Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ведаю, дзе буду нараджаць». Цяжарная, асуджаная за «карагод», уцякла празь лес і балоты зь Беларусі разам з мужам і малымі дзецьмі


Паліна Ляшко з дачкой
Паліна Ляшко з дачкой

Паліна і Андрэй Ляшко выхоўваюць дваіх малых дзяцей. Ім тры і шэсьць гадоў. Сям’я чакае трэцяга. Толькі радасьць чаканьня немаўляці азмрочаная судом за «карагод» у Берасьці. Паліна атрымала паўтара года «хатняй хіміі», Андрэй — паўтара года «калёніі-пасяленьня».

Разумеючы, што сям’я можа быць разбураная дашчэнту, а дзеці пойдуць у прытулак, Паліна з Андрэем вырашылі ўцякаць зь Беларусі. «Гэта была крайняя мера. Але мы выбралі свабоду і няўпэўненасьць за мяжой замест стабільнай турмы на Радзіме», — кажа Паліна.

«Пастаялі некалькі хвілін каля карагоду — і па нас прыйшлі»

Да верасьня 2020 году Паліна і Андрэй «гора ня зналі». Андрэй працаваў у Эўразьвязе дальнабойнікам, добра зарабляў і ўтрымліваў сям’ю. Паліна з малымі дзецьмі была ў дэкрэтным.

13 верасьня маладая сям’я гуляла ў цэнтры Берасьця. Убачылі карагод. «Спачатку нехта ўключыў музыку, гралі песьні „Перамен!“, NRM, здаецца, іншых гуртоў, а людзі танцавалі. Усе былі такія натхнёныя, радасныя. Людзі прыгожа апранутыя, нібыта сьвята нейкае. Нехта купляў і раздаваў людзям марозіва. Мы стаялі на ходніку і назіралі за гэтым. Пастаялі мо некалькі хвілін і пайшлі. А потым па нас прыйшлі», — кажа Паліна.

Сям'я Паліны і Андрэя Ляшко зь Берасця
Сям'я Паліны і Андрэя Ляшко зь Берасця

«У той дзень усюды былі супрацоўнікі ДАІ, „ціхары“, аўтазакі. Людзі нічога благога не рабілі. Проста сьпявалі, весяліліся. Зьнянацку прыехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей — безь ніякага папярэджаньня. І ня толькі людзей — ходнікі, тралейбусы, шапікі, крамы — па коле, усё, што было побач. Гэта было першае ўжываньне вадамёта ў Берасьці. І ніхто не папярэдзіў людзей, што трэба вызваліць праежджую частку, што будзе ўжыты вадамёт! Потым мы ўбачылі бусы, АМАП пачаў хапаць і біць людзей — усіх, каго толькі бачылі», — узгадвае жыхарка Берасьця.

За тыя некалькі хвілін назіраньня за карагодам Паліна і Андрэй сталі падазраванымі ў крымінальнай справе, як і дзясяткі жыхароў Берасьця.

Калі Андрэй стаў падазраваным, яму забаранілі выезд за мяжу. А ён працаваў за мяжой, і з гэтага заробку жыла сям’я. Андрэй застаўся бяз працы, сям’я — бяз грошай.

8 чэрвеня Паліну і Андрэя, а разам зь імі яшчэ восем чалавек асудзілі за карагод, далі тэрміны — «хімію». Каб Андрэй паехаў на «хімію», то сям’я засталася б без кармільца, ды яшчэ давялося б і яму дапамагаць перадачамі і грашыма.

«Лепш свабода і няпэўнасьць, чым „стабільная турма“ на Радзіме»

Паліна кажа, што яны выдатна разумелі: некалькі парушэньняў на «хіміі» — і Андрэй едзе ў турму. Нейкае парушэньне ў Паліны — і яна едзе на «хімію», а дзеці — у прытулак ці дзіцячы дом.

«Нас судзілі ні за што. Іх не спыніла нічога. Яны ведалі пра дзяцей, пра маю цяжарнасьць. Як і пра тое, што мы ні ў чым не вінаватыя. Гэта разумелі і сьледчыя, і суд, і пракуроры. Але дзейнічалі жорстка і па ўказцы. Усім, хто даходзіць да суду ў „палітычных“ справах, — усім даюць тэрміны. І мы гэта цудоўна разумеем. Разумеў гэта і наш адвакат. Таму, каб не марнаваць грошай на яго, перад судом мы параіліся і вырашылі, што будзем абараняць сябе самі, як зможам. Было дванаццаць абсурдных паседжаньняў. Яны прайшлі хутка. І мы атрымалі „свае тэрміны“. Разумеючы, што апэляцыя нічога ня зьменіць, мы пайшлі на крайнюю меру — проста ўцякаць з краіны. Іншага выйсьця не было. Калі б мы засталіся — я нават не магу ўявіць, што магло б з намі здарыцца на Радзіме. Муж у вязьніцы, я з двума малымі дзецьмі і немаўлём бяз сродкаў для існаваньня на „хатняй хіміі“. На Радзіме мы не былі б ў бясьпецы», — тлумачыць маладая маці.

Сын Ляшкоў, які пакуль ня ведае, у якую школу пойдзе
Сын Ляшкоў, які пакуль ня ведае, у якую школу пойдзе

Прыкладна праз паўтара месяца ёй нараджаць. Але як і дзе — Паліна і Андрэй пакуль ня ведаюць.

«Мы ішлі пехам... Празь лясы і балоты. Многа чаго я пакуль не магу расказаць — каб не пашкодзіць іншым людзям.... Гэты „паход“ даўся мне ў знакі пры і так нялёгкай цяжарнасьці. Мы абралі свабоду і няпэўнасьць тут, не „стабільную турму“ на Радзіме. Маральна гэта страшна і балюча. Але мы спадзяемся, што нармальныя людзі, беларусы, нас падтрымаюць. Вядома, мы хочам вярнуцца на Радзіму, у Новую Беларусь, пра якую мараць так шмат людзей», — зазначыла Паліна.

Цяпер яны вырашаюць процьму праблем ва Ўкраіне: як легалізавацца, за што жыць, куды ўладкаваць — сына ў школу, а дачку ў садок. «Дзе гэта ўсе будзе? Як гэта зрабіць у кароткі тэрмін? Аформіць дакумэнты — і ў тым ліку на дзяцей, купіць усё неабходнае для немаўляці — вось такія цяпер асноўныя праблемы і страхі», — кажа маладая маці.

Малая дачка Ляшкоў
Малая дачка Ляшкоў

Дзеці былі напалоханыя ўсімі гэтымі падзеямі. «Яны і цяпер ня могуць зразумець — чаму мы ня дома, дзе мы і што. Але мы стараемся забаўляць іх, адцягваць увагу ад гэтых дарослых праблем», — дадала Паліна.

Што за «карагодная справа?»

  • 13 верасьня падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў сотні берасьцейцаў выйшлі на скрыжаваньне праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод.
  • Паводле абвінавачаньня, людзі «дзейнічалі ў групе зь іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, сьвісталі, выгукалі лёзунгі, пляскалі ў ладкі, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкаджалі працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў».
  • Сілавікі ўжылі супраць жыхароў Берасьця вадамёт і разагналі карагод.
  • Усяго ў крымінальнай справе праходзяць прынамсі 60 чалавек. Ужо прайшлі пяць судоў, на якіх судзілі па 10–14 жыхароў Берасьця.
  • Суды над наступнымі «партыямі» працягваюцца і цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG