Што дакладна сказаў Лукашэнка?
- Калі трэба будзе для бясьпекі Саюзнай дзяржавы разьмясьціць тут усе ўзброеныя сілы з усімі відамі ўзбраеньняў — яны будуць тут разьмешчаныя неадкладна.
- Зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці, бо Беларусь мае досыць моцныя, згуртаваныя, кампактныя Ўзброеныя Сілы.
- Калі будзе мала, сюды будуць уведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі. Такога ніколі ня будзе. Але калі трэба, мы разважаць ня будзем.
Тое, што расейскія войскі ў выпадку нападу на Беларусь могуць прыйсьці ёй на дапамогу — гэта вынікае проста з таго, што Беларусь і Расея — вайсковыя хаўрусьнікі, чальцы АДКБ, такая магчымасьць наўпрост запісаная ў артыкуле 4 дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «дзеля бясьпекі» ў Беларусь могуць увесьці войскі Расеі. Прэс-сакратар Пуціна зьняпраўдзіўКалі Лукашэнка проста канстатаваў гэты факт, дадаўшы да таго ж, што зараз патрэбы ў расейскіх войсках у Беларусі няма, то чаму ж прэсавы сакратар Пуціна адрэагаваў на гэтыя заявы Лукашэнкі імгненна, нават не дачакаўшыся заканчэньня нарады саюзьніка з сваёй «вэртыкальлю»?
А таму што ў перакладзе на звычайную мову гэтыя супярэчлівыя заявы Лукашэнкі гучалі насамрэч даволі ясна.
Гэта пасланьне Захаду — калі вы будзеце на мяне ціснуць (і размова ня толькі пра беспасярэдні вайсковы напад), то я магу падняць стаўкі і ўцягнуць у канфлікт нават расейскую вайсковую сілу. Я на гэта здольны, расейцы будуць вымушаныя пайсьці мне насустрач, і вы ня вытрымаеце гульню з такімі стаўкамі — ня вытрымаеце нават такой пагрозы, ня тое што яе рэалізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не выключаецца прымяненьне вайсковай сілы». Як загаварылі сілавікі ў Беларусі пасьля візыту Ціханоўскай у ЗШАІ вось на гэта Пяскоў і рэагаваў, сказаўшы: «Беларусь не зьвярталася да Расейскай Фэдэрацыі з нагоды магчымасьці разьмяшчэньня расейскіх узброеных сілаў».
Ізноў жа — на першы погляд, прычым тут гэта і які гэта адказ на словы, сказаныя Лукашэнкам? Дык і Лукашэнка ж сказаў тое самае: «зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці», «такога ніколі ня будзе».
Але калі ў сваю чаргу перакласьці на звычайную мову адказ Пяскова на сапраўднае пасланьне Лукашэнкі, то ён гучыць так: «Расейскія войскі — не таксі, якое Лукашэнка можа выклікаць па сваёй волі. І разважаць наконт выкарыстаньня нашых узброеных сілаў за межамі краіны будзем мы, Расея, і рашаць будзем мы, Крэмль, а не Лукашэнка. Не хвалюйцеся, мы яго кантралюем».
Але сказана, зразумела, было іншае. Аднак усе адзін аднаго зразумелі. І на Захадзе таксама зразумелі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.