Сьцісла
- Уся расейская прапагандысцкая машына будзе імкнуцца даказаць, што візыт Зяленскага ў ЗША быў нічога ня варты.
- Байдэн узяў курс на аднаўленьне саюзьніцтва зь Нямеччынай, Эўразьвязам.
- Тэма карупцыі ва Ўкраіне гучыць асабліва востра на фоне таго, што адбылося ў Афганістане.
- Узровень падпарадкаванасьці Лукашэнкі Пуціну ня меншы за 90 працэнтаў.
- Кіраўніцтва Ўкраіны цалкам ня вызначылася, што рабіць з Беларусьсю.
— Назіраю за тым, як украінскія СМІ тры дні зацята абмяркоўваюць візыт прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага ў ЗША і ягоную сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. У мяне складаецца ўражаньне, што нават палітычныя апанэнты Зяленскага імкнуцца не крытыкаваць яго надта рэзка, спрабуючы праяўляць салідарную пазыцыю ў стратэгічных пытаньнях замежнай палітыкі. Ці сапраўды гэта так, або крытычныя галасы таксама гучаць даволі заўважна?
— Сапраўды, сярод украінскіх палітыкаў існуе пэўны кансэнсус, што адносіны стратэгічнага партнэрства з ЗША для Ўкраіны вельмі патрэбныя, і таму вельмі моцнай крытыкі няма. Нават галоўны апанэнт Зяленскага Пятро Парашэнка даў яму даволі адэкватныя парады — напрыклад, правесьці сустрэчу з дырэктарам-распарадчыкам МВФ.
Па-другое, ёсьць каму нас крытыкаваць. І я не пра Лукашэнку. Я думаю, уся расейская прапагандысцкая машына будзе гэтыя дні імкнуцца даказаць, што візыт быў нічога ня варты.
— Я заўважыў, што пытаньне газаправоду «Паўночны паток — 2» фактычна не прагучала падчас сустрэчы Зяленскага і Байдэна ў Вашынгтоне. Хаця яшчэ некалькі тыдняў, месяцаў таму былі галасы, што Ўкраіна павінна ледзь не патрабаваць ад ЗША працягваць змагацца супраць «Паўночнага патоку». Але цяпер, выглядае, Кіеў зразумеў, што ў гэтым пытаньні пазыцыю Вашынгтона ўжо ня зьменіш?
— Супраць «Паўночнага патоку» актыўна выступаюць рэспубліканцы і некаторыя дэмакраты ў Кангрэсе. Што да Байдэна, то ён нядаўна выдаў сумесную заяву з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, зь якой стала зразумела, што «Паўночны паток» будзе дабудаваны. Прычына, я лічу, даволі простая — таваразварот Украіны і ЗША недзе 4 мільярды, а таваразварот Нямеччыны з ЗША — каля 150 мільярдаў. Каго будуць слухаць амэрыканцы ў такім выпадку? Тым больш што Байдэн узяў курс на аднаўленьне саюзьніцтва з Нямеччынай, Эўразьвязам, якое было ў значнай ступені тарпэдаванае палітыкай папярэдняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я пачуў ад прэзыдэнта толькі станоўчыя словы», — Зяленскі пра сустрэчу з Байдэнам— Дык як Зяленскі выйшаў з гэтай сытуацыі з «Паўночным патокам»?
— Пасьля сустрэчы з Байдэнам Зяленскі заявіў, што той асабіста гарантуе ўзмацненьне санкцыяў у тым выпадку, калі «Паўночны паток — 2» будзе выкарыстаны супраць Украіны. Да таго ж на мінулым тыдні было агучана рашэньне нямецкага суду, што «Паўночны паток — 2» падпадае пад энэргетычнае заканадаўства Эўразьвязу, і гэта азначае, што ён можа быць запоўнены толькі напалову. Па-другое, гэты газаправод будзе тэхнічна завершаны сёлета, але прапампоўваць газ пачнуць толькі налета.
З другога боку, на гэтым тыдні Вэнгрыя падпісала з Расеяй новую газавую дамову, паводле якой яна будзе атрымліваць расейскі газ у абыход украінскай тэрыторыі. Так што праблему «Паўночнага патоку — 2» ня варта абсалютызаваць, а варта разглядаць у комплексе.
— Вельмі шмат і напярэдадні, і падчас візыту Зяленскага гавораць пра карупцыю ва Ўкраіне. Няўжо гэта настолькі сур’ёзная праблема, што яна выйшла нават на найвышэйшы міжнародны ўзровень?
— Яшчэ быўшы віцэ-прэзыдэнтам у адміністрацыі Барака Абамы, Байдэн выступаў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны і тады ўжо крытыкаваў карупцыю. Зьмяніўся прэзыдэнт, Вярхоўная Рада, а пытаньне карупцыі моцна стаіць ва Ўкраіне. І хаця Зяленскі казаў, што прывядзе новыя твары, і сапраўды ў палітыку прыйшлі новыя людзі, але спакуса красьці дзяржаўныя грошы ў іх засталася.
