Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель на перамовах з Пуціным рэзка асудзіла прымяненьне ўладамі Беларусі «ў якасьці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедзтва». ВІДЭА


Ангела Мэркель і Ўладзімір Пуцін
Ангела Мэркель і Ўладзімір Пуцін

20 жніўня ў Маскве праходзіць візыт канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель. У ходзе перамоваў кіраўнікі дзьвюх краінаў абмяркоўвалі будучыню газаправоду «Паўночны паток — 2», сытуацыю ў Афганістане, сытуацыю на усходзе Ўкраіны і ў Беларусі.

Па выніках перамоваў, якія праходзілі больш за 3 гадзіны , прайшла прэс-канфэрэнцыя Ўладзіміра Пуціна і Ангелы Мэркель. Тэлеканал «Настоящее время» паказваў яе ў жывым эфіры.

Пра Беларусь

Уладзімір Пуцін сказаў, што абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі. Паводле прэзыдэнта Расеі, супярэчнасьці ў Беларусі павінны вырашацца ў канстытуцыйна-прававым полі бяз вонкавага ўмяшаньня.

Ангела Мэркель сказала, што на перамовах яна рэзка асудзіла прымяненьне ўладамі Беларусі ў якасьці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедзтва. Паводле яе, гаворка ідзе пра сытуацыю на беларуска-літоўскай мяжы.

Пра Афганістан

Адной з галоўных тэмаў перамоў, паводле Пуціна, стала сытуацыя ў Афганістане. Расейскі прэзыдэнт назваў «фактам» тое, што прадстаўнікі руху «Талібан» узялі пад кантроль Афганістан, а таксама заявіў пра правал спробаў «насадзіць дэмакратыю» ў краіне. Мэркель выказала жаль у сувязі з сытуацыяй у Афганістане, зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на неабходнасьць эвакуацыі з краіны тых, каму пагражае небясьпека.

Пра Данбас

Лідэры Расеі і Нямеччыны абмеркавалі сытуацыю ў зоне канфлікту на Данбасе. Мэркель на прэс-канфэрэнцыі зноў падкрэсьліла, што Нямеччына лічыць анэксаваны Расеяй Крым тэрыторыяй Украіны.

Пра Навальнага

Мэркель у сваім выступе згадала расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, які цяпер у расейскай калёніі. Па яе словах, яна ўзьняла гэтую тэму на перамовах з Пуціным і запатрабавала вызваліць Навальнага, спаслаўшыся на рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека. Прысуд Навальнаму яна назвала непрымальным.

Адказваючы на пытаньне пра Навальнага, Пуцін сказаў, што «фігурант», як ён назваў апазыцыянэра, асуджаны не за палітычную дзейнасьць, а за эканамічнае злачынства. Перасьлед прыхільнікаў Навальнага ў Расеі ён, як ужо раней рабіў, параўнаў зь перасьледамі ў ЗША ўдзельнікаў штурму Капітолію ў студзені гэтага году. Пуцін заклікаў не выкарыстоўваць барацьбу з карупцыяй «у палітычных мэтах». Адказваючы на тое ж пытаньне, Мэркель сказала, што барацьба з карупцыяй можа быць часткай палітычнай барацьбы. Пры гэтым, кажучы пра санкцыі супраць карупцыянераў, яна адзначыла, што санкцыі могуць уводзіцца супраць людзей, якія абвінавачаныя ў нейкіх канкрэтных парушэньнях.

Пра пастаўкі расейскага газу ў Эўропу

Размова ішла таксама пра пастаўкі газу ў Эўропу, у тым ліку пра «Паўночны паток-2» і транзыт газу праз Украіну. Па словах Пуціна, Расея гатовая абмяркоўваць транзыт газу праз Украіну і пасьля 2024 году, калі заканчваецца бягучы кантракт, але ніякіх гарантый працягу паставак расейскі прэзыдэнт ня даў.

  • Гэта апошні візыт Мэркель у Маскву ў якасьці фэдэральнага канцлера — пасьля выбараў у верасьні яна павінна пакінуць пасаду. Пуцін, выступаючы з уступным словам, сказаў, што ў яго з Мэркель былі добрыя дзелавыя адносіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG