Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» з аглядальнікам Радыё Свабода Юрыем Дракахрустам абмяркоўваюць блогер Сяргей Лаўрыненка і кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі.
Дракахруст: З 20 сьнежня забараняецца наземны выезд зь Беларусі. Сьпіс выключэньняў вельмі невялікі, выезды па іх не часьцейшыя, чым раз на паўгода. Але самалётам вылецець будзе можна.
У сацыяльных сетках ужо шмат камэнтароў наконт таго, што гэта ператварэньне Беларусі ў Паўночную Карэю, як сьпявалі The Beatles — Back in the USSR.
Але вось на самалёце можна. З КНДР выехаць нельга ніяк. Якая ж Паўночная Карэя?
Абгрунтаваньне спасылкай на каранавірус — даволі дзіўнае. Шмат краінаў уводзілі транспартныя абмежаваньні. Але яны забаранялі ехаць да сябе, а сваім грамадзянам не забаранялі.
Рудкоўскі: Калі ў гэтым рашэньні існуе лёгіка, то гэта лёгіка ўмацаваньня кантролю. Гэта заўсёды было мантрай рэжыму. А ў сытуацыі крызісу паменела магчымасьцяў пераконваць тых, хто нязгодны. Рэжым і раней ня надта напружваўся ў перакананьнях. А цяпер і пагатоў.
І тое, што адбывалася апошнія 3 месяцы — гэта таксама было спробай узяць грамадзтва пад больш жорсткі кантроль.
Лукашэнка ўвесь час патрабуе ад падначаленых: прымусьце людзей працаваць. У 2017 годзе гэта прывяло да моцнага пратэсту. Такія мэтады контрапрадуктыўныя для самой улады. Тое ж тычыцца і закрыцьця межаў. Гэта — малітва на «сьвяты кантроль».
Дракахруст: Але рэакцыя на пачатку палітычнага крызісу, у жніўні, была не такой, а дакладней, адваротнай. Выезд не абмяжоўвалі, а нават заахвочвалі эміграцыю непажаданых асобаў. Ціханоўскую і Кавалькову выштурхнулі з краіны, Калесьнікаву — спрабавалі выштурхнуць, Алексіевіч, Латушку і Дылеўскаму выехаць з краіны не перашкаджалі.
З высокіх трыбунаў адкрыта гаварылася, што калі некаму беларускія парадкі не падабаюцца — прэч зь Беларусі, «валіце», маўляў, паветра бяз вас чысьцейшае будзе.
Лукашэнка тлумачыў, што адным з чыньнікаў пратэсту былі працоўныя мігранты, якія вярнуліся ў Беларусь з заробкаў падчас пандэміі.
Лаўрыненка: Адказ на пытаньне — на Ўсходзе. Сёньня ўступіла ў дзеяньне дамова з Расеяй аб узаемным прызнаньні візаў. Магчыма, закрыцьцё межаў неяк зьвязана з гэтым пагадненьнем.
Памежны камітэт Беларусі на сваім сайце апублікаваў тлумачэньне гэтай пастановы ўраду. Паводле яго, закрываюцца наземныя межы з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Ўкраінай. Але нічога не сказана пра мяжу з Расеяй. Там жа пунктаў пропуску няма. Хутчэй за ўсё, пропуск празь мяжу з Расеяй захаваецца.
Так што не выключаю, што гэтая забарона на выезд у трэція краіны — частка нейкіх пагадненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй.
Рудкоўскі: Увесну, падчас першай хвалі пандэміі, Расея забараняла ўезд да сябе зь Беларусі. Што да гэтага рашэньня беларускіх уладаў, я тут ня бачу ні наўпроставага, ні ўскоснага ўплыву Расеі. Што да супярэчнасьці паміж цяперашнім рашэньнем і папярэдняй рыторыкай, то цану рыторыкі Лукашэнкі і яго паплечнікаў мы ведаем.
Калі ўлады высылалі Ціханоўскую і Кавалькову, калі забаранялі вяртаньне ў краіну Кандрусевічу — гэта яны вырашалі, каму дзе быць і жыць.
А калі былыя супрацоўнікі СК спрабавалі ўцячы, далёка ня ўсім гэта ўдалося.
