Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы, не знайшоўшы журналіста Deutsche Welle, забілі ягонага сваяка


Афганскія ўцекачы ў Іране, 19 жніўня 2021
Афганскія ўцекачы ў Іране, 19 жніўня 2021

Талібы на захадзе Афганістану забілі аднаго і цяжка паранілі другога блізкага сваяка журналіста Deutsche Welle.

Пра гэта паведамляе кіраўніцтва мэдыякампаніі.

Па дадзеных DW, баевікі «Талібану» шукалі самога журналіста, які цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне. Астатнія яго сваякі пасьпелі выратавацца і цяпер хаваюцца. У ваколіцах Кабулу талібы таксама прыходзілі зь ператрусамі ў дамы мінімум трох супрацоўнікаў мэдыякампаніі.

Генэральны дырэктар выданьня Петэр Лімбург заклікаў урад Нямеччыны да рашучых дзеяньняў.

«Забойства сваяка аднаго з нашых супрацоўнікаў „Талібанам“ паказвае, наколькі небясьпечна журналістам і іхным сем’ям знаходзіцца ў Афганістане цяпер», — сказаў ён.

DW сумесна зь іншымі СМІ ў адкрытым лісьце заклікалі ўрад Нямеччыны падрыхтаваць экстраную візавую праграму для журналістаў, якія працавалі для нямецкіх выданьняў, і іх сем’яў, якія знаходзяцца ў Афганістане.

Раней у горадзе Асадабадзе ў афганскай правінцыі Кунар некалькі чалавек загінулі ў выніку страляніны і цісканіны падчас святкавання Дня Незалежнасьці краіны.

Па словах відавочцаў, талібы адкрылі стральбу па людзях, якія патрабавалі вярнуць ранейшы сьцяг Афганістану і неслі яго падчас шэсьця. Прымяненьне зброі прывяло да цісканіны. Пакуль невядома, што менавіта стала прычынай сьмерці людзей: стральба або цісканіна.

Напярэдадні ў іншым горадзе Афганістану — Джалалабадзе — талібы адкрылі агонь па мясцовых жыхарах, якія спрабавалі ўсталяваць дзяржаўны сьцяг Афганістану на гарадзкой плошчы. Па дадзеных Reuters, тры чалавекі загінулі, больш за дзясятак былі параненыя.

Талібы 15 жніўня ўвайшлі ў сталіцу Афганістану Кабул, занялі прэзыдэнцкі палац і абвясьцілі аб поўным кантролі над тэрыторыяй краіны. Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пакінуў краіну і спыніўся ў ААЭ.

Афіцыйны прадстаўнік талібаў Забіхула Муджахід правёў прэсавую канфэрэнцыю і расказаў, якім будзе жыцьцё ў Афганістане пры іх уладзе. Ён анансаваў увядзеньне законаў шарыяту, але запэўніў, што жанчынам дазволяць вучыцца і працаваць. Таксама ён абяцаў ператварыць Афганістан у краіну без наркотыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG