Цяпер раз на тры месяцы. Урад унёс зьмены ў правілы выезду за мяжу праз наземныя пункты пропуску

Памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца

Замест выезду за межы Беларусі адзін раз на паўгода цяпер можна будзе гэта рабіць кожныя тры месяцы. Праўда, ня ўсім.

Згодна з пастановай Савету Міністраў №504, зьмены тычацца тых, хто мае від на жыхарства, пашпарт для пастаяннага пражываньня ў іншых краінах ці іншы дакумэнт, які пацьвярджае права на пастаяннае або часовае пражываньне за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяжа на замку: Чаму забаранілі наземны выезд зь Беларусі?

Тое ж тычыцца асобаў, якія працуюць ці вучацца за мяжой і здольныя гэта пацьвердзіць адпаведным дакумэнтам, іншаземцаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражываньне ў Беларусі, пры выездзе ў краіну свайго грамадзянства.

Такія катэгорыі, вынікае з дакумэнту, змогуць выяжджаць праз наземныя пункты раз на тры месяцы — раней можна было скарыстацца такой магчымасьцю кожныя паўгода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт заявіў, што часовы від на жыхарства за мяжой не зьяўляецца падставай для выезду з краіны

Летась у сьнежні выезд праз наземныя пункты пропуску на агульных падставах быў спынены на неабмежаваны час, за выключэньнем асобных катэгорый. Тады ўлады патлумачылі гэта «распаўсюдам пандэміі каранавірусу».

Пры гэтым перамяшчэньне паветраным транспартам не абмяжоўвалася.