«Неверагодны 2020-ы». Арцём Шрайбман: «Наўрад ці рэжым беларускага тыпу мог сысьці аксамітна»

Акцыя пратэсту студэнтаў. Менск, 1 верасьня 2020

Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?». Сёньня прапануем вашай увазе адказы палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана

Што адбылося зь беларускім грамадзтвам у 2020 годзе: сасьпяваньне, дасьпяваньне ці разрадка напружанасьці? Ці можа вярнуцца вецер на кругі свае?

—2020 год — гэта пункт біфуркацыі, момант, калі стомленасьць і незадаволенасьць уладай, якія назапашваліся гадамі, разрасьліся да рэкордных памераў і выплюхнуліся вонкі. Гэта можна назваць і сталеньнем, па меншай меры, значнай часткі грамадзтва. Архаізацыя ўлады стала абсалютна нецярпімай для гэтай часткі беларусаў. Гэта ўжо не палітычная, эстэтычная ці этычная нязгода, гэта адрынаньне, нежаданьне дзяліць «жылплошчу».

Арцём Шрайбман, палітычны аналітык, заснавальнік аналітычнага агенцтва Sense Analytics, запрошаны экспэрт Маскоўскага Цэнтру Карнэгі

Карыстаючыся папулярнай мэтафарай, гэта момант, калі жонка пасьля доўгіх зьдзекаў мужа нарэшце не вытрымлівае і хоча канчаткова разарваць адносіны. Але на гэтым мэтафара перастае працаваць. З кватэры з хатнім тыранам можна фізычна сысьці. Грамадзтва ня можа паступіць гэтак жа, мільёны незадаволеных ня зьедуць. І ў гэтым адказ на пытаньне, ці можа вецер вярнуцца на кругі свае.

Можа. Электаральная рэальнасьць для Лукашэнкі не зьмянілася, адрынаньне стала яшчэ больш глыбокім. Аслабленьне ўлады зь нейкіх вонкавых адносна пратэсту прычын (эканоміка, санкцыі, канстытуцыйныя экспэрымэнты) дасьць новую прастору для масавай палітызацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Арсень Сівіцкі: «Крывавы разгон пратэстаў канчаткова разарваў сацыяльны кантракт»

Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?

—Беларускае нацыянальнае выявілася ў двух вымярэньнях — сымболіцы і мэтадах пратэсту. З аднаго боку, гэта быў рэнэсанс бел-чырвона-белага сьцяга, які выйшаў далёка за межы той невялікай групы людзей, для якіх ён быў важны да 2020 году. Сьцяг напоўніўся новым сэнсам, і гэта сурʼёзная заяўка на тое, каб ён стаў дзяржаўным празь нейкі час. Песьні NRM, Nizkiz і іншых беларускіх выканаўцаў сталі гімнамі пратэсту, хоць тут яны і дзеляць сымбалічнае поле зь беларускім рымэйкам «Муры» і песьняй «Перемен» Цоя. Але, улічваючы прарасейскі дрэйф Лукашэнкі і ягонай сыстэмы, якія абараняюцца, нацыянальнае стала маркерам пратэсту яшчэ і з пункту гледжаньня вызваленьня з-пад расейскага аўтарытарнага ўплыву.

Адмова пераважнай большасьці пратэстоўцаў і лідэраў апазыцыі ад гвалту — яшчэ адна глыбока беларуская рыса. Беларусы — не адзіны народ, які зрабіў такі выбар, але ў нас ён у 2020 годзе здаваўся практычна непазьбежным, улічваючы нацыянальную гісторыю і палітычную культуру. Ня факт, што гэты маральны барʼер захаваецца ў будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Ганна Севярынец: «Аляксандар Тарайкоўскі зрабіў і робіць наш шлях неадменным»


Чаму беларускі пратэст 2020 году ня меў геапалітычнага вымярэньня?

—Беларускі пратэст ня меў геапалітычнага вымярэньня, таму што ён быў выкліканы ўнутранай палітыкай улады — непразрыстымі выбарамі, рэпрэсіямі, гвалтам. У гэтых праблемаў няма відавочнага вонкавага ракурсу. Зьнешні выбар ня так востра стаіць для большасьці беларусаў, гэты парадак дня проста ня быў актываваны ў іх галовах. Але па меры ўзмацненьня канфрантацыі Менску і Захаду, уцягваньня Масквы ў падтрымку Лукашэнкі будзе ўсё больш стымулаў да інтэрнацыяналізацыі ня толькі самога крызісу, але і яго ўспрыманьня ў галовах людзей.

Калі Масква пяройдзе ад словаў і невялікай падтрымкі да актыўнага ўмяшаньня, палітычная энэргія беларускага пратэсту можа «перакінуцца» і на яе.

Аляксандар Лукашэнка на парадзе на Дзень Перамогі, Менск, 9 траўня 2020

Ці засьведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім грамадзтве?

—Гэтыя падзеі ня толькі прадэманстравалі раскол, але і абвастрылі яго. Шмат каму стала ясна, што гэты раскол існуе, хоць у іншых перамагло пачуцьцё маналітнасьці свайго боку і нешматлікасьці, чужароднасьці іншага боку. Як паказвае тая сацыялёгія, якая ёсьць у нас на руках, Лукашэнка захаваў сваё электаральнае ядро ў 20–30%, аднак антаганізаваў нашмат большую частку грамадзтва. Па меры абвастрэньня канфлікту бакі палярызаваліся. Лепш за ўсё гэта падкрэсьліваюць рутынныя абвінавачваньні адзін аднаго ў «фашызьме». Хоць з гэтага мы таксама зразумелі, што ў абедзьвюх частак грамадзтва ёсьць нейкі агульны назоўнік абсалютнага зла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Уладзімер Мацкевіч: «Рэжым ня можа пераканаць грамадзтва, грамадзтва ня здольнае перамагчы рэжым»


Ці магчымае прымірэньне, і калі так, то якой можа быць яго формула?

Улічваючы асобу і стыль Лукашэнкі, бакі ня могуць прымірыцца пры ім. Гэты палітык адхіляе любую інклюзіўнасьць, ён ня можа быць арбітрам або мадэратарам, ён можа быць толькі ў авангардзе свайго боку. Паколькі маральны шок, які атрымаў бок пратэсту ў 2020-2021 гадах, ня сыдзе яшчэ шмат гадоў, формулы прымірэньня пры Лукашэнку я ня бачу.

Пасьля яго сыходу многае будзе залежаць ад таго, на што паставяць наступныя кіроўныя эліты — на кансалідацыю грамадзтва ці на працяг падаўленьня нязгодных. Калі будзе зроблена першая стаўка, то наўрад ці можна абысьціся бяз хоць бы нейкага пакараньня вінаватых у гвалце 2020–2021 гадоў. Потым можа адбыцца пераключэньне грамадзтва на нейкі новы парадак дня, на новыя, менш палярызаваныя спрэчкі, каналізацыя канфліктнай энэргіі ў бок больш клясычнай палітычнай барацьбы.

Сілавікі пагражаюць зброяй удзельнікам маршу ў Курапаты, Менск, 1і лістапада 2020

Іншая формула — зьнешняя пагроза, якая б зьяднала краіну. Але калі зьнешняе, гэта значыць расейскае, умяшаньне адбудзецца на баку адной з частак беларускага грамадзтва, складана прадказаць, які з інстынктаў — патрыятызм ці групавая ляяльнасьць — пераможа ў прадстаўнікоў гэтай часткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Алег Манаеў: «У адной краіне дзьве розныя Беларусі»


Ці шкадуеце вы пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, ці варта яно было сьмерцяў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

— Я шкадую аб усіх гэтых пакутах і стратах, але я таксама разумею, што наўрад ці рэжым беларускага тыпу мог сысьці аксамітна, без падобных выпрабаваньняў. Казаць пра тое, што гэтую цану мы павінны былі заплаціць, — цынічна, але здаецца, што дзьве іншыя альтэрнатывы — яшчэ больш гвалту, каб зьмена ўлады паскорылася, або адмова ад пратэстаў наогул, каб зьберагчы сябе, — беларускае грамадзтва не задаволілі.

Якія ўрокі зь беларускіх падзеяў 2020 году?

— Важны ўрок палягае ў тым, што ўсе трэнды абарачальныя. Выпадковасьці, памылкі, зьбег абставінаў здольныя тармазіць ці, наадварот, вельмі паскараць тыя працэсы, якія здаваліся прадказальнымі. Па-другое, ступень кансалідацыі рэжымаў мае значэньне. Унівэрсальных рэцэптаў або колькасьці пратэстоўцаў, патрэбных для перамогі рэвалюцыі, не існуе. Тое, што проста працуе ў Грузіі ці Армэніі, можа не працаваць у Беларусі. Пэўным урокам стала тое, наколькі ў розных інфармацыйных бурбалках жывуць два бакі беларускага крызісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Богдан: «Падзеі 2020 году білі па рэжыме, а ўдарылі па Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валерыя Касьцюгова: «Грамадзтва даўно апярэдзіла ў сваім разьвіцьці ўладу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валер Карбалевіч: «Пасіянарны выбух 2020 году — форма нацыянальна-вызвольнага руху»

Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»

Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.

Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».

Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.

На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.

  • 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?