Ад пачатку году літоўскія памежнікі затрымалі на беларускай мяжы 4110 мігрантаў, падсумавала літоўская служба статыстыкі. У гэтую лічбу не ўваходзяць мігранты, якіх літоўскія памежнікі не прапусьцілі церазь мяжу.
З 3 жніўня на загад міністра ўнутраных справаў літоўскія памежнікі пачалі вяртаць мігрантаў у Беларусь, транзытам церазь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі.
Літва прапануе паглыбіць галіновыя санкцыі супраць Беларусі. Гэта, хутчэй за ўсё, паўплывае на экспарт угнаеньняў, да якога будуць ужытыя больш жорсткія абмежаваньні, чым ужо прадугледжана.
Цяпер, паводле міністра замежных справаў Габрыелюса Ландсбергіса, санкцыі ахопліваюць каля 20 працэнтаў новых кантрактаў на грузы, якія праходзяць праз тэрыторыю Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Літвы за апошні дзень выдварылі ў Беларусь 321 мігрантаТранзыт калію празь літоўскія парты
Летась праз Клайпедзкі порт прайшло 15,6 мільёна тон беларускіх грузаў. Беларускія калійныя ўгнаеньні пастаўляюцца ў асноўным праз порт Клайпеды, што ў Літве.
Паводле старшага навуковага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага, «нападаць на Літву дзіўна, бо яна кантралюе Клайпедзкі порт».
«Сэктаральныя санкцыі прымаліся з агаворкай, што яны ня тычацца раней падпісаных кантрактаў. Калі Беларусі забароняць і па цяперашніх кантрактах экспартаваць калій праз Клайпеду, то будуць праблемы. Перакідаць калій праз Расею адразу будзе ці то немагчыма, ці то вельмі дорага. Тэрмінал там не гатовы, транспартнае плячо таксама. Гэта патрабуе сур’ёзных інвэстыцыяў у чыгуначную структуру, у абсталяваньне самога порту. Абмяркоўвалася, што гэта магчыма праз год ці два», — кажа Леў Львоўскі.
То бок калі перагружваньне калію зь Беларусі абмяжуюць, то шляхоў яго экспарту можа ня быць.
«Але ў кантрактах на пастаўку калію можа быць прапісана, хто каму колькі вінен пры разрыве кантракту», — дадае Леў Львоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з афіцыйнаю вэрсіяй магчымае гібелі грамадзяніна Іраку на беларуска-літоўскай мяжыПаўмільярда даляраў экспарту за 5 месяцаў
Экспарт тавараў зь Беларусі ў Літву ў студзені–траўні склаў 523 мільёны даляраў, імпарт — 102 мільёны даляраў, паводле Белстату.
У Літву Беларусь прадае
- нафтапрадукты (32 мільёны даляраў за мінулы год),
- калійныя ўгнаеньні (6 мільёнаў даляраў за год),
- адкіды і лом чорных мэталаў (на 1,2 мільёна даляраў).
Трактароў у Беларусі летась Літва набыла на 587 тысяч даляраў, грузавых аўтамабіляў — на 292 тысячы даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы прапанаваў пашырыць санкцыі на транзыт беларускага каліюЛітва прадае ў Беларусь мэдычнае абсталяваньне і рухавікі
Летась Літва прадала ў Беларусь
- лінзаў для акуляраў на 151 тысячу даляраў,
- абсталяваньня для лазэраў — на 129 тысяч даляраў,
- абсталяваньня для мэдыцыны — на 508 тысяч даляраў,
- абсталяваньня для мэханатэрапіі — на 602 тысячы даляраў,
- абсталяваньня для хімічнага і фізычнага аналізу — на 593 тысячы даляраў.
Летась Беларусь закупіла ў Літве
- паравых катлоў на 1,1 мільёна даляраў,
- рухавікоў унутранага згараньня — на 2,2 мільёна даляраў,
- поршневых рухавікоў унутранага згараньня — на 3,7 мільёна даляраў,
- рухавікоў для транспартных сродкаў — на 3,6 мільёна даляраў,
Шасі для аўтамабіляў Беларусь закупляе, сярод іншага, у Літве — на 941 тысячу даляраў за мінулы год, кодабы для аўтамабіляў — на 500 тысяч даляраў.
Іншых частак для аўтамабіляў і трактароў Беларусь сёлета набыла ў Літве на 8,9 мільёна даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Іраку дрэнна: страляюць і няма грошай. Тут таксама дрэнна, мы пад замком». Аповеды мігрантаў, якія прабраліся ў Літву зь БеларусіДругі інвэстар у эканоміку Беларусі
Літва на другім месцы сярод краін, якія інвэстуюць у беларускую эканоміку. У Беларусі працуе 545 арганізацыяў зь літоўскім капіталам (паводле зьвестак Белстату за 2020 год).
Таваразварот у сфэры паслуг паміж Беларусьсю і Літвой у 2020 годзе склаў 765,4 мільёна даляраў.
Экспарт паслуг — 322 мільёны даляраў, імпарт — 443 мільёны даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс не прымусіць Літву пайсьці на нейкія саступкі Менску, — палітоляг Казакевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму за год курс даляра ў Беларусі амаль не зьмяніўся. Разьбіраемся з экспэртам