Літоўскія мытнікі затрымалі на мяжы беларускія цыгарэты на 2,2 мільёна эўра

Кантрабандныя беларускія цыгарэты

Літоўскія мытнікі 15 жніўня ў пункце пропуску «Райгардас-Прывалка» затрымалі чарговую буйную партыю цыгарэт

Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io са спасылкай на мытную службу Літвы.

Фура Man перасякала беларуска-літоўскую мяжу ноччу 15 жніўня. Паводле дакумэнтаў, у аўтамабілі, які рухаўся транзытам празь Літву ў Італію, перавозіліся плеценыя кошыкі.

Аднак, калі мытнікі праверылі машыну з дапамогай рэнтгену, то аказалася, што кошыкаў у фуры было ўсяго некалькі паддонаў, а астатняя частка паўпрычэпу была запоўненая іншым грузам — скрынкамі зь беларускімі цыгарэтамі NZ Gold. Паводле папярэдніх дадзеных, у машыне было 1266 скрынак — больш за 633 тысячы пачкаў цыгарэт. Папярэдне іх ацанілі ў 2,23 мільёна эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель выказала Літве падтрымку ў пытаньні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі

Беларуса затрымалі на двое сутак. У Ковенскім аддзяленьні Мытнай крымінальнай службы распачалі дасудовае расьсьледаваньне.

Сёлета ў Літве было затрымана каля 12 мільёнаў пачкаў цыгарэтаў коштам каля 42 мільёнаў эўра. Толькі за ліпень і жнівень літоўскія мытнікі затрымалі больш за 3 мільёны пачкаў цыгарэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі генэрал назваў заявы беларускага боку пра пабіцьцё мігрантаў у Літве наўмыснай дыскрэдытацыяй