Таксама праваабарончыя арганізацыі ў супольнай заяве прызналі палітвязьнямі затрыманую 29 чэрвеня экспэртку ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня Тацьцяну Кузіну і затрыманую 30 чэрвеня рэдактарку рэсурсу «Наше мнение», палітоляга Валерыю Касцюгову.
16 ліпеня пасьля ператрусаў былі затрыманыя журналісты Алег Груздзіловіч, Інэса Студзінская і Алесь Дашчынскі, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода і летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі, а таксама журналісты тэлеканалу Белсат Ганна Галёта і Ігар Ільяш.
Раней 20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі затрыманыя да 10 дзён. Інфармацыі пра Іну Студзінскую няма. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюцца журналісты.
Справу вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску. Адвакатаў па-ранейшаму ніхто нікуды не выклікаў і нічога не паведамляў, хоць яны даслалі паведамленьні пра абарону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не спыняцца і не апускаць рук!», — зьняволены журналіст Ігар Ільяш праз адваката зьвярнуўся да калегКіраўнік Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай зрабіў заяву з нагоды затрыманьня журналістаў:
«Арышт Алеся Дашчынскага з РСЭ / РС — як і арышты яго калегаў Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і многіх іншых незалежных беларускіх журналістаў — зьяўляецца апошнім яркім сьведчаньнем адчаю Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя бесьперапынныя напады на журналістаў, якія служаць народу Беларусі, не схаваюць праўды аб тым, што адбываецца ў краіне. Алесь і яго калегі павінны быць неадкладна вызваленыя».
Агулам па стане на 20 ліпеня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязьнямі 577 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузьдзіловіч, Дашчынскі, Студзінская — вэтэраны Радыё Свабода на Акрэсьціна