Ці ёсьць умовы, пры якіх прыхільнікам пераменаў варта было б падтрымаць на рэфэрэндуме афіцыйны праект Канстытуцыі? Ці магчыма палітычна супрацьпаставіць афіцыйны праект і альтэрнатыўны праект «Народнай Канстытуцыі»? Якія ёсьць магчымыя варыянты дзеяньняў?
Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» спрачаюцца дырэктар цэнтру «Эўрапейскі дыялёг», адзін з кіраўнікоў Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі Анатоль Лябедзька і палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Карбалевіч
- За афіцыйны праект Канстытуцыі варта галасаваць пры пэўных умовах — калі будзе прапанаваны менавіта той праект, які быў абнародаваны, калі пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму адбудуцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і калі Лукашэнка ў іх ня будзе ўдзельнічаць.
- Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя — гэта для прыхільнікаў пераменаў будзе пэўны выхад з тупіку.
- Сёньня дэмакратычныя сілы ня могуць накінуць уладам свой парадак дня.
- Я ня бачу мэханізму, пры дапамозе якога на рэфэрэндум можа быць вынесены альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, распрацаваны пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі.
- Ёсьць тры варыянты:
- 1. Заклікаць людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць за афіцыйны праект Канстытуцыі, і гэта адкрывае пэўную палітычную пэрспэктыву.
- 2. Заклікаць людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць супраць афіцыйнага праекту Канстытуцыі, і тады застаецца цяперашняя Канстытуцыя і Лукашэнка на чале дзяржавы да 2025 году.
- 3. Заклікаць людзей не хадзіць на выбары. Любы байкот — гэта стратэгія дэмабілізацыі.
- З гэтых трох рэальных варыянтаў найменшае зло — гэта першы варыянт.
Лябедзька
- Да нядаўняга часу ў публічнай прасторы быў толькі адзін праект новай Канстытуцыі, прапанаваны Грамадзкай канстытуцыйнай камісіяй, падтрыманы і НАК Латушкі, і Каардынацыйнай Радай, і Ціханоўскай.
- Гэты праект — рэальная альтэрнатыва.
- Тое, што прапануецца камісіяй на чале зь Міклашэвічам — гэта не альтэрнатыва існай сытуацыі і гэта ня шлях да пераменаў.
- Што тычыцца афіцыйнага праекту, то варта пачакаць, пакуль на ім зьявіцца рэзалюцыя Лукашэнкі.
- Заўчасна падтрымліваць праект, абнародаваны нейкім Васкрасенскім.
- Я не пагаджаюся зь ніводным з трох варыянтаў, агучаных Валерам.
- Нам трэба праводзіць новы этап абмеркаваньня альтэрнатыўнага праекту Канстытуцыі новай Беларусі.
- Заклік аб’ядноўваць людзей вакол прапановаў Міклашэвіча-Васкрасенскага абсалютна няправільны і з палітычнага, і з маральнага пунктаў гледжаньня.
- Рэалізацыя прапановы Валера вядзе да легітымацыі сыстэмы, якую Лукашэнка ствараў 27 гадоў.
- Калі мы абʼяднаемся з уладай, то такое галасаваньне і фальсыфікаваць ня трэба будзе.
- І што нам з гэтым далей рабіць?
- З умоваў, агучаных Валерам, дзьве — па-за кантролем грамадзтва.
- Хто можа даць гарантыі, што будуць праведзеныя сумленныя і свабодныя датэрміновыя выбары?
- Тады мы легітымізуем уладу Лукашэнкі яшчэ на 14 гадоў.
Карбалевіч
- Ці ёсьць альтэрнатыва?
- Тое, што Канстытуцыя, распрацаваная пад кіраўніцтвам Анатоля, цудоўная, што яе трэба прасоўваць — я абсалютна за.
- Я таксама лічу, што яна лепшая за тую, якую рыхтуе камісія Міклашэвіча.
- Праблема ў тым, што высунуць альтэрнатыўны праект на рэфэрэндум няма ніякіх магчымасьцяў.
- Я зыходжу з рэальнасьці, Анатоль — зь нейкіх фантастычных умоваў.
- Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары наўрад ці будуць дэмакратычнымі. Але гэта пачатак працэсу пераменаў.
- Гэта ня столькі легітымізацыя існага рэжыму, колькі легітымізацыя паступовага працэсу пераменаў.
- Хто б ні быў абраны, а гэта, хутчэй за ўсё, будзе стаўленік Лукашэнкі, ён будзе вымушаны дзеля сваёй легітымізацыі ісьці па шляху дэлукашэнізацыі.
- Гэта пэрсаналісцкі рэжым, і таму, калі на вышэйшую пасаду паставіць іншага чалавека, рэжым непазьбежна будзе трансфармавацца.
Лябедзька
- У вас, Валер, кульгавая лёгіка. Давайце будзем рэалістамі. Калі зрабіць, як вы прапануеце, упершыню за 27 гадоў «ябацькі» і прыхільнікі пераменаў прагаласуюць за прапанову Лукашэнкі.
