Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што выявіла каля 250 мігрантаў, якія незаконна трапілі ў краіну транзытам празь Беларусь. Амаль усе выяўленыя асобы — іракцы, піша Welt.
У дакладзе сказана, што мігранты трапляюць у Нямеччыну пераважна легкавым або грузавым транспартам, у некаторых выпадках кіроўцамі былі грамадзяне Сырыі і Грузіі. Частка іракцаў заявіла, што пашпарт у іх забралі кантрабандысты, частка — што літоўскія ўлады, а ў некаторых мігрантаў пашпарты Іраку знайшлі зашытымі ў вопратку.
Па прыбыцьці ў краіну мігранты звычайна запісваюць відэа, дзе паведамляюць пра пасьпяховы прыезд у Нямеччыну. Яшчэ адзін прыярытэтны кірунак у Эўразьвязе для іракцаў — Швэцыя, дзе ўжо пражывае шматлікая дыяспара.
Толькі за ліпень нямецкія міграцыйныя органы атрымалі 12 200 прашэньняў аб прытулку — гэта найбольшая лічба са студзеня 2020 году, яшчэ да пандэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Іраку дрэнна: страляюць і няма грошай. Тут таксама дрэнна, мы пад замком». Аповеды мігрантаў, якія прабраліся ў Літву зь БеларусіМяжа з Польшчай
Група з 13 асобаў, якую затрымалі польскія памежнікі і якой выставілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе аб зьнішчэньні маёмасьці, пашкодзіла калючы дрот на суму прыкладна 600 злотых (388 беларускіх рублёў). Крымінальная ж адказнасьць пачынаецца ад шкоды ў 500 злотых. Такую інфармацыю са спасылкай на крыніцы, блізкія да сьледзтва, апублікаваў тэлеканал TVP.
12 грамадзян Польшчы і адзін — Нідэрляндаў з ужываньнем нажніц па мэтале і вяровак спрабавалі разарваць агароджу з калючага дроту, каб даць мігрантам магчымасьць трапіць зь Беларусі ў Польшчу.
Тым часам 30 жніўня Памежная варта не пусьціла ў краіну 50 мігрантаў, а 21 чалавека затрымала. Як паведаміла служба ў твітэры, усе затрыманыя падазраюцца ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню дзяржаўнай мяжы. Сярод іх грамадзяне Іраку, Сырыі, Афганістану, Эгіпту, Лібану і Армэніі.
У папярэднія содні праз такія падазрэньні затрымалі 2 грамадзян Польшчы і аднаго грамадзяніна Ўзбэкістану.
Deutsche Welle апублікавала відэа ўзьвядзеньня агароджы з калючага дроту. Кантынгент польскага войска на мяжы зь Беларусьсю павялічыўся яшчэ на 1 тысячу чалавек.
Мяжа з Латвіяй
Прадстаўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі за дзень прадухілілі 21 спробу незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі. Пачынаючы з 10 жніўня было ўжо 770 такіх спробаў. З моманту ўвядзеньня надзвычайнага становішча ў краіне з прычыны павелічэньня міграцыйных патокаў 25 чалавек прапусьцілі ў Латвію з гуманітарных прычын. Агульная колькасьць затрыманых за год мігрантаў — 377 чалавек.
Раней улады Латвіі далучыліся да ўладаў Польшчы і Літвы, назваўшы дзеяньні кіраўніцтва Беларусі «гібрыднай агрэсіяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі і Польшча выступілі з сумеснай заявай наконт Беларусі і «шантажу мігрантамі»Мяжа зь Літвой
З панядзелка па аўторак літоўскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну каля 30 мігрантаў, якія спрабавалі перасекчы мяжу ў абыход пунктаў пропуску, піша LRT. Патруляваньне памежжа працягваецца ва ўзмоцненым рэжыме.
Таксама памежнікі зафіксавалі групу з 10 мігрантаў, якія, аднак, засталіся на мяжы зь беларускага боку і не рабілі спробаў перайсьці паласу. Таксама літоўскія службы гавораць пра шэсьць адзіночных стрэлаў зь беларускага боку.
31 жніўня пры падрыхтоўцы да мантажу калючага дроту на мяжы сьмяротную траўму атрымаў 47-гадовы літоўскі пажарнік, паведаміла Delfi.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Літва змагаецца зь міграцыйнай «атакай» Лукашэнкі