Мяркую, пытаньне карупцыі гучыць асабліва востра на фоне таго, што адбылося ў Афганістане, куды амэрыканцы ўклалі астранамічныя сумы. Таму амэрыканцы цяпер будуць асабліва пільна пытацца, а што зроблена ва Ўкраіне ў сфэры барацьбы з карупцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжымам Расеі і Беларусі наканавана ўспрымаць Украіну як цывілізацыйнага канкурэнта»— Беларуская тэма непасрэдна не гучала падчас перамоваў у Вашынгтоне. Але відавочна, што падзеі ў Беларусі і вакол яе — павялічэньне вайсковай прысутнасьці Расеі, магчымае падпісаньне «дарожных мапаў» падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі — ня могуць ня быць заўважанымі ва Ўкраіне. Як зьмяняецца стаўленьне да беларускай сытуацыі ў Кіеве?
— Да жніўня 2020 году я казаў, што Лукашэнка — гэта гібрыдны саюзьнік Украіны, ён такім і быў. Але цяпер стаўленьне да Лукашэнкі ва Ўкраіне зусім іншае.
Цяпер я асабіста назіраю, як Лукашэнка змагаецца за даўжыню павадка ад Крамля. Тое, што гэты павадок скарачаецца, відавочна. Я не лічу Лукашэнку на 100 працэнтаў падпарадкаваным Пуціну, але факт, што ўзровень гэтай падпарадкаванасьці ня меншы за 90 працэнтаў.
Таму Ўкраіна адпаведна вымушана на гэта рэагаваць. Але збольшага пакуль на словах. Калі дзяржавы Эўразьвязу ўжо ўвялі сэктаральныя эканамічныя санкцыі супраць Менску, то Ўкраіна толькі гаворыць, што калісьці ўвядзе індывідуальныя санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пачаў працу над пятым пакетам санкцыйТаваразварот Украіны зь Беларусьсю большы, чым з ЗША. Беларусь атрымлівае вялікія грошы ад Украіны, прадаючы бітум, іншыя нафтапрадукты. Увёўшы санкцыі, Украіна магла б праявіць салідарнасьць з Польшчай, Літвой, тым больш напярэдадні вайсковых вучэньняў «Захад-2021», якія традыцыйна праходзяць у Беларусі і яе суседзямі Беларусі ўспрымаюцца як пагроза.
На сёньня кіраўніцтва Ўкраіны цалкам ня вызначылася, што рабіць зь Беларусьсю. Лукашэнка ня той чалавек, зь якім Уладзімер Зяленскі хоча стасавацца, але і Сьвятлана Ціханоўская ва Ўкраіне пасьля жніўня 2020 году яшчэ не была. І Ўкраіна засталася адзінай суседняй зь Беларусьсю дзяржавай, дзе Ціханоўская так і не пабывала зь візытам, што выглядае дастаткова красамоўна.
— Дык ці зьяўляюцца менавіта эканамічныя матывы галоўнай прычынай таго, што Ўкраіна не далучаецца да эўрапейскіх санкцыяў? Літве і Польшчы эканамічныя матывы не перашкодзілі заняць прынцыповую пазыцыю да рэжыму Лукашэнкі.
— Адна з улюбёных праграмаў Уладзіміра Зяленскага — гэта будаўніцтва дарог, на што вельмі актыўна выкарыстоўваецца беларускі бітум. Існуе шмат дапушчэньняў, што ў гэтых праграмах працуюць розныя «цікавыя» схемы, ад якіх Украіна адмовіцца ня можа. Але такі «шпагат» ня можа працягвацца вечна — Украіне давядзецца выбіраць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАЗ сарваў пастаўкі аўтобусаў у Кіеў. Гарадзкія ўлады праз суд дамагаюцца кампэнсацыі— Лукашэнка раней нярэдка заяўляў, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не адбудзецца агрэсіі ў бок Украіны, што Беларусь прыйдзе ва Ўкраіну толькі на трактары. У сувязі з апошнімі падзеямі — павялічэньнем вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі — нешта мяняецца ў ваенна-стратэгічным стаўленьні Кіева? Напрыклад, перакідваньне войскаў на беларускую мяжу?
— Яшчэ два гады таму была створана егерская брыгада, яна разгорнутая на мяжы Ўкраіны і Беларусі. Трэба разумець, што большая частка нашай супольнай мяжы — гэта лясы і балоты, то бок шляхоў і магчымасьці для шырокамаштабнага наступу ня так шмат. Але хапае магчымасьцяў для гібрыдных і дывэрсійных атак.
Я б сказаў, што беларускае грамадзтва ў сёньняшняй сытуацыі ў значнай ступені нагадвае ўкраінскае грамадзтва да лютага 2014 году. Да таго, як Расея забрала Крым, большасьць украінцаў ня мела ўсеагульнай агіды да Крамля.
Таму мы можам гаварыць пра тое, што мы перажылі і якія з гэтага зрабілі высновы. А як зьмяніць уладу і якім спосабам гэта зрабіць, могуць вырашыць выключна грамадзяне Беларусі.
Я ня думаю, што на сёньня ў Беларусі ёсьць настолькі маштабная антыўкраінская прапаганда (пры ўсіх антымайданных заявах Лукашэнкі, якія гучаць ад яго даўно, ад 2004 году), якая гатовая ператварыць беларускую армію ў армію агрэсара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку спыніць эканамічная блякада». Паразмаўлялі з польскім дэпутатам, які спрабаваў прарваць кардон на польска-беларускай мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дыплямат: «Калі палітыка прыбраць Лукашэнку любой цаной працягнецца, то ад нашай незалежнасьць праз 10 гадоў мала што застанецца»