Ільля застаецца ў статусе абвінавачанага і абавязаны зьяўляцца на выклік сьледчых органаў і суду, паведамляе прэс-служба штабу Бабарыкі.
Цяпер Ільля Салей можа свабодна перасоўвацца па Беларусі і працаваць. Доўгія месяцы юрыст штабу знаходзіўся ў сваёй кватэры бяз права на зносіны і прагулкі. Бачыцца Ільля мог толькі з сваім адвакатам, які прыносіў яму прадукты і выносіў сьмецьце.
Ільля Салей — адвакат Марыі Калесьнікавай. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году, у кватэры Ільлі адбыўся ператрус, а яго самога даставілі на допыт у Сьледчы камітэт. Там яму паведамілі, што ён падазраецца ў крымінальным злачынстве паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). 11 верасьня Салея перавялі ў СІЗА-1 Менску. 16 кастрычніка мера стрыманьня ў адносінах да Салея была зьмененая на хатні арышт.
Беларускія праваабаронцы прызналі Ільлю Салея палітвязьнем.