Амаль увесь дзень галасаваньня 9 жніўня 2020 году Сьвятлана Ціханоўская правяла ў штабе каманды Віктара Бабарыкі на вуліцы Веры Харужай. Туды яна прыехала адразу пасьля ранішняга галасаваньня на сваім участку ва Ўруччы і ўвесь выбарчы дзень не зьяўлялася перад журналістамі, якія дзяжурылі ў штабе. Усе камэнтары пра ход кампаніі замест Ціханоўскай давала Марыя Калесьнікава, а таксама Вольга Кавалькова і Ганна Красуліна.
Неўзабаве пасьля 20-й гадзіны, калі скончылася галасаваньне, сябры аб’яднанага штабу сабраліся ў пакоі для перамоваў, адгароджаным ад журналістаў празрыстымі і гуканепранікальнымі шклянымі сьценамі. Яны пачалі штосьці абмяркоўваць, па тварах удзельнікаў і ўдзельніц нарады было зразумела, што яны вельмі радуюцца.
Асабліва гэта было заўважна па Марыі Калесьнікавай, якая імпэтна рэагавала на атрыманыя з рук валянтэраў дакумэнты. Пазьней Калесьнікава расказала журналістам, што да іх у штаб прыйшлі першыя зьвесткі пра перамогу Сьвятланы Ціханоўскай на асобных участках для галасаваньня, і менавіта гэтыя навіны выклікалі ў яе столькі пазытыву.
Прыкладна праз гадзіну пасьля гэтага фота Сьвятлана Ціханоўская дасьць сваю першую пасьлявыбарчую прэс-канфэрэнцыю, якая стане для яе апошняй на тэрыторыі Беларусі.
Яшчэ праз 24 гадзіны Сьвятлана Ціханоўская выехала зь Беларусі пасьля размовы з высокапастаўленымі сілавікамі ў будынку ЦВК.
Свабода прасачыла, што стала зь іншымі ўдзельнікамі фота, зробленага праз шкло пакоя для перамоваў у штабе Віктара Бабарыкі.
Марыя Калесьнікава
Яе затрымалі невядомыя побач з будынкам Нацыянальнага мастацкага музэю амаль роўна празь месяц — 7 верасьня 2020 году. Незадоўга да затрыманьня Марыю выклікалі ў Сьледчы камітэт з нагоды яе ўдзелу ў прэзыдыюме Каардынацыйнай рады. Праз суткі пасьля затрыманьня супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў паспрабавалі вывезьці Марыю Калесьнікаву ва Ўкраіну, аднак на нэўтральнай паласе яна разарвала свой пашпарт, выйшла з машыны і пайшла пешшу ў бок Беларусі, дзе яе затрымалі паўторна.
У сярэдзіне верасьня мінулага году Марыю Калесьнікаву абвінавацілі па артыкуле 361 Крымінальнага кодэксу ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Суд па справе Марыі пачаўся ў Менску 4 жніўня 2021 году. Сваёй віны яна не прызнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў закрытым працэсе судзяць палітвязьняў Марыю Калесьнікаву і Максіма ЗнакаМаксім Знак
Максім Знак быў затрыманы падчас ператрусу ў штабе Віктара Бабарыкі 4 верасьня 2020 году. Як і Марыю Калесьнікаву, яго таксама выклікалі на допыты ў Цэнтральны апарат СК з прычыны ўдзелу ў асноўным складзе Каардынацыйнай рады.
Як і Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака абвінавацілі ў закліках да «дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы». У адказ на гэта юрыст абвясьціў галадоўку пратэсту.
