«Даляр зьмяняецца ў адным калідоры»
За год курс даляра рухаецца ад 2,66 рубля за даляр (такі курс быў у красавіку) да 2,49 цяпер. Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, курс даляра рухаецца ў адным калідоры.
«Даляр знаходзіцца ў адным калідоры, бо няма нейкіх моцных фактараў уплыву. У пачатку гэтага году вырас экспарт, адпаведна вырасла валютная выручка. Можна было чакаць таго, што даляр аслабне, але гэта кампэнсавалася выдаткамі Нацыянальнага банку і тым, што людзі працягваюць мяняць рублі на даляры», — кажа Леў Львоўскі.
Толькі ў першым квартале гэтага году экспарт вырас на 19,5%.
«Санкцыі паўплываюць на курс пазьней»
Сэктаральныя санкцыі да калійнай і нафтаперапрацоўчай галіны ўвялі з агаворкай, што старыя кантракты дзейнічаюць. Таму яны могуць адбіцца на курсе даляра пазьней. Пра гэта кажа Леў Львоўскі:
«Санкцыі патэнцыйна будуць мець уплыў на курс у выглядзе зьмяншэньня валютнай выручкі. Кантракты, заключаныя да ўвядзеньня санкцыяў, працягваюцца. Зараз санкцыі ня маюць уплыву на валютную выручку. У некаторых краінах сам факт увядзеньня санкцыяў мог бы адбіцца на выручцы, але ў Беларусі не разьвіты Forex-рынак, няма магчымасьці правядзеньня валютных атак», — тлумачыць Леў Львоўскі.
Курс у Беларусі складваецца дэ-факта: ён залежыць ад валютнай выручкі і ад куплі валюты людзьмі. Да таго ж валютныя агенты ў Беларусі жывуць у «пастаянным стрэсе» ўжо год.
«На кепскія навіны эканамічныя агенты амаль не рэагуюць. Бізнэс знаходзіцца ў такім шоку, што мала на што рэагуе — рызыкі паўсюль», — мяркуе Леў Львоўскі.
«Даляр аслабляецца апошнім часам ува ўсім сьвеце»
Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на курс даляра ў Беларусі, — сусьветная тэндэнцыя аслабленьня даляра.
«Даляр аслабляецца стасоўна амаль усіх сусьветных валют праз інфляцыю ў ЗША і пазытыўныя чаканьні па выхадзе з крызісу, зьвязанага з каранавірусам», — кажа Леў Львоўскі.
Сярэдні курс даляра за мінулы год — 2,43 рубля.