Андрэй Ашурак забраў асабістыя рэчы свайго брата Вітольда з горадзенскай турмы і Сьледчага камітэту ў Магілёве. Адзеньне, гадзіньнік, кнігі і стос лістоў, якія Вітольд, імаверна, не пасьпеў прачытаць у шклоўскай калёніі, куды яго этапавалі на пачатку траўня, піша «Белсат».
Родныя спадзяваліся атрымаць і дзёньнік палітвязьня, пра які Вітольд не аднойчы пісаў і які цытаваў у лістах на волю. Аднак дзёньніка ў рэчах не знайшлося. Тады Андрэй напісаў заяву на яго вяртаньне, якую параіў скласьці сьледчы ў справе сьмерці Вітольда.
Блізкі сябра памерлага актывіста, які захацеў застацца ананімным, расказаў «Белсату», што сьледчы пра дзёньнік ня ведаў, але абяцаў наведаць калёнію і пацьвердзіць яго існаваньне.
Праверка ў справе сьмерці Вітольда Ашурка трывае другі месяц, сьледчы папярэдзіў сваякоў, што экспэртызы зоймуць шмат часу. У залежнасьці ад іх вынікаў стане вядома, ці распачнуць крымінальную справу аб сьмерці Вітольда.
Аднак блізкія сумняюцца, што вынікі будуць праўдзівыя. Блізкі сябар памерлага Ашурка кажа, што ўначы перад пахаваньнем у дом маці Вітольда запрасілі незалежнага экспэрта, каб той агледзеў цела.
«Удалося зрабіць фота. Гэтая экспэртыза таксама ў працэсе. Мэдык сказаў, што нос дакладна зламаны не ад падзеньня на падлогу, як пра гэта сказалі сваякам у моргу. Нос Вітольда хістаўся туды-сюды. Мы прыпадымалі павязку, але мэдык вырашыў не здымаць яе. Сказаў, баіцца, што можа не заматаць, бо ўжо былі прыкметы распаду тканак. Гэта ўскосна гаворыць пра тое, што ён мог памерці не 21 траўня, а раней».
Мужчына кажа, што незалежны адмысловец можа выказаць толькі здагадкі і асабістае меркаваньне пра прычыны сьмерці Вітольда. Каб даказаць, што актывіста забілі, патрэбныя вынікі афіцыйных экспэртызаў. Напрыклад, гісталягічнай. Ці пакажуць сваякам гэтыя дакумэнты, невядома.
«Мы схіляемся да таго, што яго забілі, як бы балюча гэта ні гучала. Забойства можа быць не наўпроставае. Катаваньні голадам, бракам сну, — гэта забойства, крымінальнае злачынства. Вітольд быў спартовага целаскладу, жылісты, падцягнуты, на сэрца ня скардзіўся. 25 апошніх гадоў не зьвяртаўся да дактароў. Нават на відэа з суду бачна, што ён крэпкі. Як і хто давёў яго да такога стану?» — сказаў сябар Ашурка.
Ён узгадвае мантаваныя фрагмэнты відэа Сьледчага камітэту, у якім чалавек хістаецца і падае некалькі разоў. Мужчына кажа, што пазнаў Вітольда на ўсіх запісах, хоць шмат хто з блізкіх спачатку палічыў відэа пастановачным.
«Проста не хацелася верыць у тое, што зь ім зрабілі. Але я пазнаю яго па форме галавы і сутуласьці. Ён вельмі схуднелы, зьнясілены, скура ды косьці. Уявіце, як выгружалі труну ў Доме разьвітаньня ў Бярозаўцы, усяго два чалавекі паднялі і паставілі яе на пастамэнт».
Вітольд быў бесканфліктны, некалькі разоў у размове паўтарыў ягоны сябар. У лістах Вітольд Ашурак пісаў, што да ўсіх ахоўнікаў зьвяртаецца «на вы», каб не губляць людскасьці. Са Шклову ад Вітольда сябар атрымаў толькі два лісты.
Хто такі Вітольд Ашурак
- Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
- Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
- Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
- Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
- Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
- Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
- Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
- Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
- Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
- Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
- 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
- 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
- Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
- У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
- Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
- Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.