У Берасьці судзяць 6-ю групу абвінавачаных у «карагоднай справе»

«Карагод» у Берасьці 13 верасьня 2020 году

Сярод 12 чарговых фігурантаў справы тэлевядоўца тэлеканалу «Беларусь-4», які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца пад вартай, і пэнсіянэр.

У Ленінскім раённым судзе Берасьця праходзіць суд над чарговай часткай абвінавачаных ва ўдзеле летась 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што гэтым разам справу разглядае судзьдзя Куроўскі. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляюць пракуроры Аляксандар Бацюшка і Міхаіл Юшчук.

На лаве падсудных 12 чалавек:

  • Кацярына Бровач
  • Арцём Ласкі
  • Глеб Нікановіч,
  • пэнсіянэр Віктар Атрошка,
  • Тацяна Рагачоўская,
  • Юры Сацюк,
  • Ігар Сямыкін,
  • Арцём Тарасюк

А таксама чацьвёра фігурантаў, якія знаходзяцца пад вартай:

  • Ільля Ягораў,
  • Аляксандар Жук
  • Сяргей Канановіч
  • тэлевядоўца «Беларусь-4»​ Канстанцін Сьвідуновіч.

У чым вінавацяць падсудных?

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў. З прычыны прастою тралейбуснаму парку нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін закрыліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.

На гэты момант вынесьлі ўжо шэсьць калектыўных прысудаў. Агулам асудзілі 69 асобаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2,5 года ў калёніі. У Берасьці асудзілі яшчэ 12 чалавек у «карагоднай справе»

Першае судовае пасяджэньне над шостай групай абвінавачаных мелася адбыцца 23 ліпеня. Аднак працэс не пачаўся, бо ў адной з абвінавачаных выявіўся станоўчы тэст на каранавірус. У выніку суд перанесьлі на 9 жніўня.

У дні з 9 па 12 жніўня дапыталі ўсіх абвінавачаных, сьведак, таксама ўжо азнаёміліся з матэрыяламі справы. Працяг суду заплянаваны на 23 жніўня ў 10.00, у той дзень маюць адбыцца спрэчкі бакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плыў з самамі і бабром». Студэнт, асуджаны за «карагодную справу», пераплыў Буг і ўцёк у Польшчу

Адначасова разглядаецца справа па ч.2 арт.339 КК «Хуліганства» у дачыненьні да Ігара Вінакурава (ужо асуджаны ў «карагоднай справе» у 5-й частцы фігурантаў), Ільлі Ягорава (цяпер судзяць у «карагоднай справе») і Данііла Дзітоўскага. Іх абвінавачваюць у пашкоджаньні камэр «Белтэлекаму», пры гэтым сума ў 171 рублёў 60 капеек ужо кампэнсаваная дзяўчынай Ягорава (пра што тая заявіла на судзе, маецца чэк).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці асуджаную ў «карагоднай справе» перасьледуюць за абразу Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія працэсы трэба праводзіць на стадыёне». У Берасьцi cудзяць яшчэ 12 фігурантаў «карагоднай справы»