Ці праўда, што ў Беларусі бракуе кураціны? Наколькі сур’ёзная гэтая праблема

Карыкатура

Паводле некаторых зьвестак, праблемы з курыным мясам пачаліся ў Беларусі яшчэ ў лютым. У жніўні пра недахоп сталі паведамляць яшчэ часьцей. Ёсьць падазрэньні, што беларускую кураціну адпраўляюць у Расею.

Праблема закранула ня толькі гандаль, але і дзіцячыя садкі, грамадзкае харчаваньне, піша са спасылкай на сваіх чытачоў Zerkalo.io.

«Замовiць курыцу з аптовых базаў па безнаяўным разьліку проста немагчыма. І праблема такая зь лютага. За паўгода наш пастаўшчык выканаў нашу заяўку толькі адзін раз», — расказаў уладальнік кавярні.

У сярэдзіне лета сытуацыя абвастрылася: стала праблематычна знайсьці ня толькі птушку цалкам, але і паўфабрыкаты зь яе. А ў некаторых крамах і зусім няма нічога курынага, апрача каўбасак і астуджаных катлет.

Адна чытачка паведаміла, што цяпер нават у фірмовых крамах Дзяржынскай птушкафабрыкі аддзел з астуджанымі часткамі курыцы парожні, ёсьць толькі гатовая прадукцыя — паштэты, сасіскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны замарожваюць, а інфляцыя не спыняецца. Чаму?

Перабоі пачаліся ня толькі з курацінай. У адной з кавярняў расказалі, што не хапае шыйнай часткі сьвініны, а цэны на сьвініну і ялавічыну павышаюцца з кожнай пастаўкай. Акрамя таго, вырасьлі цэны на беларускія кроп і базылік.

Супрацоўнікі ўстаноў грамадзкага харчаваньня, да якіх зьвярнуліся журналісты, перакананыя, што недахоп кураціны паўстаў пасьля павелічэньня яе паставак у Расею, дзе «за яе больш даюць». Акрамя таго, плацяць адразу, ня просячы адтэрміноўкі. Каля птушкафабрык часта стаяць фуры з расейскімі нумарнымі знакамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год пасьля выбараў. Як зьмянілася Беларусь — у падзеях і лічбах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэгуляваньне цэнаў на сацыяльна значныя тавары падоўжылі да канца верасьня