Лідэр гурту «Дай Дарогу» Юры Стыльскі не прыйшоў на суд і пакінуў Беларусь

Выступ «Дай дарогу!», на пярэднім пляне Юры Стыльскі

Лідэр гурту «Дай Дарогу» Юры Стыльскі не зьявіўся на суд аб прызнаньні кліпа на песьню «Баю-бай» «экстрэмісцкім матэрыялам»  і пакінуў Беларусь.

Як паведамляе «Эўрарадыё», музыка заявіў, што цяпер знаходзіцца ў бясьпечным месцы.

Раней лідэр гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі атрымаў пастанову суду пра тое, што кліп ягонага калектыву на песьню «Баю-бай» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кліп гурту «Дай дарогу!» «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім матэрыялам

Зборам дакумэнтаў для падачы ў суд займалася 6-я ўправа ГУБАЗіК Берасьцейскай вобласьці. Матэрыялы перадалі ў абласную экспэртную камісію ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасьці ў ёй «экстрэмізму».

Камісія прыйшла да высновы, што «кліп зьняты з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структураў».

«На гэта ўказваюць вобразы кіроўцы аўтазаку, які на камбайне перасьледуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаныя гранічна міралюбнымі і безабароннымі. Такім чынам, сытуацыя затрыманьня парушальнікаў грамадзкага парадку выстаўленая аўтарамі песьні як бязьлітаснае забойства, учыненае супрацоўнікамі сілавых структураў», — гаворыцца ў выснове дзяржаўных экспэртаў.

На думку сяброў камісіі, гэты кліп распальвае сацыяльную варажнечу, маючы «прыкметы экстрэмізму». Кліп і яго магчымыя копіі ўлады прызналі «экстрэмісцкім» матэрыялам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе пазбаўляць натуралізаваных беларусаў грамадзянства за экстрэмізм
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Золатава з СІЗА: «Прызнаць Tut.by экстрэмісцкім — значыць зьнішчыць 20-гадовы архіў беларускай гісторыі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Такога не было ніколі ў музычнай сусьветнай гісторыі». Троіцкі пра найлепшыя песьні беларускага пратэсту