Я добра памятаю, як выйшла з Жодзінскага ізалятара пасьля першай адседкі. Сяброўка павезла мяне на Акрэсьціна паспрабаваць забраць рэчы, якія не перавезьлі са мной пры этапаваньні, і ў сквэрыку перад ізалятарам мяне сустрэў той самы валянтэрскі лягер. Напаілі сокамі, накармілі, патлумачылі, што і як рабіць. Калі мяне пачало літаральна трэсьці ад стрэсу, далі пачак цыгарэт.
У той дзень я так і не змагла забраць свае рэчы, і калі яшчэ некалькі разоў вярталася па іх і ў мяне ўжо здавалі нэрвы, мяне літаральна падхоплівалі псыхолягі. Калі я была ў лепшым стане, валянтэры прасілі ўжо мяне саму размаўляць з роднымі затрыманых і супакойваць іх, калі тыя панікавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянтэры сышлі ад турмы на Акрэсьціна пасьля ўчорашняй атакі на грамадзянскую супольнасьцьКалі мне патрэбная была сур’ёзная псыхалягічная дапамога, спэцыялістка аказвала яе на валянтэрскай аснове. Калі спатрэбілася дапамога мэдыкаў, у прыватным цэнтры мяне прынялі і абсьледавалі бясплатна. Знаёмыя і незнаёмыя людзі прапаноўвалі дапамагчы грашыма, вывезьці на прыроду, прывезьці ежу, аплаціць масаж і іншую рэабілітацыю. Пасьля другой адседкі і перад выездам зь Беларусі фінансава падтрымаў фонд Media Solidarity Belarus.
Здаецца, для беларусак і беларусаў займацца дабрачыннасьцю — гэта ўжо ня проста добры тон. У сытуацыі, калі тысячы і тысячы людзей аказваюцца ў глыбокім крызісе і, безумоўна, ім недаступная сацыяльная падтрымка дзяржаўных інстытуцый, менавіта дабрачыннасьць ратуе іх (нас) ад турмы, маргіналізацыі і нават сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзей знарок трымалі ў турмах, каб у іх загаіліся раны». Менскі валянтэр аб працы каля турмаў і ад’езд за мяжуЗа апошні год мабілізаваліся ўсе магчымыя зьнешнія і ўнутраныя беларускія недзяржаўныя структуры. Мы дапамагалі адно аднаму праз фонд салідарнасьці BySol і кампанію ByHelp, фонды «Страна для жизни», Belarus Together Inc і іншыя. Беларуская дыяспара арганізавала праект #ineedhelpby, які дапамагае сем’ям пацярпелых ад рэпрэсій. Людзей бясплатна забясьпечваюць ежай на два тыдні, каб яны ня мусілі эканоміць на прадуктах. Праект AvocadoHelp дапамагае шукаць і аплачваць паслугі адвакатаў, гостэл Dream Hostel Kyiv дае беларусам зьніжку ў 10%, Цэнтар беларускай салідарнасьці комплексна дапамагае тым, хто пераехаў і зьбіраецца пераехаць у Польшчу.
Гэты сьпіс фондаў і ініцыятыў можна працягваць вельмі доўга, але, акрамя іх, ёсьць індывідуальныя зборы для канкрэтных людзей і сем’яў і рэгулярная дапамога дыяспар у розных краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё пачалося з жаночых сьняданкаў». Як фонд «Разам» дапамагае і аб’ядноўвае беларусаў у Літве.Калі я аказалася ў Рызе, беларуская дыяспара дапамагла і з часовым жытлом, і зь ежай, і з вопраткай. Пажыўшы нейкі час на новым месцы, мы самі пачынаем дапамагаць тым, хто пераяжджае цяпер. Бяз гэтай шырокай сеткі ўзаемападтрымкі і ўзаемадапамогі ўсім нам было б нашмат, нашмат складаней і фізычна, і фінансава, і маральна.
Я не магу і не хачу гаварыць за іншых, але мне самой нашмат прасьцей зьмірыцца зь нежаданымі зьменамі, калі я бачу, што іншыя людзі гатовыя падтрымаць і кажуць тым самым, што яны цэняць маю працу і што я «ішла на барыкады» не дарма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі дзіцячы госьпіс зьбіраюцца ліквідаваць у судовым парадкуЦяпер улады вельмі старанна спрабуюць здушыць тую дабрачыннасьць, да якой могуць дацягнуцца. Лічаць штрафы нясплачанымі, калі іх аплачвалі фонды, арыштоўваюць тых, хто арганізоўваў дабрачынныя і валянтэрскія ініцыятывы. Але шмат да каго яны дацягнуцца ня ў стане. А мы, як кажуць, партызанская нацыя і ўмеем блытаць сьляды.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.