Генэральная пракуратура паведаміла, што 30-гадовага жыхара Гомля судзілі за «абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалтам у дачыненьні да судзьдзі». Пракуратура не паведаміла, што асуджаны — глуханямы.
Дзьмітрый працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «ВІПРА». Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомлі, якое дае працу людзям з парушэньнем слыху. Зь лютага ў Дзьмітрыя былі ператрусы, у яго забралі кампутар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.
«Дзіма чуе вельмі дрэнна нават з апаратам. Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максымум „хімію“ і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калёніі, бо слыхавы апарат у яго забралі», — кажуць сваякі асуджанага.
Родныя ня ведаюць, што менавіта Дзьмітры пісаў у чатах, бо мець зносіны з чалавекам, які слаба чуе, складана. Мяркуючы па ўсім, на хлопца выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства «ВІПРА» — праз тое, што ў людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат. Ператрусы і затрыманьні адбываліся ў траўні 2021 году. Людзі былі вельмі напалоханыя, выдалілі ў тэлефонах Telegram і іншыя мэсэнджары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ў шоку і моцна перапалоханыя». Міліцыя выявіла «экстрэмістаў» сярод глуханямыхУ пракуратуры заявілі, што Дзьмітры «з дапамогай асабістага кампутара і іншых прылад на адным з telegram-каналаў разьмясьціў фотавыяву кіраўніка дзяржавы, якая зьмяшчае яго нэгатыўную ацэнку». «У працяг супрацьпраўных дзеяньняў у кастрычніку 2020 году апублікаваў у telegram-канале паведамленьне з абразай прадстаўніка ўлады, а ў лютым 2021 году — паведамленьне з заклікам да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да намесьніка старшыні суду аднаго з раёнаў Менску».
Па словах знаёмых, Дзьмітрыя ўзялі пад варту ў залі суду пасьля абвяшчэньня прысуду. Для Дзьмітрыя рэальнае зьняволеньне было нечаканасьцю. Знаёмыя кажуць, што ён будзе адбываць пакараньне без слыхавога апарату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд апраўдаў глуханямога, які «гучна выкрыкваў лёзунгі»Людзі з праблемамі слыху ў Гомлі летась зазналі рэпрэсіі. На адной з акцый летам 2020 году, яшчэ да выбараў, АМАП гвалтоўна затрымаў глуханямых братоў Віталя і Андрэя Больбухаў. Пасьля розгаласу пра гэты выпадак, які трапіў на шматлікія відэа, былы міністар унутраных спраў Юры Караеў загадаў міліцыі выбачыцца перад імі. Прасіць прабачэньня прыяжджаў начальнік гомельскага УУС Анатоль Васільеў.
У верасьні 2020 году суд Чыгуначнага раёну Гомля апраўдаў 23-гадовага Аляксандра, інваліда па слыху. Па вэрсіі міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лёзунгі» — крычаў «Жыве Беларусь!». Суд палічыў віну Аляксандра недаказанай. Маладога чалавека затрымаў і пабіў АМАП яшчэ 12 жніўня.
«Саша сядзеў на прыпынку, чакаў аўтобуса. Прыехаў аўтобус, і разам зь ім — аўтазак. Саша ўжо ўваходзіў у аўтобус, як яго адтуль выхапілі амапаўцы і пацягнулі ў аўтазак. Ён паказваў на слыхавы апарат, што ня чуе, спрабаваў нешта хоць патлумачыць, але яго пачалі біць — па нагах, па лбе... Потым былі сінякі, і на сьпіне таксама», — расказвала Свабодзе летась маці Аляксандра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі