Экспэрты не выключаюць чарговага падвышэньня стаўкі рэфінансаваньня — да 10% і больш

Экспэрты прагназуюць далейшы рост цэнаў

Эўразійскі банк разьвіцьця дапускае, што стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі неўзабаве можа быць падвышаная да 10% ці нават вышэй.

Так экспэрты адрэагавалі на рашэньне Нацыянальнага банку Беларусі падняць стаўку да 9,25% гадавых.

Эўразійскі банк разьвіцьця нагадвае, што стаўка рэфінансаваньня расьце на фоне паскарэньня інфляцыйных працэсаў. Паводле беларускіх уладаў, па выніках году інфляцыя складзе 9%, хоць першапачаткова гаварылася ня болей чым пра 5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У краіне высокая няпэўнасьць». Кіраўнік Нацбанку Беларусі патлумачыў павышэньне стаўкі рэфінансаваньня

«Падвышэньне стаўкі разам з павелічэньнем разьліковых велічынь стандартнай рызыкі будзе стрымліваць спажывецкую і інвэстыцыйную актыўнасьць», — гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін апэрацый ЭАБР.

Пры гэтым у банку дапускаюць, што паказьнік стаўкі рэфінансаваньня можа вырасьці яшчэ мацней.

«Мы дапускаем далейшае падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня сёлета, аж да 10% (і нават вышэй пры пэўных умовах), калі рэалізуюцца інфляцыйныя рызыкі і гадавая інфляцыя замацуецца блізу 10%», — адзначаюць у ЭАБР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ўдвая зьнізіў прагноз росту беларускай эканомікі

Зрэшты, у гады максымальнага разгону інфляцыі ў Беларусі стаўка рэфінансаваньня была нашмат большай — перавышала 20% і нейкі час даходзіла нават да 25%.