Сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатру, адзін з кіраўнікоў Беларускага фонду культурнай салідарнасьці, грамадзка-палітычны дзяяч Мікалай Халезін расказаў у эфіры youtube-каналу Свабода Premium пра каротка- і доўгатэрміновы эфэкт санкцыяў на рэжым у Беларусі.
Глядзіце размову цалкам на відэа.
Асноўныя тэзісы Мікалая Халезіна
- Гэта дастаткова сур’ёзны ўдар па рэжыме; прапісаныя ў санкцыях рэчы даюць пэрспэктыву, пры якой рэжым можа і не акрыяць.
- Санкцыі — гэта працэс. Спачатку ён быў дэкляратыўным, потым былі сымбалічныя крокі, далей больш сурʼёзныя, цяпер яшчэ больш сурʼёзныя. Па факце ён павінен прывесьці да зьмены рэжыму.
- Санкцыі супраць Нацыянальнага Алімпійскага камітэту прывядуць да таго, што спартоўцы змогуць выступаць не за Беларусь, а пад нэўтральным сьцягам.
- Немагчыма будзе вырашаць пытаньні з рыштункам, амэрыканскія і эўрапейскія кампаніі не захочуць мець справу з НАК Беларусі. Важны фактар, што ЗША зьяўляюцца самым вялікім донарам Міжнароднага Алімпійскага камітэту.
- ЗША зрабілі праблемы любых узроўнях — ад даляра як рэзэрвовай валюты да таго, што краіны не захочуць ісьці на канфрантацыю з ЗША з прычыны Беларусі.
- Цяперашняе рашэньне дазваляе адкрыць калідор для сэктаральных санкцый.
- Санкцыі — гэта крок за крокам. Наступны ўдар будзе нашмат мацнейшым і будзе тычыцца нафтаперапрацоўкі, калійнага ланцужку і фінансаў. Гэта будзе азначаць, што ўсе краіны адмовяцца ад транзыту, можа, за выключэньнем Расеі.
- Адрозна ад Эўразьвязу, у ЗША ёсьць структура, якая сочыць за выкананьнем санкцый.
- Калі санкцыі абыходзяць, адразу ідзе сыгнал ураду і прымаюцца больш жорсткія захады да тых, хто гэта парушае. Новае — гэта другасныя санкцыі, калі караюць структуры, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі.
- У мяне няма сурʼёзнай асьцярогі, што ад санкцый пацярпяць звычайныя людзі. Яны ўжо пакутуюць. Ад таго, што валіцца эканоміка, цярпяць усе, у тым ліку ў замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі.
- Большасьць удараў прыпадае на мэханізмы, які фінансуюць Лукашэнку. Беларусам нічога з тых структураў не дастаецца.
- Па нашых ацэнках, заробкі супрацоўнікаў «Беларуськалію» заніжаныя як мінімум удвая. Гэтыя грошы проста перакладаюцца з кішэні дзяржавы ў кішэні «семʼяў Лукашэнкі».
- У Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы санкцыі прывялі ўрэшце да зьмены ўлады. Там таксама быў ціск знутры і звонку. Апартэід сам па сабе не растварыўся б ніколі.
- Санкцыйны працэс — гэта ня срэбная куля, якая выстраліла і ўсё вырашыла, але гэта адзін элемэнт, які можа ўплываць на падрыў фінансаваньня злачынных структураў.
- Натальля Каляда слушна сфармулявала фармат супрацьстаяньня — тактыка тысячы парэзаў, калі кожны наносіць целу гэтай улады той парэз, які можа нанесьці. Толькі тады гэты рэжым сплыве крывёй і мы пра яго забудзем і ўрэшце пяройдзем да нармальнага жыцьця.