- І Лукашэнка скажа, што ўвесь народ даў яму права яшчэ двойчы балятавацца ў прэзыдэнты.
- Цяпер на нашым баку — пераважная большасьць сусьветнай супольнасьці, цяпер на Лукашэнку ідзе ціск з боку эўраатлянтычнай супольнасьці, ня ўсё ясна з пазыцыяй Крамля.
- Дык можа рэалістычны сцэнар — гэта настойваць, каб на рэфэрэндуме быў прапанаваны выбар паміж варыянтам Канстытуцыі Лукашэнкі-Міклашэвіча і варыянтам прыхільнікаў пераменаў?
- Гэта праект, які мяняе сыстэму, які дае гарантыі, што будуць свабодныя сумленныя выбары.
- Трэба, каб грамадзяне ў вялікай колькасьці, сотнямі тысячаў, зьвярталіся ў інстанцыі былой легітымнай улады, каб у іх была альтэрнатыва, каб у іх быў выбар.
- Час да рэфэрэндуму трэба патраціць на тое, каб людзі ўзялі ўдзел у напісаньні Канстытуцыі новай Беларусі, каб гэта была іх Канстытуцыя, каб яны рабілі ціск на ўладу.
- Мы павінны задзейнічаць міжнародныя мэханізмы ціску на ўладу з Захаду і, магчыма, з Усходу.
Карбалевіч
- Я цалкам падтрымліваю ідэю вылучэньня на рэфэрэндум двух праектаў Канстытуцыі.
- Я таксама за ўдзел народу ў канстытуцыйным праекце, але сёньняшняя рэальнасьць такая, якая ёсьць.
- Калі Лукашэнка зьбіраецца кіраваць да 2025 году, навошта яму канстытуцыйная рэформа, навошта яму рэфэрэндум?
- Прапануецца праект, у якім паўнамоцтвы прэзыдэнта ўрэзаныя ў параўнаньні зь дзейнай Канстытуцыяй.
- Калі б ён зьбіраўся заставацца, то ўся гэтая гульня ў канстытуцыйную рэформу была б абсалютна непатрэбная.
Лябедзька
- Я ўяўляю сабе, як Васкрасенскі будзе спасылацца на Карбалевіча — як на чалавека зь іншага боку, які праяўляе мудрасьць.
- Хаўрус Карбалевіча і Васкрасенскага, хай і сытуатыўны, выглядае для мяне нязвыкла.
- Спадзявацца, што Лукашэнка выканае сваё абяцаньне сысьці, не выпадае. Калі ён выконваў свае абяцаньні?
- Лукашэнку рэфэрэндум непатрэбны. Але ёсьць расейскі фактар.
- Чым далей Пуцін падтрымлівае Лукашэнку, тым больш Крэмль забірае на сябе таксычнасьць Лукашэнкі.
- Разьлік Расеі — на тое, каб Лукашэнка сышоў, а яна паставіла на Беларусь свайго чалавека.
Што было раней
- Канстытуцыйная камісія, прызначаная Лукашэнкам, падвяла вынікі працы. Апошняе яе паседжаньне адбылося 21 ліпеня ў Менску.
- Старшыня камісіі, кіраўнік Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч агучыў некалькі з прапаноў на ўнясеньне ў новую Канстытуцыю:
- прэзыдэнт ня можа выбірацца больш як на 2 тэрміны;
- узроставы цэнз для пасады прэзыдэнта — 40 гадоў;
- цэнз аселасьці — пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі;
- Юры Васкрасенскі апублікаваў праект Канстытуцыі, які, паводле яго, быў распрацаваны афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіяй. Праект прадугледжвае пэўнае скарачэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і не зьмяшчае апісаньня пасадаў кіраўніка Рады бясьпекі і Ўсебеларускага народнага сходу.
- Каардынацыйная рада заявіла пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя». Заснавальнікі кампаніі — супольнасьць «Честные люди» пры ўдзеле Кабінэту прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі. Яны запусьцілі плятформу «Честный выбор».
- Праект «Народная Канстытуцыя» прадугледжвае выкананьне наступных прынцыпаў:
- Рэальны падзел уладаў, вызначэньне сыстэмы стрыманьняў і супрацьвагаў.
- Рэформа судовай сыстэмы, бо без справядлівага суду немагчыма рухацца далей. Судовы сход зь ліку прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, адвакацкай супольнасьці, былых судзьдзяў будзе прызначаць судзьдзяў, а тыя спаміж калегаў будуць выбіраць сваіх кіраўнікоў.
- Склад судзьдзяў Канстытуцыйнага суду будзе фармаваць парлямэнт на прапанову Вярхоўнага суду, ураду і прэзыдэнта.
- Прэзыдэнт страчвае вялікую колькасьць бязьмежных паўнамоцтваў. Застаецца прадстаўніком краіны ў міжнародным полі, кіраўніком войска падчас ваеннага становішча.