Прыбытак упаў у 12 разоў. Што на заводах, дзе год таму пачыналіся пратэсты

Аляксандар Лукашэнка на Менскім заводзе колавых цягачоў 17 жніўня 2020 году прамаўляў пад крыкі «Сыходзь!»

У леташнім жніўні на некаторых буйных беларускіх прадпрыемствах пачаліся хваляваньні рабочых, ня згодных з вынікамі выбараў і гвалтам сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі. Глядзім, што на гэтых заводах цяпер.

МТЗ

14 жніўня летась рабочыя МТЗ калёнай прайшлі на плошчу Незалежнасьці ў Менску і далучыліся да пратэстоўцаў. Пасьля на заводзе ўтварыўся страйкам, некаторыя рабочыя сышлі ў страйк, некаторых улады звольнілі. Лідэр страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі быў вымушаны зьехаць зь Беларусі.

Глядзім, што цяпер на заводзе.

Чысты прыбытак МТЗ за мінулы год — 8,2 мільёна рублёў, годам раней ён быў большы ў 12 разоў паводле адзінага парталу фінансавага рынку. На 31 сакавіка сёлета завод вінен 835 мільёнаў рублёў у кароткатэрміновых крэдытах і 416 мільёнаў у доўгатэрміновых. Год таму даўгоў было больш на некалькі дзясяткаў мільёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьце рабочых МТЗ да Дому ўраду. ШМАТ ФОТА

МЗКЦ

17 жніўня летась Лукашэнка прыляцеў на гелікоптэры на МЗКЦ, каб супакоіць рабочых, бо на шмат якіх прадпрыемствах пачыналіся страйкі. Ад рабочых ён пачуў: «Сыходзь!». Калі крыкі сьціхлі, ён сказаў, што нікуды ня сыдзе і выбары ўжо правялі.

Чысты прыбытак заводу за мінулы год — 7,1 мільёна рублёў, годам раней прыбытак быў большы ў 3,1 раза. За год супрацоўнікаў заводу паменела на 307 чалавек.

У кароткатэрміновых крэдытах завод вінен 101 мільён рублёў (год таму было 108 мільёнаў), у доўгатэрміновых — 5,3 мільёна (год таму было 9,2 мільёна).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адпрацаваў 13 гадоў, выказаў думку — і выкінулі за плот». Чаму звальняюць страйкоўцаў на МЗКЦ

БелАЗ

13 жніўня летась рабочыя БелАЗу сабраліся ва ўнутраным дворыку заводу, рабочыя задавалі пытаньні кіраўніцтву заводу, а таксама старшыню Жодзінскага гарвыканкаму Дзьмітрыю Заблоцкаму. Пытаньні тычыліся выбараў і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі.

Пазьней пэўныя рабочыя БелАЗу далучыліся да страйку. Чысты прыбытак БелАЗу за мінулы год — 30,8 мільёна рублёў. Год таму прыбытак быў большы ў 8,6 раза. Супрацоўнікаў за год паменела на 571 чалавека. У доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 394 мільёны рублёў, гэта ў 6 разоў болей, чым годам раней.

У кароткатэрміновых крэдытах даўгі заводу — больш за 1 мільярд рублёў. За год доўг зьменшыўся на 28 мільёнаў рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рабочых БелАЗу выклікаюць у міліцыю на допыты пра леташні страйк

«Гродна Азот»

У жніўні 2020 году некалькі тысячаў рабочых «Гродна Азоту» далучыліся да маршу ў Горадні. Многія супрацоўнікі «Гродна Азоту» падтрымалі агульнанацыянальны страйк у леташнім кастрычніку. Тады супрацоўнікаў заводу на прахадной гвалтам затрымліваў АМАП. Каля 30 чалавек звольнілі з «Гродна Азоту» пасьля пачатку нацыянальнага страйку летась 26 кастрычніка. Частка зь іх (13 чалавек) спрабавалі праз суд вярнуцца на працу, але няўдала.

Мінулы год завод скончыў са стратамі ў 85 мільёнаў рублёў, годам раней быў прыбытак у 82 мільёны рублёў. Супрацоўнікаў заводу за год стала менш на 147 чалавек.

У кароткатэрміновых крэдытах завод вінен 453 мільёны рублёў, гэта на 93 мільёны меней, чым у 2019 годзе. У доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 189 мільёнаў рублёў, за год сума вырасла на 30 мільёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зможам законна баставаць». Як на «Гродна Азоце» звальняюць сябраў незалежнага прафсаюзу

БМЗ

На БМЗ ў Жлобіне 17 жніўня спыніліся ўсе тры печы. Частка рабочых, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, перакрылі на заводзе дарогу для тэхналягічнага транспарту.

Пазьней пэўныя рабочыя заводу сышлі ў страйк. Большасьць іх звольнілі. Чысты прыбытак БМЗ за мінулы год — 36 тысяч рублёў, у 2019 годзе быў мінус 159 мільёнаў рублёў.

За год на заводзе супрацоўнікаў стала менш на 277 чалавек. Завод вінен 3,8 мільярда рублёў у кароткатэрміновых крэдытах, гэта на мільярд больш, чым было годам раней. У доўгатэрміновых крэдытах завод вінен яшчэ 1,2 мільярда, што на 164 мільёны больш, чым годам раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рабочая БМЗ, якая зьехала зь Беларусі, расказала, чаму большасьць калег не падтрымала страйку

МАЗ

Частка рабочых МАЗу далучылася да страйку 17 жніўня. У жніўні на самім заводзе адбывалася нешта накшталт «італьянскай забастоўкі»: частка супрацоўнікаў выконвала свае абавязкі фармальна, таму выпуск прадукцыі ў жніўні зьнізіўся. Пэўныя рабочыя заводу адкрыта далучыліся да страйку.

Чысты прыбытак МАЗу за мінулы год — 142 тысячы рублёў, год таму быў мінус на 497 тысяч рублёў. У кароткатэрміновых крэдытах завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, у 2019 годзе было менш на 342 мільёны. У доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 487 мільёнаў, гэта на 34 мільёны больш, чым у канцы 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У КДБ пагражалі згвалціць і білі ў вуха». Жыхарка Горадні ўзначаліла страйкам і вымушана была ўцякаць зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы дагэтуль верым, што вернемся дахаты». Як беларуская сямʼя апынулася пасьля пратэстаў у Канадзе