Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Раманаў, які ў калёніі зноў захварэў на рак, чакае апэрацыі


Аляксей Раманаў, архіўнае фота.
Аляксей Раманаў, архіўнае фота.

50-гадовы жыхар Гомля Аляксей Раманаў трапіў у калёнію за «абразу прэзыдэнта». Ён мае інваліднасьць другой групы праз анкалягічнае захворваньне. У глыбоцкай калёніі ў яго зьявілася новая пухліна.

Цяпер Аляксей у рэспубліканскім турэмным шпіталі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ён даслаў ліст сваёй прыяцельцы.

«Ужо месяц, як я знаходжуся ў турэмным шпіталі. У прынцыпе, усё някепска. Ведаю і разумею, каму ў першую чаргу абавязаны тым, што мяне накіравалі сюды. Начмэд у Глыбокім, калі выклікала мяне на прыём, пыталася, хто так настойліва за мяне хадайнічае, што патэлефанавалі ёй з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і рэкамэндавалі наступным этапам накіраваць у Менск. Дзякуй вам, мае дарагія, і нізкі вам паклон. Беражы вас Бог», — напісаў палітвязень.

Раманаў двойчы ўжо быў у РНПЦ анкалёгіі ў Бараўлянах. Там яго аглядалі, кансультавалі, рабілі дасьледаваньні.

«Тут вельмі добрае стаўленьне, цудоўныя лекары. Калі б ня пэўныя абставіны, то і ня скажаш, што знаходзісься ў няволі», — напісаў Аляксей.

Цяпер ён чакае апэрацыі і піша, са слоў лекараў, што яна будзе нескладанай.

Летам 2020 году Раманаў быў валянтэрам каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Ён езьдзіў на агітацыйныя пікеты па райцэнтрах Гомельскай вобласьці. Пасьля на яго завялі крымінальную справу нібыта за абразу прэзыдэнта ў Хойніках. На судзе Аляксей казаў, што не абражаў прэзыдэнта, бо ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам. Суд 18 сьнежня 2020 году пакараў яго зьняволеньнем на адзін год у калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG