У Беларусі ёсьць кандыдатура на пасаду амбасадара ў ЗША, але ў цяперашніх умовах няма сэнсу яго туды накіроўваць. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, перадае БелТА.
«Адносіны з ЗША, як і зь любой іншай дзяржавай, для нас заўсёды актуальныя. Мы ў свой час займаліся падборам кандыдатуры амбасадара ў ЗША. Больш за тое, у нас ёсьць гэтая кандыдатура, але ў цяперашніх умовах, натуральна, няма сэнсу накіроўваць нашага амбасадара ў ЗША ў сувязі з тымі санкцыйнымі дзеяньнямі, якія былі зробленыя гэтай краінай у адносінах да Беларусі», — заявіў кіраўнік МЗС.
Уладзімер Макей падкрэсьліў, што «менавіта ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларусі, мы вымушаныя былі даць адэкватны адказ на тыя агрэсіўныя крокі, якія былі зробленыя ў адносінах да Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўгі на 1,2 мільярда. Што зь БелАЗам, супраць якога ўвялі санкцыіЁн патлумачыў, чаму Менск скасаваў згоду на прыезд амбасадаркі ЗША Джулі Фішэр.
«У гэтых умовах мы, натуральна, не палічылі магчымым мець у Беларусі такога амбасадара, як спадарыня Фішэр, і адклікалі агрэман. Таму што, не пасьпеўшы прыехаць у краіну, яна зрабіла ўжо столькі абразьлівых заяваў у дачыненьні да Беларусі і яе народу, што яе знаходжаньне тут у дадзенай сытуацыі не было б мэтазгодным», — сказаў міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шасьцёра амэрыканскіх дыпляматаў вымушана пакінулі БеларусьЁн таксама выступіў з крытыкай сайта амбасады ЗША ў Беларусі, назваўшы яго «прапагандысцкай агіткай супраць дзейнай улады».
«Гэта ня сайт замежнай установы, якая закліканая аналізаваць сытуацыю ў краіне, умацоўваць адносіны паміж дзяржавамі, чым і займаецца дыпляматыя. Гэта нейкая прапагандысцкая агітка супраць дзейнай улады. Як да гэтага ставіцца? Гэта абсалютна варожыя дзеяньні ў адносінах да Беларусі. І гаворка тут не ідзе ні пра якае ўмацаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці, пра што заўсёды нам спрабуюць гаварыць нашы амэрыканскія партнэры», — сказаў Макей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым бязьмежна баіцца праўды». Амбасада ЗША і Эўразьвяз пракамэнтавалі напад на БелаПАН- Амбасада ЗША неаднаразова выступала з асуджэньнем стану правоў чалавека ў Беларусі.
- Днямі беларускі бок запатрабаваў ад ЗША скараціць пэрсанал свайго дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі да 5 чалавек.