Павал Філіповіч жыў у Менску, меў свой уласны пасьпяховы бізнэс, але падзеі ў краіне цалкам перавярнулі яго жыцьцё.
«Пачалося з таго, што 11 жніўня я прыехаў у Жодзіна, каб дапамагчы затрыманым, знайсьці пра іх інфармацыю, паведаміць сваякам, — расказвае Павал. — Разам зь іншымі валянтэрамі мы стварылі тую сыстэму, якая потым адладжана працавала. Сфармаваўся вялікі лягер. Працэдура была такая: чалавека, які выходзіць з турмы, сустракаюць і заносяць у сьпісы, далей аглядаюць мэдыкі і псыхолягі. Калі чалавека не сустрэлі сваякі, то яго аўтавалянтэры вязуць дадому. Гэта працавала дзень і ноч, людзі выходзілі ў вельмі цяжкім стане», — кажа Павал Філіповіч.
Павал кажа, што такі «працоўны» дзень цягнуўся ад 7 раніцы і да 23:30 вечара, калі выпускалі апошняга чалавека. Без выходных. У жніўні ў адным толькі Жодзіне разглядалі каля 250 справаў за дзень, таму ў будныя дні дзяжурыла 17 машын аўтавалянтэраў.
«Таксама мы дапамагалі ў дні перадач, каб не было хаосу сярод сваякоў. Мы фармавалі так званую чаргу, правяралі самі перадачы (што прапусьцяць, а што не, каб не было блытаніны), дапамагалі запоўніць правільна ўсе паперы. Мы таксама маніторылі ўсе перамяшчэньні. Быў выпадак, калі мы паехалі проста за аўтазакамі, высьветлілі, што хлопцаў павезьлі ў Магілёў, і дзякуючы гэтаму змаглі своечасова разьмясьціць усе сьпісы ў тэлеграм-канале».
Павал падкрэсьлівае, што валянтэры ня мелі ніякага дачыненьня да арганізацый і фондаў, гэта было стыхійна сфармаванае аб’яднаньне грамадзян, каб дапамагаць тым, хто ў цяжкім становішчы. Усё неабходнае валянтэры куплялі за ўласныя сродкі.
Да гэтых падзей хлопец ужо меў досьвед валянтэрства.
«Я з 2007 году дапамагаю дзецям у псыханэўралягічных інтэрнатах. Разам зь іншымі людзьмі мы зьбіралі інфармацыю, што неабходна дзеткам, усё гэта закуплялі і прывозілі, рабілі падарункі, салодкія сталы, ладзілі мерапрыемствы. Калі пачаў валянтэрства з рэпрэсаванымі, пакінуў свой бізнэс і ўсю энэргію накіраваў на тое, каб дапамагаць людзям. У нас былі хлопцы-валянтэры з ІТ-індустрыі, дык яны працавалі проста пад сьценамі турмаў, калі зьяўлялася магчымасьць. Некаторыя, як і я, кінулі працу, каб больш дапамагаць».
Хлопец кажа, што валянтэрства моцна зьмяніла яго погляды.
«Раней не было такой згуртаванасьці народу і вось такой аднадушнасьці. Усе падзеі вельмі моцна паўплывалі, калі кожны дзень адбываецца такое, што каго-небудзь з тваіх сяброў затрымліваюць, калі ты штодзень сустракаеш людзей каля турмы. Усё гэта наклала свой псыхалягічны адбітак».
Пад канец зімы пачалі затрымліваць знаёмых Паўла — быццам «за парушэньне грамадзкага парадку», але папраўдзе за іх валянтэрскую дзейнасьць, упэўнены Павал. Хлопца папярэдзілі пра магчымае затрыманьне, і ў сакавіку ён пасьпеў зьехаць у Літву.
«Я ня ведаю, якая сытуацыя цяпер у Беларусі што да мяне. Але за са студзеня па цяперашні момант затрымалі шэсьць чалавек нашых, яны дагэтуль у засьценках», — кажа ён.
«Гэта вельмі глыбокі парэз у душы кожнага беларуса»
Пасьля прыезду ў Літву Павал не адразу зразумеў, што больш за паўгода быў у вельмі стрэсавай сытуацыі. Яму здавалася, што ўсё ў парадку.
