«Я ў цэлым задаволены візытам… Я ня ведаю, ці была „хімія“, цяжка сказаць, але той факт, што сустрэча доўжылася дзьве гадзіны замест адной, паказвае, што бакі зацікаўленыя ў гэтым дыялёгу. У цэлым сустрэча была ў нармальнай, плённай, не заўсёды сонечнай атмасфэры, у такой нармальнай мужчынскай размове», — сказаў Зяленскі на брыфінгу пасьля сустрэчы.
«Я пачуў ад прэзыдэнта толькі станоўчыя словы… Мне прыемна, што бачыць пазытыў на ўзроўні прэзыдэнта ЗША. Ніякага нэгатыву з боку ЗША не было да Украіны, асабіста мяне, маёй каманды, у Адміністрацыі прэзыдэнта. Нуль. Ніякага аспэкту, нават слова. Гэта прыемна», — дадаў Зяленскі.
Байдэн і Зяленскі сустрэліся ўвечары 1 верасьня паводле менскага часу. Зяленскі адзначыў, што асноўнымі тэмамі перамоваў сталі пытаньні бясьпекі.
Падчас размовы Зяленскага і Байдэна ўкраінскі і амэрыканскі бакі выступілі з сумеснай заявай аб стратэгічным партнэрстве паміж Украінай і ЗША.
Паводле гэтай заявы, апублікаванай Офісам прэзыдэнта Ўкраіны, урад ЗША выдзеліць Украіне ў 2021 годзе $463 млн на праграмы падтрымкі дэмакратыі, правоў чалавека, дэцэнтралізацыі, а таксама каля $60 млн на дапамогу ў сфэры бясьпекі. Дапамога ў сфэры бясьпекі ўключае бранябойныя сыстэмы Javelin і іншае абароннае абсталяваньне. Як адзначаецца ў заяве, гэта дапаможа Ўкраіне «больш эфэктыўна абараняць сябе ад расейскай агрэсіі».