Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйная камісія падрыхтавала зьмены, паводле якіх Лукашэнка ня быў бы прэзыдэнтам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Канстытуцыйная камісія, прызначаная Лукашэнкам, падвяла вынікі працы. Апошняе яе паседжаньне адбылося 21 ліпеня ў Менску.

Канстытуцыйная камісія разам з дэлегатамі Палаты прадстаўнікоў правяла паседжаньне, на якім падвяла першыя вынікі сваёй працы, што пачалася 14 красавіка, піша прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.

Старшыня камісіі, кіраўнік Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч агучыў некалькі з прапаноў на ўнясеньне ў новую Канстытуцыю:

  • прэзыдэнт ня можа выбірацца на больш як 2 тэрміны;
  • узроставы цэнз для пасады прэзыдэнта — 40 гадоў;
  • цэнз аселасьці — пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі;
  • цэнз грамадзянства — ня мець грамадзянства замежнай дзяржавы.

У 1994 годзе, калі Лукашэнка перамог на выбарах прэзыдэнта, яму самому не было 40 гадоў. Ён кіруе дзяржавай ужо 27 гадоў, хаця большасьць вынікаў выбараў падчас яго кіраваньня не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Камісія зьбіралася двойчы на месяц, абмяркоўвала зьмены ўзроставых цэнзаў на выбарах, зьмены ў выбарчую сыстэму, замацаваньне статусу «ўсебеларускага народнага сходу», канстытуцыйныя асновы дзяржавы, судовую сыстэму, паўнамоцтвы прэзыдэнта, ураду, парлямэнту, Канстытуцыйнага суду.

У праекце зьмяненьняў у Канстытуцыю, апублікаваным у інтэрнэце, захоўваецца моцная прэзыдэнцкая ўлада, прэзыдэнт па-ранейшаму будзе прызначаць асноўных службовых асоб, але яму давядзецца папярэдне атрымліваць згоду верхняй або ніжняй палаты Нацыянальнага сходу. УНС будзе вырашаць пытаньні аб легітымнасьці выбараў і імпічмэнце прэзыдэнта. У Канстытуцыю ўводзіцца абмежаваньне ў выглядзе двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Таксама, як паказана ў праекце, замацоўваецца статус шлюбу як саюзу мужчыны і жанчыны, а бацькі павінны выхоўваць дзяцей у павазе да законаў і разьвіваць у іх гатоўнасьць да грамадзкай працы.

Афіцыйныя СМІ паведамілі, што праект абноўленай Канстытуцыі камісія мусіць перадаць Аляксандру Лукашэнку да 1 жніўня. Як сказаў Міклашэвіч, плянуецца яшчэ адно пасяджэньне ў жніўні, ужо з удзелам Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG