Аляксея Раманава ў канцы траўня перавялі з Глыбокага ў Менск — у Рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там яго абсьледавалі, правялі шэраг кансультацый і лячылі. Была гаворка пра апэрацыю, але невядома, правялі яе ці не. У сваім лісьце ад 8 ліпеня Раманаў напісаў, што «актыўная фаза лячэньня скончаная» і яго этапуюць назад у Глыбокае. Этап можа заняць да двух тыдняў, таму што вязьняў зь Менску вязуць у Віцебск, у СІЗА. Там яны чакаюць этапу на Глыбокае.
У лісьце вязень піша, што пры абсьледаваньні ў яго выявілі запаленьне ў падстраўнікавай залозе («Вось адкуль у мяне моцны боль»), кісту ў кішэчніку і дабраякасную пухліну там жа. «Яшчэ з жоўцевым праблемы, яго трэба выдаляць. Але лекар сказаў, што гэта лепш рабіць на волі, усе апэрацыі. Трымаюся, трымаюся. Дай Бог, вярнуся», — зазначыў у лісьце Аляксей.
Ён улетку 2020 году быў валянтэрам каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Удзельнічаў у агітацыйных пікетах. На адным з мерапрыемстваў выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку. Сьледзтва, а пазьней і суд палічылі ягоныя выказваньні «абразай прэзыдэнта». Суд у Хойніках (менавіта там праходзіў пікет. — РС) пакараў Раманава годам калёніі. Тэрмін ён адбывае ў ВК-13 у Глыбокім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Раманаў, які ў калёніі зноў захварэў на рак, чакае апэрацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся ад болю, хутчэй бы памерці». Як адбываюць пакараньне палітвязьні з сур’ёзнымі захворваньнямі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля з анкалёгіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі