Пасьля вызваленьня 21-гадовы Ўладзіслаў Пшанко расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра гвалт з боку сілавікоў.
Па словах Уладзіслава Пшанко, 9 кастрычніка мінулага году яго затрымалі першы раз за ўдзел у акцыі з кветкамі. Тады аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП (цяпер – 24.23 КаАП). Хлопец так расказаў аб прычыне свайго ўчынку:
«З прычыны штрафу і таго, што я жыву з бабуляй, я перастаў хадзіць на акцыі, таму што гэта закранала маю сям'ю як матэрыяльна, так і псыхалягічна. Зь дзяцінства мне даводзілася часта сутыкацца зь несправядлівасьцю і абыякавасьцю дзяржавы, бо я прадстаўнік ЛГБТ+ супольнасьці.
Акрамя гэтага, мае бацькі выпівалі. Бацьку ня раз штрафавалі за пʼянства і гвалт у сямʼі. Але ні школа, ні міліцыя нічога не рабілі, каб засьцерагчы мяне з братам. Пасьля разводу бацькоў нас адправілі да бабулі. Дзіцем я, вядома, не разумеў, што адбываецца. Толькі калі я вырас да сьвядомага ўзросту, то стаў разумець, што ні дзяржава, ні мае бацькі мне не дапамаглі, што я ім нічога ня вінен.
Наступіла 18-годзьдзе, і мяне прызвалі на службу. Я быў вызвалены па артыкуле 19б, што далося мне няпроста. У 20 гадоў я сустрэў свайго хлопца, але яго забралі ў войска з хваробамі і са страхам за сваё жыцьцё, калі ён раскрые сваю арыентацыю, як і я».
Уладзіслаў расказаў, што ўсё, што рабілася ў краіне і ў асабістым жыцьці, яго «падкасіла».
«Я стаў запіваць гора. 5 лютага, калі я ішоў зь сяброўкай з караоке, то ўбачыў сьцяг (чырвона-зялёны) на будынку гарадзкога музэю Магілёва (на вуліцы Болдзіна, там жа — выставачная заля музэю). Я хацеў толькі забраць яго сабе дадому, як дзяржава забрала ў мяне каханага чалавека. У мяне і думак наконт зьдзеку не было. Калі я паспрабаваў зьняць яго, то сьцяг зламаўся, і я ўцёк, бо спалохаўся. Я не „зьнішчальнік“ сьцягоў».
Другі раз Уладзіслава Пшанко затрымалі 15 лютага. Яго знайшлі па запісах з камэр відэаназіраньня. У Сьледчым камітэце паведамілі, што ён стаў падазраваным па арт. 370 Крымінальнага кодэксу (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў). Пасьля допыту і добраахвотнай здачы сарванага сьцяга Ўладзіслава затрымалі ў рамках крымінальнай справы на трое сутак і зьмясьцілі ў магілёўскі ізалятар.
«Тут і пачаўся мой жах. Зь вечара 15 па 18 лютага я быў як у пекле. На мяне начапілі кайданкі. Канвой сказаў, што калі я адыду ад іх на тры мэтры, то будуць страляць на паражэньне. Адчуваньне было, што я кагосьці забіў, барані бог».
«Яны сьмяяліся і казалі, што толькі нядаўна кроў з падлогі выцерлі»
«Калі мяне прывезьлі ў магілёўскі ІЧУ, дзяжурны стаў глядзець дакумэнты. Паглядзеў на артыкул 370 КК — успрыняў спакойна. Але калі, пагартаўшы далей, убачыў, што я прыцягваўся за ўдзел у масавым мерапрыемстве, у яго вочы проста загарэліся. Зь іншым міліцыянтам яны адвялі мяне на асабісты надгляд.
Пакінуўшы мяне ў адных майтках, паставілі каля сьценкі ледзь не на шпагат. Мне выкруцілі рукі тыльным бокам да сьцяны, прымусілі стаяць. Я плакаў, маліў спыніцца. А яны сьмяяліся і казалі, што толькі нядаўна кроў з падлогі выцерлі. Стаяў так каля пяці хвілін. Пасьля гэтага мне дазволілі апрануцца і завялі ў камэру».
Па словах Уладзіслава, раніцай 16 лютага на праверцы яго зноў распранулі і прымусілі стаяць у яшчэ больш шырокай расьцяжцы.
«Калі я гэтак жа прасіў літасьці, мяне не адпускалі, пакуль я ня падаў ад бясьсільля. Яны яшчэ на гэта казалі, які я слабак», — успамінае Ўладзіслаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родным памерлага палітвязьня Ашурка вярнулі ягоныя рэчы. Сярод іх няма турэмнага дзёньніка«Кожную хвіліну былі думкі, што яны хутка прыйдуць, каб зноў мяне мучыць»
«Калі зноў мяне загналі ў камэру, то ў мяне невыносна балелі ногі. У галаве кожную хвіліну былі думкі, што яны хутка прыйдуць, каб зноў мяне мучыць. Калі мяне адвялі да нейкага мужчыны ўзяць аналіз сьліны, той ударыў мяне па карку, паставіўшы перад гэтым ракам, і ўдарам пад зад выштурхнуў з кабінэта. Я пачаў плакаць ад звону ў галаве, ад сваёй слабасьці і страху. Мяне хутка павялі ў камэру, чагосьці баючыся.
На наступную раніцу мяне зноў паставілі на шпагат, толькі гэтым разам стаялі ўпрытык да мяне і перад тварам размахвалі палкай. Я ня вытрымаў і ўпаў. Я думаў, што мне канец, але мяне не кранулі. Увесь час мне казалі, ці ведаю, за што гэта», — расказвае Ўладзіслаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы схіляемся да таго, што яго забілі». Сваякі ня вераць у афіцыйную вэрсію сьмерці Вітольда Ашурка«У ІЧУ думаў, як прыйду дадому і ўскрыю сабе вены»
Па словах Уладзіслава, тое ж самае паўтарылася і на трэція суткі затрыманьня. Каля 10-й раніцы яго забрала сьледчая, паспачувала і прапанавала грошай на праезд. Хлопца адпусьцілі на свабоду.
«Кожную гадзіну я думаў аб сьмерці, я не хацеў пакутаваць так больш, а мне сукамэрнік казаў, што ў турме яшчэ горш. Гэта нагнятала яшчэ больш. Я сядзеў з мужчынам, які кагосьці зьбіў да паўсьмерці. А яго не чапалі, ён проста стаяў і глядзеў. Было так крыўдна... Ня тое, што яго не чапалі, а што мяне так разьдзіраюць, хоць я пальцам нікога жывога не чапаў.
У ІЧУ я думаў пра тое, як прыйду дадому і ўскрыю сабе вены ў ваннай, таму што не хачу ўсяго гэтага больш. Але потым дома супакоіўся. Усе два месяцы сьледзтва я дапамагаў ім, і мяне не чапалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далі імя Юстас». Праваабаронца расказаў, як у КДБ робяць пакаяльныя відэа і «пераконваюць» падпісваць паперы аб супрацы«Да гэтага часу не магу зразумець, як яны зьвязалі прэзыдэнта са сьцягам»
6 красавіка супраць Уладзіслава завялі яшчэ адну крымінальную справу па ч. 1 арт. 339 (злоснае хуліганства). Пшанко вырашылі заключыць пад варту.
«Я азнаёмліваўся са справай, і там не было доказаў, што я зьдзекаваўся са сьцяга. Было толькі тое, што прыцягваўся за ўдзел у мітынгах. Як яны сказалі на судзе: «зь незадаволенасьці пасьля выбараў прэзыдэнта». Я да гэтага часу не магу зразумець, як яны зьвязалі прэзыдэнта са сьцягам... на іхны розум, хто крануў сьцяг, той крануў прэзыдэнта, і наадварот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя вязьні адказалі прадстаўніку пракуратуры на словы, што нібыта ніхто зь іх ня скардзіцца на катаваньні«Кожны дзень з усіх 86-ці бяз зносінаў зьнішчалі мяне»
Па словах Уладзіслава, у турме яго фізычна ніхто не чапаў, але ставіліся «як да жывёлы ў пляне зносінаў». У турме Ўладзіслава паставілі на прафіляктычны ўлік як асобу, «схільную да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасьці».
Амаль тры месяцы — 86 дзён — Уладзіслава ўтрымлівалі ў камэры-адзіночцы.
«Але я чалавек, а ня робат, на мяне пачалі ціснуць сьцены... Як назло, у мяне было пяць судовых слуханьняў. Увесь час, ня ведаючы, што са мной будзе, я ўжо ня бачыў сэнсу ў жыцьці, сэнсу існаваць. Мае лісты не пасылалі. Мне прыйшло з усіх лістоў 20%, яны іх давалі на ўласны одум. І гэтак жа адпраўлялі. Я быў адзін... Я быў як зомбі, я адчуваў сябе іх рэччу, і калі яны нешта пыталіся, я проста адказваў».
Судзьдзя зьняла абвінавачваньні за злоснае хуліганства
Справу Ўладзіслава разглядала судзьдзя Аксана Ратнікава. Яна зьняла з Пшанко абвінавачаньні па арт. 339 КК, а па арт. 370 КК асудзіла яго на тры месяцы арышту.
«У мяне пачаўся нэрвовы зрыў, пачаліся галаўныя болі. Кожны дзень быў маніякальны стан. Я нават спрабаваў пазногцем ускрыць вены. Але цудам суд мне прызначыў тры месяцы арышту. Адвакатка на судзе казала, што крадзеж сьцяга — гэта адміністрацыйнае парушэньне, як крадзеж у дробным памеры. А хуліганства і быць не магло. Я вельмі ўдзячны тым, хто мяне выратаваў, кім бы яны ні былі».
Паколькі два месяцы Пшанко знаходзіўся пад вартай у магілёўскай турме, яму заставалася адбыць адзін месяц арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага за «Партызанскі марш», які скардзіўся на згвалтаваньне дубінкай, зноў судзяцьПасьля вызваленьня пачаліся праблемы са здароўем
«Псыхалягічна я несьвядома здаўся за тыдзень да вызваленьня. Я страціў сувязь з рэальнасьцю. Толькі цяпер стаў паціху адыходзіць, хоць у мяне пачаліся праблемы са здароўем».
Пасьля вызваленьня Ўладзіслаў вярнуўся на сваю ранейшую працу, працягвае працаваць касірам. У мясцовым РАУС яго паставілі на ўлік, ён павінен на працягу году кожную нядзелю адзначацца там.