Дракахруст: У мяне ёсьць дзьве гіпотэзы, чаму ўсё ж адбылася зьмена ня толькі рыторыкі, але і дзеяньняў, практыкі.
Прэм’ер Раман Галоўчанка нядаўна заявіў пра небясьпеку «выцеку мазгоў». На пачатку пратэстаў было не да гэтага. А цяпер, калі палічылі, то ацанілі, што сапраўды вялікія страты вынікаюць для эканомікі ад рэлякацыі многіх бізнэсаў, ад эміграцыі каштоўных спэцыялістаў.
І другая гіпотэза — улада палічыла, што яна перамагла пратэст, здушыла «бунт». У жніўні, калі было горача, быў падыход — чым менш пары, гаручага матэрыялу, будзе ў краіне, тым лепш. А цяпер, калі яны лічаць, што перамаглі, то наяўнасьць гаручага матэрыялу іх ужо не палохае. Народ — гэта прыгонныя, павінны працаваць, і ніякага «Юрʼевага дня» ім ня будзе.
Рудкоўскі: Мы прыпісваем уладам занадта лягічную карціну сьвету. Многія рашэньні прымаюцца спантанна, нелягічна, без аналізу сытуацыі. Гледзячы з усяго, яны шчыра вераць, што большасьць на іх баку. А ў выніку разьлік на тое, што ўлада прыцісьне «пратэстуноў», і большасьць за гэта будзе ўладу яшчэ больш любіць.
Лаўрыненка: Тыя ж ІТ-шнікі, калі зьяжджаюць з краіны, то хутчэй за ўсё карыстаюцца самалётамі. А аўтатранспартам ці чыгункай карыстаюцца пераважна звычайныя рабацягі. І па іх гэтая забарона ўдарыць найбольш. Хаця мо ня так і моцна. Шмат якія суседнія дзяржавы забараняюць уезд да сябе. Таму забарона выяжджаць зь Беларусі ня вельмі паўплывае на сытуацыю, калі забаронена ўяжджаць у краіны, куды беларусы імкнуцца.
Нават калі ўлады палічылі, што яны гэтым разам перамаглі, яны ўсьведамляюць, што тых, хто супраць, — як мінімум дзясяткі адсоткаў. Таму тэарэтычна ўладам было б выгадней, калі б ядро пратэсту зьяжджала. А менш актыўныя, хай сабе і ня згодныя з уладай — хай застаюцца, хай працуюць.
Зь іншага боку, вельмі шмат палітычна актыўных людзей ужо выціснулі з краіны. Хаця мы ня ведаем, ці будзе выконвацца гэтая пастанова.
Дракахруст: Пасьля праваслаўнага Раства ці пасьля «старога Новага году» ўлады абвесьцяць: найвастрэйшая фаза пандэміі прайшла, цяпер мы скасоўваем забарону, аднаўляем дазвол на выезд. Калі так адбудзецца, ці вельмі гэта вас зьдзівіць?
Лаўрыненка: Не, я ня буду зьдзіўлены. Ходзяць чуткі, што пад Новы год могуць увесьці карантынныя меры, нават пэўны локдаўн. Забарона на выезд будзе выглядаць як частка гэтых мераў. А потым, магчыма, хутка скасуюць.
Дракахруст: Пётра, вы сказалі, што забарона на выезд — гэта частка ідэалягічнага канцэпту ўлады наконт умацаваньня кантролю. Тады тэарэтычна адкручваць назад не павінны. Але тым ня менш — а ці вас вельмі зьдзівіць, калі праз пэўны непрацяглы час гэтую забарону скасуюць?
Рудкоўскі: І мяне таксама гэта не зьдзівіла б. Наадварот, мяне зьдзівіць, калі гэтую забарону не скасуюць — раней ці пазьней. Асэнсаванасьць, стратэгія — не пра гэты рэжым. Кантроль — гэта не ідэалёгія, гэта хутчэй псыхалягічная ўстаноўка.
Доўгі час гэта працавала, Лукашэнка меў інтуіцыю, палітычны інстынкт і шмат разоў выйграваў. Але цяпер гэта не працуе.