Мэрыя Вільні адвяла будынак на адной з цэнтральных вуліц гораду пад Дом беларускай культуры, у якім будзе разьмяшчацца і Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. Некалькі некамэрцыйных арганізацый, якія займаюцца дапамогай беларусам у Літве, заключылі дамову з музэем і ўвайшлі ў склад сузаснавальнікаў Дома.
За пару месяцаў валянтэры фонду разам з рэлякантамі зрабілі рамонт, прывялі будынак у парадак і распачалі актыўнасьці. Ідэя праекту «Ты не адзін» зьявілася таму, што шмат беларусаў, якія пераехалі, цяпер знаходзяцца ў цяжкім псыхалягічным стане і маюць патрэбу ў адаптацыі.
«Сустрэчы паступова сталі псыхалягічнай тэрапіяй»
«Ідэя праекту нарадзілася выпадкова, калі ў чаце "Беларусы Вільні" адна дзяўчына напісала: "Дзяўчаткі, а давайце мы як-небудзь зробім жаночы сьняданак?". Яна стварыла групу, нават ня ведаючы, што на гэта ўжо ёсьць пляцоўка, хоць мы ў ёй яшчэ заканчвалі рамонт, цягалі мэблю. Я напісала, што ў нас ёсьць месца, дзе сабрацца. І цяпер кожную суботу аб 11-й раніцы ў нас праходзяць "Жаночыя сьняданкі"», — тлумачыць валянтэрка фонду «Разам» Віялета.
«Жанчыны па суботах на тры гадзіны адпачываюць ад дзяцей, мужоў, — дадае яшчэ адна валянтэрка Вольга. — Першы раз падчас знаёмства, вядома, было шмат тэмаў. Кшталту, зь якой прычыны выехалі, у каго што здарылася і чым займаліся. Паступова гэта стала такой псыхалягічнай тэрапіяй, каб адаптавацца трошкі і ачуцца пасьля ўсіх падзей».
На першым сьняданку выявілася вельмі шмат таленавітых людзей, якія хочуць падзяліцца сваімі ведамі, кажа Віялета. Такім чынам, кожны «Жаночы сьняданак» праходзіць са сьпікерамі і мае адмысловую тэматыку. На адным са сьняданкаў выступала беларуская пісьменьніца Ганна Златкоўская са сваёй новай кнігай «Паляваньне на матылькоў», а таксама дзяўчына, якая мела на радзіме ўласны чайны клюб, яна правяла чайную цырымонію.
«Праз гэта мы таксама прыдумалі кожную пятніцу рабіць вечар з гарбатай, музыкай, размовамі і мэдытацыяй. Мінулы сьняданак быў зь дзяўчынай, у якой быў свой праект у Беларусі "Душа батаніка", яна ўсё ведае пра расьліны і хоча падзяліцца ведамі пра тое, як даглядаць кветкі. Адна з удзельніц расказала пра сваю кветку, якую яна назвала Ромка, бо купіла ў дзень гібелі Рамана Бандарэнкі і цяпер яна пачала чэзнуць і дзяўчына сказала: "Гэта будзе катастрофа, калі яна загіне, я другі раз буду перажываць сьмерць Ромкі". І мы зразумелі, што гэта нашмат больш, чым проста догляд расьлін, гэта кветкавая тэрапія, якая псыхалягічна дапаможа жанчынам і дзяўчатам спраўляцца з болем праз кветкі, якія ў іх ёсьць», — кажа Віялета.
Неўзабаве да каманды фонду далучыцца псыхоляг, якая працавала зь людзьмі, што прайшлі праз турму і катаваньні ў Беларусі.
«Мы запускаем два віды псыхалягічнай дапамогі: трохмесячны групавы трэнінг і індывідуальныя кансультацыі. Мы ня сталі абмяжоўваць псыхалягічную дапамогу толькі катэгорыяй пацярпелых на пратэстах. Пасьля ўцёкаў ад жахаў у Беларусі, людзі сутыкнуліся з праблемамі адаптацыі і інтэграцыі. І гэта сур’ёзна, таму мы яшчэ запускаем сямейныя кансультацыі і таксама для дзетак, бо яны апынуліся вымушанымі сьведкамі падзей і пакутавалі маральна».
«Хочам зрабіць яшчэ заняткі кунфу і ўшу»
Таксама ў Доме беларускай культуры праходзяць бясплатныя заняткі літоўскай мовы два разы на тыдзень і курсы акадэмічнага рысунку.
