Ураджайнасьць збожжа ў Беларусі ў 1,5 раза меншая, чым у Літве. Інфаграфіка

Камбайн на Гарадзеншчыне, архіўнае фота

Сёлета ўраджай збожжа ў Беларусі ў 1,2 раза меншы, чым летась. Глядзім, колькі зьбіраюць зборжжа ў Беларусі і іншых краінах.

Беларусь

На 24 жніўня ў Беларусі ўбралі 96,6% плошчы пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. Намалацілі збожжа 6,2 мільёна тон. Гэта ў 1,2 раза менш, чым было летась. Сярэдняя ўраджайнасьць атрымалася 30,5 ц/га, летась было 37,3 ц/га.

Паводле Мінсельгасхарчу, такі ўраджай зьвязаны з «працяглай халоднай вясной, рэкорднымі тэмпэратурамі ўлетку і адсутнасьцю ападкаў».

Літва

У Літве сёлета чакаюць рэкордный ураджай збожжа, плянуюць сабраць 6,9 млн тон, што на 0,1% больш, чым летась. Больш за ўсё ў Літве пасеялі пшаніцы, яе ўраджайнасьць — 54 цэнтнэры з гектару.

Агульная ўраджайнасьць збожжа сёлета ў Літве — 48,7 ц/га.

Украіна

Ва Ўкраіне сёлета таксама ўсё добра з ураджаем збожжа, плянуюць сабраць 80-82 мільёны тон, ураджайнасьць 45,4 ц/га. Дагэтуль максымальны ўраджай быў у 2019 годзе і склаў 75 мільёнаў тон.

Расея

Расея ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў сьвеце. Ураджай сёлета — 124 мільёны тон збожжа, ураджайнасьць 35,2 ц/га.

Гэты паказчык на 8% меншы, чым быў летась. Расейскія чыноўнікі зьвязваюць падзеньне ўраджаю з «засухай у некаторых рэгіёнах».

Сусьветныя лідэры ў вытворчасьці збожжа

Пяць самых буйных вытворцаў збожжа: Кітай, ЗША, Індыя, Эўразьвяз, Расея. Кітай зьбірае 550 мільёнаў тонаў збожжа штогод, ЗША — 450 млн т, Індыя і Эўразьвяз — больш за 250 млн т, Расея — каля 124 млн т збожжа.

Зь іх найбольш збожжа экспартуюць ЗША і Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што ў Беларусі бракуе кураціны? Наколькі сур’ёзная гэтая праблема
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўзяліся рэгуляваць цэны на будаўнічыя матэрыялы