«Пачуцьцё страху максымальна прытупілася ў Беларусі, бо я штодзень знаходзіўся пад турмой, дапамагаў людзям і бачыў іх у цяжкім стане і з траўмамі. Мне трэба было быць максымальна стрыманым, бо калі б я быў да гэтага ўражлівы, то ня змог бы аказваць неабходную чалавеку дапамогу. Я пастаянна душыў усе эмоцыі, а іх набіралася ўсё больш».
Свой сапраўдны псыхалягічны стан Павал адчуў толькі пасьля таго, як апынуўся ў бясьпечнай і свабоднай прасторы, і то не адразу.
«Вельмі часта задаесься пытаньнем: а можна вось гэта? І табе кажуць: „Так, вядома, а чаму не? Што ў гэтым такога?“. І ў такія моманты разумееш, што ты ўвесь час у Беларусі быў нейкай моцна задушанай асобай, якой не давалі права голасу. Гэта вельмі моцны кантраст. Тут табе кажуць пастаянна: „Усё нармальна, усё добра, ня бойся, тут усё ў парадку“. І ты пачынаеш гэта ўсьведамляць, што тут ніхто цябе не перасьледуе, ня схопіць, нікуды не адвязе, не пасадзіць у клетку, зь цябе ня будуць зьдзекавацца. Але ўсё роўна сувязь з гэтым страхам да канца яшчэ ня зьнікла».
Таксама ў хлопца застаўся страх паліцыі.
«25 Сакавіка, калі быў Дзень Волі, у мяне скончыўся карантын, і мы пайшлі на марш салідарнасьці ў Вільні. Калі ішлі па Лукіскай плошчы да амбасады, побач ехала паліцыя зь мігалкамі. Я добра ўсьведамляў, што паліцыя едзе для таго, каб нам было бясьпечней, але вачыма я шукаў, куды ўцякаць. Бывае, калі проста шпацыруеш па горадзе і праяжджае мікрааўтобус, падобны да тых, што выкарыстоўвалі сілавікі, адразу пачынаецца паніка. Гэта хутка праходзіць, бо разумееш, што ты ў іншай краіне, з табой тут усё будзе ў парадку, і сябе супакойваеш».
Павал кажа: праз тое, што рабілі беларускія сілавікі, давер да іх, нават пасьля перамогі пратэсту, не адновіцца хутка.
«Гэта вельмі глыбокі парэз у душы кожнага беларуса. І стаўленьне да сыстэмы МУС, міліцыі ўжо ніколі ня стане даверлівым у нашага пакаленьня. Ва ўсіх у памяці і перад вачыма тое, што адбывалася. Усе бачылі ўсё на ўласныя вочы: выбухі гранат, удары, сінякі, увесь гэты жах. Людзей трымалі знарок у турмах, каб у іх загаіліся раны, каб косьці ў іх пераламаныя зрасьліся, каб яны, калі выйдуць, не былі такімі візуальна страшнымі ад тых гематом. Вельмі многія людзі пабаяліся здымаць пабоі, падаваць скаргі, таму што адразу на іх пачаўся б жудасны прэсінг, крымінальны перасьлед. Будзе доўгі час дакладна сфармаваная думка: што б ні здарылася, не зьвяртацца да сыстэмы МУС — гэта вельмі небясьпечна».
Тут Павал узгадвае гісторыю са свайго валянтэрскага досьведу, якая дагэтуль яго не адпускае.
«Я ніколі не забуду двух хлопцаў з Рыгі, якія прыехалі па працы ў Менск, жылі на праспэкце Пераможцаў. 11 жніўня яны зьбіраліся ляцець дамоў, ішлі ў гатэль, каб сабраць рэчы, прайшлі першы кардон, дзе паказалі латвійскія пашпарты, свае квіткі на самалёт. Потым другі кардон іх таксама прапусьціў, а на трэцім ім сказалі: „Як іх адпускаць? Яны ж з Латвіі, значыць, арганізатары“. Іх скруцілі, запхнулі ўсярэдзіну і пачалі палохаць, што іх павязуць у КДБ. Ім не далі зьвязацца ні з кім, праз тры дні сярод ночы выкінулі з турмы ў жудасным стрэсе, іх білі, — кажа Павал. — Мы іх давезьлі да гатэля, дапамаглі зьвязацца з консулам. Па выніку ім паставілі штамп аб дэпартацыі за парушэньне візавага рэжыму. Тады заступіўся консул, і іх суправаджалі зь мігалкамі да трапа самалёта», — успамінае Павал.
«Мне вельмі хочацца вярнуцца»
Паўлу ўдалося выехаць у Літву праз гуманітарны калідор. Яго сустрэлі ў аэрапорце і дапамаглі наняць жыльлё на час карантыну.
«Я тады не разумеў, што адбываецца, я ехаў практычна бяз грошай. Мне дапамаглі з жыльлём тут, і блізкія знаёмыя зь Менску фінансава на першы час. Я пачаў шукаць працу на месцы і працягваў працаваць у беларускім інтэрнэт-рэсурсе. Потым я наняў жыльлё, і трэба было ўнесьці досыць вялікую суму, дэпазыт за два месяцы, і ў мяне амаль нічога не засталося. Тады я зьвярнуўся ў фонд „Разам“, і мне дапамаглі разьмясьціць заяву на іх плятформе Get Donate».
Цяпер Павал адчувае сябе лепш, бо кажа, што дзякуючы ахвяраваньням можа забясьпечыць сабе жытло, ежу і вопратку. І дадае, што ўжо тыдзень працуе і таму спадзяецца, што неўзабаве пачне зноў дапамагаць іншым.
«Мне вельмі хочацца вярнуцца ў сваю краіну і жыць у Беларусі, але я ня ведаю, калі гэта адбудзецца», — кажа ён.
Пра фонд «Разам»
Фонд «Разам», які дапамог Паўлу і іншым беларусам, утварыўся ў канцы жніўня 2020 году. Арганізацыя зарэгістраваная, і яе юрыдычны статус дапамагае кантактаваць зь літоўскімі ўладамі, каб вырашаць шырокі спэктар пытаньняў. Валянтэры фонду разьмяшчаюць гісторыі людзей і розных ініцыятываў на старонках у Facebook i Instagram, а таксама на сваёй адмысловай плятформе Get Donate, дзе можна ахвяраваць сродкі.
Арганізацыя дапамагае вырашаць бытавыя, сацыяльныя праблемы, пытаньні з дакумэнтамі і легалізацыяй на тэрыторыі Літвы, таксама тут кансультуюць людзей, якія яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, як бясьпечна выехаць.
«Мы дапамагаем і з пошукам працы, і з вывучэньнем літоўскай мовы, дапамагаем уладкаваць дзетак у садкі і школы. Мы аплачваем жытло тым, хто толькі прыехаў і ў іх няма ніякіх сродкаў, купляем прадукты ў крамах. Мы арганізавалі віртуальны склад, у якім раздаём вопратку, бытавую тэхніку, кампутары, тэлевізары, тэлефоны. Нам вельмі шмат дапамагаюць беларусы зь іншых краін, дасылаюць рэчы. Нядаўна прыйшла цэлая машына зь Нідэрляндаў з бытавой тэхнікай і адзеньнем. Мы ўсё гэта раздаём бясплатна людзям», — кажа валянтэрка фонду Віялета.
Самому фонду таксама неабходная дапамога, каб працягваць сваю дзейнасьць.
«У нас ёсьць валянтэрка, якая стварае цудоўныя работы зь бісэру — робіць брошкі ў выглядзе бел-чырвона-белага сэрца. Мы праз наш фонд іх можам распаўсюджваць, і ўсе сродкі з гэтых работ трацім на дапамогу людзям».
Дапамога фонду патрэбна ня толькі фінансавая. Віялета адзначае, што цяпер неабходны юрысты, псыхолягі, спэцыялісты, якія могуць займацца зь дзеткамі навучаньнем і творчасьцю ды інш.
«Нядаўна мэрыя Вільні адвяла будынак пад беларускі цэнтар культуры. Цяпер мы ня можам адкрыць яго, бо ён ня ў вельмі добрым стане і нам патрэбны грошы на мінімальны рамонт. Мы плянуем там стварыць дом для беларусаў. Хочам, каб там працаваў музэй Івана Луцкевіча, таму што сабрана вялікая калекцыя, яна захоўваецца пакуль у куфрах, у скрынях. Там будзе некалькі арганізацый, і хочам зрабіць там інтэграцыйны, інфармацыйна-кансультацыйны і творчы цэнтры для працы зь дзеткамі, — тлумачыць Віялета. — Таму нам патрэбны валянтэры, усе людзі, якія могуць нешта даць ня толькі ў фінансавым, але і ў эмацыйным, творчым пляне, могуць нечаму навучыць».