Пры гэтым мінімальны заробак ва Ўкраіне вызначаны ў памеры 6000 грыўняў (223 даляры). У Беларусі мінімальны заробак — 159 даляраў. Найбольшы сярэдні заробак у Кіеве — 20 455 грыўняў (каля 750 даляраў). Найменшы — у Херсонскай вобласьці: 12 110 грыўняў (амаль 445 даляраў).
Найбольшы заробак сярод рэгіёнаў Беларусі — у Менску: 802 даляры, найменшы — у Магілёўскай вобласьці: 466 даляраў.
Мінімальны пражытковы мінімум на другую палову 2021 году ва Ўкраіне вызначаны ў памеры 2294 грыўні (каля 85 даляраў). Падаходны падатак ва Ўкраіне складае 18%.
У Беларусі сярэдні бюджэт пражытковага мінімуму — 108 даляраў. Падаходны падатак — 13%.
Паводле ўкраінскага парталу пошуку працы Works.ua, мэнэджарам продажаў прапануюць заробкі ў 18 тысяч грыўняў (670 даляраў), кіроўца можа арыентавацца на заробак у 16 500 грыўняў (613 даляраў), кухар — 13 500 (500 даляраў), а прадавец-кансультант — 10 800 (каля 400 даляраў).
У Беларусі мэнэджар па продажах можа разьлічваць на заробак ад 400 да 1000 даляраў.
Кіроўца ў Менску можа мець ад 557 да 956 даляраў. Кухар можа разьлічваць на 577 даляраў, прадавец-кансультант — на 358–577 даляраў.
Мэдычныя працаўнікі
Мэдсястры ў Дніпры ў прыватным цэнтры прапануюць ад 335 да 557 даляраў. Фармацэўту ў прыватнай аптэцы таксама прапануюць каля 560 даляраў. Лекара-тэрапэўта ў дзяржаўным шпіталі чакаюць на заробак ад 300 да 372 даляраў. Доктару-стаматолягу ў прыватным цэнтры могуць прапанаваць ад 372 да 1115 даляраў.
У прыватным мэдычным цэнтры ў Менску мэдсястры прапануюць 717 даляраў.
Фармацэўту ў прыватнай менскай аптэцы гатовыя плаціць 669 даляраў. Тэрапэўту ў дзяржаўным шпіталі — каля 400 даляраў.
Стаматолягу ў прыватным цэнтры ў Менску прапануюць амаль 800 даляраў на месяц.
У Кіеве асыстэнту стаматоляга даюць каля 560 даляраў у прыватным цэнтры. У рэабілітацыйны цэнтар мэдсястру клічуць на 280 даляраў заробку. Апэрацыйная мэдсястра ў Цэнтры сучаснай уралёгіі можа зарабляць каля 820 даляраў.
Настаўнікі
Настаўніка пачатковай прыватнай школы ў Адэсе запрашаюць на заробак ад 630 да 670 даляраў. Настаўніку матэматыкі і фізыкі ў сярэдняй школе ў Харкаве прапануюць 260–300 даляраў. У Дніпры настаўнік біялёгіі можа зарабляць ад 260 да 375 даляраў.
Настаўніку пачатковых клясаў у Гомлі гатовыя плаціць 239 даляраў на месяц.
У Полацку настаўніку на поўную стаўку прапануюць 200 даляраў.
У Лідзе настаўніку прапануюць 204 даляры на месяц.
У Кіеве шмат вакансіяў настаўнікаў у прыватных школах, але і патрабаваньні там іншыя. Напрыклад, часта запрашаюць носьбітаў замежных моваў. Настаўнік пачатковых клясаў у такой школе можа зарабляць ад 375 да 560 даляраў. А настаўнік фізыкі ў асьветніцкім цэнтры — ад 260 да 560 даляраў.
У менскім прыватным цэнтры выкладчыку ангельскай мовы прапануюць 478 даляраў.
Прадаўцы
Сярэдні заробак прадаўца ў Кіеве, калі меркаваць па вакансіях, 375–445 даляраў. Напрыклад, у прадуктовай краме прапануюць вакансію з заробкам ад 375 да 560 даляраў. Прадаўца піва запрашаюць на заробак 445–595 даляраў.
Прадаўцу-кансультанту ў аддзел парфумэрыі абяцаюць 375–820 даляраў заробку.
У Віньніцы прадавец у прадуктовай краме можа зарабіць 335–410 даляраў. Прадаўцу марозіва прапануюць ад 260 да 335 даляраў. Прадаўца-стыліста запрашаюць на заробак ад 300 да 560 даляраў.
Сярэдні заробак прадаўца ў Менску — каля 480 даляраў. Прадаўца абутку ў Менску запрашаюць на 318 даляраў на месяц.
У Ганцавічах Берасьцейскай вобласьці прадаўцу прапануюць 239 даляраў. Прадаўцу-кансультанту ў Полацку прапануюць 167 даляраў.
Будаўнікі
Будаўніка-мантажніка ў Кіеве шукаюць на заробак ад 560 да 1100 даляраў. Плітачнікаў — ад 1100 да 1860 даляраў. Укладніку лінолеўму прапануюць заробак ад 1375 даляраў.
Тынкару ў Харкаве прапануюць ад 1100 да 1860 даляраў.
Будаўнікам дарог у Харкаве даюць ад 375 да 745 даляраў у месяц. Майстар электрамантажнага ўчастку можа мець заробак ад 445 да 557 даляраў.
Будаўніку ў Менску прапануюць 600 даляраў, будаўніку-адстройвальніку — амаль тысячу даляраў. Плітачніка ў Менску шукаюць на 800 даляраў у месяц, тынкара — на 557 даляраў у месяц.
Будаўніку-ўнівэрсалу ў Віцебску гатовыя плаціць 400 даляраў. Будаўніку ў Горадні прапануюць 557 даляраў.
Кіроўцы
Кіроўцам кіеўскіх таксі ў сярэднім прапануюць ад 745 да 1300 даляраў.
Кіроўца-экспэдытар ва ўкраінскай сталіцы запрашаецца на заробак ад 745 даляраў.
Дальнабойніку ў Хмяльніцкім прапануюць уладкавацца на заробак ад 1900 эўра. Кіроўца гарадзкога маршруту ў гэтым горадзе можа зарабіць ад 520 даляраў.
Кіроўцу «Яндекс. Такси» ў Менску гатовыя плаціць амаль 600 даляраў. Кіроўцу-экспэдытару ў Менску прапануюць 600 даляраў.
Дальнабойніку ў Беларусі гатовыя плаціць 1195 даляраў.
Кіроўцу аўтобуса ў Менску прапануюць да 600 даляраў.
Цырульнікі
Цырульнік у Адэскай вобласьці можа разьлічваць на 175–345 даляраў. У Кіеве — ад 560 да 745 даляраў.
Цырульніку ў Менску прапануюць ад 318 да 557 даляраў. У Віцебску цырульніку гатовыя плаціць 239 даляраў.
ІТ
Сярэдні заробак распрацоўніка Front-end ва Ўкраіне — больш за тысячу даляраў. DevOps engineer можа зарабляць трохі больш за 2000 даляраў, бізнэс-аналітык — каля тысячы даляраў.
Сярэдні заробак у ІТ-сфэры ў Менску — 1907 даляраў. Net Developer можа разьлічваць у Менску на заробак у 3500–4500 даляраў. Middle/Senior Java Developer можа мець 5,5 тысячы даляраў.
Навукоўцы
Інстытут малекулярнай біялёгіі і генэтыкі НАН Украіны запрашае біёляга на заробак каля 550 даляраў. Інстытут квантава-хвалевай мэдыцыны і інфармацыйнага поля НАН Украіны шукае навуковага супрацоўніка на заробак 745 даляраў.
Сярэдні заробак у сфэры навуковых распрацовак у Беларусі за травень — 480 даляраў. Так вынікае са зьвестак Белстату. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на сёньня вакансіяў няма.
Трохі пра выдаткі і цэны ва Ўкраіне і ў Беларусі
Паводле статыстыкі, найбольш украінцы трацяць на прадукты харчаваньня — гэта 39,5% усіх даходаў. На другім месцы — аплата жытла і камунальных паслугаў (18% сродкаў).
У Беларусі на прадукты харчаваньня прыпадае 39,6% усіх тратаў. На жыльлё прыпадае 11,4% усіх тратаў, зь іх на жыльлёва-камунальную гаспадарку — 7,2%.
Каб зарыентавацца ў цэнах, заходзім на сайт папулярнай украінскай сеткі прадуктовых супэрмаркетаў «Сільпо». Кіляграм курынага філе тут каштуе 119 грыўняў, або 4,4 даляра, ялавічына (лапатка) — 7 даляраў. Кіляграм фэрмэрскага сьвінога тлушчу — 36 грыўняў, або 1,3 даляра. Сьметанковы сыр (50%) каштуе 52,49 грыўні за 180 грамаў (трохі менш за 2 даляры). 900 грамаў малака «Селянське» (2,5%) каштуе трохі менш за 1 даляр. Кіляграм грэчкі — каля паўтара даляра. Кіляграм памідораў — трохі больш за даляр, гуркоў — менш за паўдаляра. Чорны хлеб «Гасьцінны» (0,6 кг) каштуе больш за паўдаляра, батон — паўдаляра.
У папулярнай сетцы супэрмаркетаў «Еўраопт» у Беларусі кіляграм філе кураняці каштуе 3,7 даляра, кіляграм ялавічыны (лапатка) — крыху больш за 7 даляраў, шыйная частка сьвініны каштуе 7 даляраў за кілю. За кіляграм цьвёрдага сыру давядзецца заплаціць каля 4,7 даляра. 900 грамаў грэчкі каштуе 1,1 даляра, літар малака пацягне на 0,8 даляра. Кіляграм памідораў будзе каштаваць 0,9 даляра, кіляграм гуркоў — 0,5 даляра.
Бохан чорнага хлеба абыдзецца ў сярэднім у 0,6 даляра.
Сярэдняя цана на аўтамабільнае паліва на канец ліпеня складала: А-95 — 1,12 даляра, А-92 — 1,08 даляра, дызэльнае паліва — 1,05 даляра, газ — 0,6 даляра. Афіцыйны курс даляра ў гэты пэрыяд быў каля 27 грыўняў за 1 даляр.
Цана паліва ў Беларусі цяпер такая: бэнзін А-95 — 0,8 даляра, А-92 — 0,76 даляра, А-98 — 0,86 даляра, дызэльнае паліва — 0,8 даляра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтамэханік у Польшчы атрымлівае 1200 эўра, у Беларусі — 400. Параўноўваем заробкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдсястра ў Літве зарабляе ад 640 да 1377 эўра. У Менску — 268 эўра. Параўноўваем заробкі