Судзіць Знака пачалі ў Менску 4 жніўня разам з Калесьнікавай. Працэс па іх справе праходзіць у закрытым рэжыме, адвакаты ня могуць раскрываць яго дэталі, бо далі падпіску аб неразгалошваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі дзень суду над Знакам і Калесьнікавай: бацькоў падсудных не пусьцілі ў залюІван Краўцоў
Ад пачатку выбарчай кампаніі 2020 году Краўцоў уваходзіў у штаб Віктара Бабарыкі. Пасьля аб’яднаньня стаў актывістам аб’яднанага штабу і працаваў у кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай, а пасьля стаў выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады.
Яго затрымалі ў адзін дзень з Марыяй Калесьнікавай, ператрус у кватэры Краўцова праводзілі супрацоўнікі ДФР. Праз суткі пасьля затрыманьня яго на ўласным аўтамабілі вывезьлі на мяжу з Украінай, дзе Краўцоў стаў сьведкам добраахвотнага вяртаньня Марыі Калесьнікавай на радзіму.
Сам ён разам з прэсавым сакратаром Каардынацыйнай рады Антонам Раднянковым выехаў у Кіеў. Цяпер жыве на эміграцыі. 11 верасьня КДК Беларусі паведаміў, што супраць Краўцова распачата крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня ведаў, што мяне чакае далей». Краўцоў і Раднянкоў расказалі, як іх затрымалі і вывезьлі ва ЎкраінуІльля Салей
Юрыст Ільля Салей быў адным з твараў выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі. Разам з Максімам Знакам і Марыяй Калесьнікавай ён прыходзіў на паседжаньні ЦВК, падаваў скаргу на адмову рэгістрацыі Бабарыкі ў якасьці кандыдата.
Пасьля аб’яднаньня штабоў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай аказваў юрыдычную падтрымку камандзе Ціханоўскай, удзельнічаў у паездках Ціханоўскай па Беларусі.
Пасьля падзей 9 жніўня Ільля Салей увайшоў у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады, суправаджаў Марыю Калесьнікаву ў Сьледчы камітэт і Генэральную пракуратуру. Роўна празь месяц пасьля дня выбараў Ільлю Салея затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, 18 верасьня Салею прад’явілі абвінавачаньні па тым жа 361-м артыкуле.
Ільля Салей быў адным з удзельнікаў сустрэчы групы палітзьняволеных з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 году. У сярэдзіне красавіка 2021 яму зьмянілі меру стрыманьня з хатняга арышту і вызвалілі пад заклад. Цяпер ён на волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакату Ільлю Салею зьмянілі меру стрыманьня: цяпер ён можа выходзіць на вуліцу і хадзіць на працуГанна Красуліна
Падчас выбарчай кампаніі выконвала абавязкі прэсавай сакратаркі Сьвятланы Ціханоўскай. Неўзабаве пасьля ад’езду Ціханоўскай у Літву Красуліна таксама выехала ў Вільню. Працягвае пасярэднічаць паміж Ціханоўскай і журналістамі, суправаджае яе ў паездках і на сустрэчах зь лідэрамі дзяржаў.
Вольга Кавалькова
Пасьля адмовы ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдаткі на выбарах Вольга Кавалькова ўвайшла ў штаб Сьвятланы Ціханоўскай і стала яе даверанай асобай.
Пасьля 9 жніўня ўвайшла ў прэзыдыюм Каардынацыйнай рады, была затрыманая 21 жніўня ў менскім аэрапорце падчас спробы вылецець у Польшчу, дзе ад імя Сьвятланы Ціханоўскай зьбіралася сустрэцца з прадстаўнікамі польскага ўраду. Кавалькову арыштавалі на 10 сутак, а ў ноч на 5 верасьня вывезьлі на беларуска-польскую мяжу.
Жыве на эміграцыі ў Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ў ружовых акулярах ня ходзіць, але мяккая сіла пераможа», — Вольга Кавалькова пра вяртаньне і помсту ўладаўНаста Александровіч
Валянтэрка штабу Віктара Бабарыкі. Пасьля шэрагу арыштаў валянтэраў, якія адбыліся ў другой палове жніўня, выехала ва Ўкраіну.