ЗША скарыстаюць цывільныя самалёты для эвакуацыі людзей з Афганістану

Амэрыканскія вайскоўцы раздаюць ежу ў кабульскім аэрапорце

Тысячы афганцаў спрабуюць вылецець з Афганістану пасьля захопу ўлады талібамі. ЗША прыцягнулі камэрцыйныя самалёты для дапамогі ў эвакуацыі людзей з Афганістану.

Пра гэта паведамляе ВВС.

У заяве Пэнтагону гаворыцца, што 18 самалётаў не паляцяць у Кабул, а дапамогуць перасоўваньню людзей, якія едуць транзытам у трэція краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібы не абавязкова нясуць зло». Пасол Беларусі выказаўся пра новую ўладу ў Афганістане

У кабульскім аэрапорце за тыдзень у выніку цісканіны і сутычак загінулі прынамсі 20 чалавек.

У нядзелю Міністэрства абароны ЗША абвясьціла аб актывацыі цывільнага рэзэрвовага паветранага флёту (CRAF) для дапамогі ў эвакуацыі.

Гэта дазваляе ЗША мабілізаваць грамадзянскія авіякампаніі на дапамогу ў надзвычайнай сытуацыі. Апошні раз CRAF выкарыстоўваўся напярэдадні і падчас уварваньня ЗША ў Ірак у 2003 годзе і падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы 1990-1991 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аэрапорце Кабулу ў цісканіне загінулі сем чалавек

Згодна з заявай, актывацыя першага ўзроўню прызначаная для 18 самалётаў: чатырох ад United Airlines; па тры ад American Airlines, Atlas Air, Delta Air Lines і Omni Air; і два ад Hawaiian Airlines.

«Актывацыя CRAF павялічвае перавозку пасажыраў за рамкі арганічных магчымасьцяў і дазваляе вайсковым самалётам засяродзіцца на апэрацыях у Кабуле», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дарадца Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў, што ў Афганістане, як мяркуецца, знаходзіцца яшчэ некалькі тысячаў грамадзян ЗША.

Саліван ахарактарызаваў пагрозу нападаў групоўкі «Ісламская дзяржава» на аэрапорт Кабулу як «рэальную» і «вострую».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы, не знайшоўшы журналіста Deutsche Welle, забілі ягонага сваяка

Чыноўнік Талібану Амір Хан Мутакі тым часам абвінаваціў ЗША ў «драме эвакуацыі» ў аэрапорце.

Прэм’ер -міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан склікаў у аўторак тэрміновую онлайн-сустрэчу лідэраў дзяржаваў «Вялікай сямёркі».

«Вельмі важна, каб міжнародная супольнасьць працавала разам, каб забясьпечыць эвакуацыю, прадухіліць гуманітарны крызіс і падтрымаць афганскі народ у захаваньні посьпехаў, якія былі дасягнутыя за апошнія 20 гадоў», — напісаў ён.

Былы прэмʼер -міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр тым часам жорстка раскрытыкаваў выхад ЗША з Афганістану.

«Вы азіраецеся на ўвесь сьвет, і адзіныя людзі, якія сапраўды падтрымліваюць гэтае рашэньне, — гэта людзі, варожыя інтарэсам Захаду», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель на перамовах з Пуціным рэзка асудзіла прымяненьне ўладамі Беларусі «ў якасьці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедзтва». ВІДЭА

ЗША плянуюць поўны вывад сваіх войскаў з Афганістану 31 жніўня.

Некалькі саюзных дзяржаў — у тым ліку Вялікая Брытанія — патрабуюць працягнуць гэты тэрмін, паколькі эвакуацыю з кабульскага аэрапорту забясьпечваюць найперш амэрыканскія вайскоўцы.