«Выкладчыца рысунку мастачка Раса Рымідзіце вельмі перажывае ўсю гісторыю, зьвязаную з беларусамі і Беларусьсю. Яе таксама перасьледавалі ў Савецкім Саюзе за нязгоду з афіцыйнай пазыцыяй улады і маглі пасадзіць у турму. Яна дапамагае нам і праводзіць урокі бясплатна. Заняткі рысаваньнем супакойваюць і даюць пазбавіцца ад успамінаў, бо жыцьцё перавярнулася ва ўсіх: тых, хто прыехаў, і тых, хто жыў тут і цяпер аказвае дапамогу. Мы ўсё гэта робім бясплатна, як валянтэры», — кажа Віялета.
Заняткі праходзяць у выставачнай галерэі Дома беларускай культуры. На рысаваньні няма абмежаваньняў і можа прыйсьці кожны ахвочы любога ўзросту.
«Таксама мы ўжо два месяцы на сьвітанку займаемся цыгунам. Яго праводзіць майстар, які меў у Менску школу баявых мастацтваў і вымушаны быў пераехаць. Цяпер мы хочам зрабіць яшчэ заняткі кунфу і ўшу, бо дзяўчаты нашы сказалі: "Цыгун — гэта добра, вядома, але навучыце нас біцца". Заняткі будуць для дзяцей і дарослых».
Неўзабаве фонд плянуе адкрыць кніжны клюб і тэатральны гурток, запусьціць курс па 2D-анімацыі, ладзіць музычныя вечарыны ў двары. А зь верасьня будзе працаваць нядзельны беларускамоўны рэпэтыцыйны цэнтар для школьнікаў.
«Актыўнасьцямі ў праекце "Ты не адзін" мы хочам аб’яднаць людзей, — кажуць валянтэркі. — Любы чалавек ці ініцыятыва, якім трэба прастора, могуць зьвязацца, узгадніць з намі час, прыйсьці і свабодна выкарыстоўваць памяшканьні Дома пад свае праекты. Але пры адной умове: калі гэтыя праекты добрыя і накіраваныя на дапамогу беларусам».
Цяпер Дому беларускай культуры патрэбна матэрыяльная падтрымка, бо ўсе актыўнасьці праходзяць бясплатна.
«Нам вельмі патрэбны прынтар, алоўкі, папера, мальбэрты для заняткаў рысункам, падручнікі літоўскай мовы, музычныя інструмэнты — гэта было б вельмі крута, — расказваюць прадстаўніцы фонду. — Таксама кава, гарбата, якімі мы частуем наведнікаў. Шукаем і людзей, якія ўмеюць пісаць, весьці сацыяльныя сеткі. Дапамога патрэбна ва ўсім».
Пра фонд «Разам»
Фонд «Разам», які дапамог шматлікім беларусам, паўстаў у канцы жніўня 2020 году. Арганізацыя зарэгістраваная, ейны юрыдычны статус дапамагае кантактаваць зь літоўскімі ўладамі, каб вырашаць шырокі спэктар пытаньняў: пошук працы, уладкаваньне дзетак у садкі і школы. Фонд дапамагае аплаціць рэлякантам жытло, купіць прадукты, здабыць вопратку і бытавую тэхніку для тых, хто прыехаў зусім бяз рэчаў.
Валянтэры фонду разьмяшчаюць гісторыі людзей і розных ініцыятываў на старонках у Facebook i Instagram, а таксама на сваёй адмысловай плятформе Get Donate, дзе можна ахвяраваць сродкі.
Арганізацыя дапамагае вырашаць бытавыя, сацыяльныя праблемы, пытаньні з дакумэнтамі і легалізацыяй на тэрыторыі Літвы, таксама тут кансультуюць людзей, якія яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, як бясьпечна выехаць.
Таксама фонд арганізаваў для 45 беларускіх дзетак адпачынак у летніку на Балтыйскім моры.
«Асноўны сэнс Дома беларускай культуры, каб ён быў месцам, куды кожны беларус можа прыйсьці і атрымаць любую дапамогу, пачынаючы ад чалавечых зносін і заканчваючы рэальнай дапамогай з жытлом, працаўладкаваньнем, дакумэнтамі, атрымаць юрыдычную і псыхалягічную кансультацыі. Мы зразумелі, што цяпер вельмі вялікая запатрабаванасьць у зносінах, у кантактах і таму Беларускі дом тут — гэта тэрыторыя камфорту, утульнасьці, і любыя людзі з добрымі думкамі, мэтамі, могуць сюды прыходзіць з 9 раніцы да поўначы», — кажа валянтэрка фонду «Разам» Віялета.