Трох работнікаў Менскага заводу колавых цягачоў звольнілі за ўдзел у страйку — Дзьмітрыя Кананка, Аляксандра Лаўрыновіча і Віктара Чайкоўскага. Свабода пагутарыла са звольненымі страйкоўцамі.
26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнямі сыходу Аляксандра Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў, спыненьня гвалту і вызваленьня палітвязьняў.
«Я не адмаўляюся ад сваіх патрабаваньняў, выказаных на страйку»
36-гадовы Віктар Чайкоўскі працаваў начальнікам бюро ва ўпраўленьні галоўнага канструктара прадпрыемства. Яго звольнілі за ўдзел у страйку. Аднак у загадзе гаворыцца што «за невыкананьне без паважных прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае ня зьнятае (не пагашанае) дысцыплінарнае спагнаньне, п.6 артыкула 42 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».
«То бок раніцай на мяне напісалі адно распараджэньне, а ў канцы дня атрымліваецца, што я не пасьпеў пагасіць ранішняе, і мне „ўпаялі“ другое. Маўляў, гэта сыстэматычнае парушэньне».
Паводле Віктара Чайкоўскага, 26 кастрычніка цягам гадзіны прадстаўнікі розных цэхаў прайшліся па заводу, «выказалі сваю пазыцыю адносна сытуацыі ў краіне і несправядлівасьці, якая цяпер творыцца».
Намесьнік гендырэктара па кадрах і ідэалёгіі фатаграфаваў страйкоўцаў, а ўчора Віктара выклікалі да галоўнага канструктара і начальніка аддзелу кадраў.
Віктара азнаёмілі з распараджэньнем, па якім у яго адбіраюць усе прэміі і надбаўкі за тое, што ён адсутнічаў цягам гадзіны на працоўным месцы. Потым яго зьвінавацілі ў парушэньні палажэньня аб бюро, згодна зь якім ён павінен глядзець за падначаленымі, каб яны выконвалі свае абавязкі і працоўны распарадак.
«Два мае супрацоўнікі былі са мной і адсутнічалі на працоўным месцы, таму мяне зьвінавацілі ў невыкананьні абавязкаў. На мяне склалі другое распараджэньне і звольнілі, — кажа Віктар. — Атрымліваецца, што нідзе не напісана, што мяне звольнілі за страйк. Маўляў, я не знаходзіўся на працоўным месцы. Хоць я як канструктар вельмі часта хадзіў па цэхах, суправаджаў зборку сэрыйных і вопытных вырабаў. І былі такія моманты, калі ты мог паўдня знаходзіцца ў цэху».
Віктар кажа, што пропускі на завод заблякавалі ўсім удзельнікам страйку, і ўчора, калі прыйшоў на прадпрыемства, ён вымушаны быў чакаць на прахадной, каб начальнік адвёў яго на працоўнае месца. У гэты ж дзень Віктара разьлічылі. Цяпер ён зьбіраецца абскарджваць звальненьне.
«Яшчэ адной, нават асноўнай падставай звальненьня было тое, што я старшыня ячэйкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на МЗКЦ. Пра гэта даведалася кіраўніцтва», — кажа суразмоўца.
Сёньня галоўнаму канструктару перадалі заяву работнікаў прадпрыемства супраць звальненьня Віктара і яшчэ аднаго калегі зь бюро, пад ёй сабралі каля двухсот подпісаў, але гэта не дапамагло. Намесьнік гендырэктара не прыйшоў на гутарку з калектывам.
«Я расчараваны такой пазыцыяй адміністрацыі, бо адпрацаваў на заводзе 13 гадоў. Я выказаў сваю думку, і за гэта мяне проста выкінулі за плот. Мы прайшліся па заводзе, асноўная частка работнікаў нас не падтрымала. Але навошта так абыходзіцца зь людзьмі? Думаю, што не прападу, знайду працу ў іншым месцы. Але я не адмаўляюся ад сваіх патрабаваньняў, выказаных на страйку, інакш такія звальненьні будуць працягвацца».
«Звольнілі двух кіраўнікоў, каб астатнія спужаліся»
30-гадовы Дзьмітры Кананок працаваў на МЗКЦ начальнікам канструктарскага бюро. Яго таксама звольнілі на другі дзень пасьля страйку — «за невыкананьне без паважных прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае ня зьнятае (не пагашанае) дысцыплінарнае спагнаньне».
«За адзін дзень далі дзьве вымовы. Першую за тое, што я выйшаў на пляцоўку. А другую за тое, што я год таму не ўзгадніў з кіраўніцтвам выезд за мяжу, але за такія парушэньні раней ніколі не каралі. Я езьдзіў ва Ўкраіну на Новы год. Проста іншага нічога не знайшлі, бо я ганаровы працаўнік, маю шмат грамат. Знайшлі такую дробязь», — расказаў суразмоўца.
Дзьмітры Кананок адпрацаваў на заводзе 8 гадоў. Калі выйшаў на страйк, прадстаўнікі адміністрацыі казалі, што яго ўдзельнікі «падпісалі сабе прысуд».
«Але мы не маглі паступіць інакш дзеля маральных прынцыпаў. Я разумею, што ў людзей крэдыты, дзеці, нехта баіцца. Учора яшчэ ніхто ня ведаў, што нас звольнілі, сёньня толькі даведаліся, людзі спрабуюць размаўляць з начальствам. Але звальняць — гэта была каманда зьверху. Звольнілі двух кіраўнікоў, каб паказаць іншым, што можа быць, каб астатнія спужаліся. Раней за намі сачылі, выклікалі ў РУУС, на завод прыходзілі».
Дзьмітры Кананок будзе абскарджваць сваё звальненьне.
Як паставілася яго сям’я да звальненьня?
«Ведае пакуль толькі жонка, дзіця яшчэ малое. Бацькам не тэлефанаваў і ня буду, каб іх не засмучаць. Але ўсё нармальна».
Дзьмітры Кананок не шкадуе, што страйкаваў.
«Я гэта ўсё рабіў сьвядома, бо маральна ня мог іначай паступіць. Калі мае настаўнікі запісваюць відэа ў падтрымку, выкладчыкі ва ўнівэрсытэце, паважаныя мной вядомыя спартоўцы, дзеячы культуры, я ня мог іначай, калі такое адбываецца ў нашай краіне. Як потым у вочы глядзець? Нашы патрабаваньні застаюцца: вызваленьне палітвязьняў, адхіленьне дзейнага, самазванага „перасядзента“ і спыненьне гвалту на вуліцах. Кожны цьвярозы чалавек іх падтрымлівае».