнікава амаль увесь час правяла ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне, Максім Знак — у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Ён таксама прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з палітзьняволенымі ў СІЗА КДБ. Калесьнікавай на гэтым мерапрыемстве не было.
Суд
Працэс па справе Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака пачаўся ў будынку Менскага абласнога суду 4 жніўня. Ён прайшоў у закрытым рэжыме, трапіць на першае паседжаньне змаглі толькі адвакаты, абвінаваўца, судзьдзя і журналісты дзяржаўных СМІ.
26 жніўня на працэс выклікалі бацьку Марыі Калесьнікавай Аляксандра. Падрабязнасьці свайго ўдзелу ў судзе ён расказаць ня змог праз падпіску аб неразгалошваньні. Аднак расказаў пра свае ўражаньні ад убачанага ў залі.
«Я адчуў ад Машы цяпло, захапленьне, — расказваў Аляксандар Калесьнікаў. — Убачыў яе ўсьмешку. Магу зрабіць выснову, што яе самаадчуваньне і настрой добры. Пасьля таго як я ўбачыў дачку, якая ўсьміхаецца, у мяне прыліў нейкіх сіл!»
Працэс над Калесьнікавай і Знакам заняў 17 паседжаньняў. 2 верасьня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Марыя Калесьнікава пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твора пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісьце салідарныя беларусы. Таксама яна выказала меркаваньне, што працэс над ёй і Максімам Знакам — гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне.
Праз закрытасьць працэсу невядома, якога пакараньня для абвінавачаных запрасіў пракурор. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх судзілі Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака, прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Абое абвінавачаныя сваёй віны не прызналі.
Прысуд Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку абвесьцяць у панядзелак 6 верасьня а 12 гадзіне. Гэта будзе адзіная адкрытая частка іх працэсу.